Магілёвец вырашыў сам падоўжыць тэрмін дзеяння сваёй медыцынскай даведкі для ДАІ і зарабіў крымінальную справу, паведамілі ў прэс-службе Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.
У жніўні 56-гадовы жыхар Магілёва звярнуўся ў ДАІ для замены пасведчання кіроўцы. Ён падаў медыцынскую даведку, сапраўднасць якой выклікала сумневы ў супрацоўнікаў. Дакумент аддалі на даследаванне ў Дзяржкамітэт судовых экспертыз.
Эксперты высветлілі, што першапачатковы змест запісу ў графе «Дата выдачы даведкі» падвяргаўся тэхнічнаму змяненню праз дамалёўванне да верхняй часткі лічбы 4 дугавой рыскі, у выніку чаго ўтварылася лічба 9. Такім чынам, год выдачы даведкі чытаўся не як 2014-ы (які быў у даведцы першапачаткова), а ўжо як 2019-ы.
Магілёвец прызнаўся супрацоўнікам міліцыі, што прайшоў медыцынскую камісію для кіроўцаў у кастрычніку 2014 года і атрымаў меддаведку на пяць гадоў. Праз дзесяць гадоў, калі прыйшоў час замяніць правы, праз недахоп часу ён вырашыў камісію не праходзіць, а проста выправіць дату выдачы ў папярэдняй даведцы.
У дачыненні да мужчыны распачалі крымінальную справу па факце выкарыстання загадзя падробленага дакумента. Суд аштрафаваў яго на 50 базавых велічынь (2000 рублёў).