Пасажыраў рэйса United Airlines, які ляцеў з Х’юстана (Тэхас) у Нью-Ёрк, экстранна эвакуявалі пасля таго, як на крыле паветранага судна адбылося ўзгаранне падчас узлёту, са спасылкай на Fox 26 Houston паведамляе RTVI.
Паводле звестак Федэральнага ўпраўлення грамадзянскай авіяцыі ЗША (FAA), экіпаж самалёта перапыніў узлёт праз праблемы з рухавіком. Ніхто са 104 пасажыраў і пяці чальцоў экіпажа не пацярпеў. Усе яны былі эвакуяваныя.
Інцыдэнт адбыўся каля 8.30 раніцы ў нядзелю. Рэйс 1382, які выконваўся на Airbus A320, рыхтаваўся да ўзлёту, калі пасажыры заўважылі полымя, што вырывалася з аднаго з крылаў самалёта. На відэа, знятым кімсьці з пасажыраў, захаваны момант панікі на борце.
На запісе чуваць, як адзін з пасажыраў крычыць: «Не, ён гарыць!», нягледзячы на спробы бортправадніка супакоіць людзей і заклікаць іх заставацца на месцах.
A United Airlines flight from Houston to New York had to be evacuated after it caught fire during takeoff, according to the FAA.
The FAA says that the crew of United Airlines Flight 1382 had to stop their takeoff from George Bush Intercontinental/Houston Airport due to a… pic.twitter.com/w0uJuvBdan
— Breaking Aviation News & Videos (@aviationbrk) February 2, 2025
Паводле звестак FAA, экіпаж аператыўна перапыніў узлёт, і пасажыры былі эвакуяваныя праз аварыйныя трапы і лесвіцы. На апублікаваных кадрах відаць, як людзі стаяць на ўзлётнай паласе, чакаючы транспартавання ў тэрмінал.
Аўтобусы даставілі пасажыраў назад у будынак аэрапорта. Прадстаўнікі аэрапорта пацвердзілі, што для палёту ў Нью-Ёрк дадуць іншы самалёт, вылет якога запланавалі на 12.30 дня.
Як заявілі прадстаўнікі пажарнай службы Х’юстана і аэрапорта, адкрытага полымя на момант іх прыбыцця не было. FAA вывучае абставіны здарэння. Пакуль дакладная прычына ўзгарання не названая, але асноўнай версіяй застаецца тэхнічная няспраўнасць рухавіка.