Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У сям'і ўладальніка цаглянага завода Давыда Мардухавіча Бермана было трое сыноў. Толькі адзін з іх — малодшы, на імя Юрый — прайшоўшы дзесяць гадоў лагераў, памёр сваёй смерцю ў 2001 годзе, нашмат перажыўшы Сталіна. Старэйшыя браты Юрыя Бермана — Мацвей і Барыс — былі расстраляныя ў 1939 годзе. Мацвей быў адным са стваральнікаў ГУЛАГа, Барыс — наркамам унутраных справаў БССР. З ініцыятывы Барыса Бермана ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года былі расстраляныя 132 беларускія інтэлектуалы. Расказваем гісторыю гэтага чалавека.

Гэты тэкст — трэці ў нашым праекце «Апрычнікі». У ім мы расказваем пра малавядомых антыгерояў савецкай эпохі, якія мелі непасрэднае дачыненне да рэпрэсій, але не надта вядомыя шырокай публіцы.

Сям’я камуністаў з буржуазнымі каранямі

Сям’я Берманаў жыла ў забайкальскім горадзе Чыта. Бацька сямейства быў прадпрымальнікам (валодаў цагляным заводам), сыны Мацвей і Барыс з дзяцінства падзараблялі памочнікамі ў крамах. Дабрабыт сям'і рассыпаўся, калі ў 1913 годзе бізнес бацькі збанкрутаваў. Давыд Берман стаў простым службоўцам, а яго старэйшыя сыны неўзабаве пасля рэвалюцыі — камуністамі.

Ні Мацвей, ні Барыс Берманы да рэвалюцыі не адчувалі асаблівай сімпатыі да камуністычнай партыі. Аднак час дыктаваў свае ўмовы. У 1918 годзе юны чырвонаармеец Барыс Берман удзельнічаў у ператрусах і канфіскацыі маёмасці ў буржуазіі. Нагадаем, што за некалькі гадоў да гэтага і яго ўласнага бацьку, шчаслівага ўладальніка цаглянага завода, можна было лічыць буржуем. Тым часам Мацвей стаў старшынёй павятовага НК (аддзел УНК — Усерасійскай надзвычайнай камісіі па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам, орган — папярэднік АДПУ і НКУС) у горадзе Глазаў Вяцкай губерні. Ён атрымліваў асалоду ад неабмежаванай улады ў павятовым мястэчку. Дайшло да таго, што юнага чэкіста выключылі з партыі за нечуванае п’янства. Праўда, неўзабаве аднавілі, і Мацвей працягнуў падымацца па кар’ернай лесвіцы.

Матвей Берман в начале карьеры в ЧК. Фото: официальный фотограф ЧК, russiamilitaria.ru, commons.wikimedia.org
Мацвей Берман у пачатку кар'еры ў НК. Фота: афіцыйны фатограф НК, russiamilitaria.ru, commons.wikimedia.org

У Барыса ж усё складвалася не так удала. У жніўні 1918 года ў Чыту прыйшлі белыя, і чырвонаармеец Берман з падробленым пашпартам схаваўся ў Маньчжурыі, дзе працаваў па найме. Пэўны час ён нават служыў белым. Як так выйшла? Рэч у тым, што кітайскі горад Харбін — асноўны вузлавы горад Кітайска-Усходняй чыгункі — быў фактычна расійскай калоніяй. Пасля рэвалюцыі ў ім асела больш чым сто тысяч белагвардзейцаў і рускіх інтэлігентаў. Чыгунка кантралявалася белымі, і ў 1919 годзе яны мабілізавалі бежанца Бермана для аховы шляхоў. Зрэшты, служба на карысць белай арміі ніяк не нашкодзіла будучай бальшавіцкай кар’еры Барыса Бермана.

Пасля заканчэння Грамадзянскай вайны Берман вярнуўся ў Савецкую Расію. Брат Мацвей тады ўжо займаў пасаду старшыні Іркуцкага губернскага НК. Пад яго пратэкцыяй Барыс таксама пачаў кар’еру ва УНК. У 1924 годзе дваццацітрохгадовы Барыс Берман пераехаў у Маскву і заняў пасаду ўпаўнаважанага першага аддзялення Эканамічнага ўпраўлення АДПУ. Далей яго кар’ера развівалася імкліва і без асаблівых праблем. Змяняючы адну кіраўнічую пасаду за адной, Берман толькі аднойчы быў ненадоўга выключаны з партыі. І, у адрозненне ад брата, не за п’янства, а за «буржуазнае паходжанне». Праз два тыдні пасля выключэння яго аднавілі ў ВКП (б).

У 1930 годзе Барыс Берман заняў чарговую кіраўнічую пасаду. Гэтым разам — у паўнамоцным прадстаўніцтве АДПУ ў Цэнтральнай Азіі. Савецкая ўлада ў рэгіёне ў тыя часы змагалася з басмачамі — мясцовым нацыянальна-вызваленчым рухам.

Борис Берман. Фото: журнал «Огонёк», № 2, 1938, commons.wikimedia.org
Барыс Берман. Фота: часопіс «Огонёк», № 2, 1938, commons.wikimedia.org

Пасля вялікіх поспехаў на ніве здушэння антысавецкага паўстання ў Азіі Берман стаў супрацоўнікам замежнага аддзела сакрэтна-аператыўнага ўпраўлення (САУ) АДПУ і неўзабаве выправіўся ў замежную камандзіроўку — у Берлін. Афіцыйна ён працаваў у паўнамоцным прадстаўніцтве (так у тыя часы называліся пасольствы Савецкага Саюза), на самай жа справе займаўся шпіянажам і стварыў шырокую агентурную сетку.

Арганізатар расстрэлаў беларускай інтэлігенцыі

Пакуль Барыс Берман быў рэзідэнтам спачатку ў Берліне, а потым у Рыме, яго старэйшы брат Мацвей ствараў сістэму ГУЛАГ, а малодшы Юрый вучыўся ў педагагічным тэхнікуме, а потым таксама паступіў на службу ў АДПУ-НКУС.

Пасля вяртання з доўгай замежнай камандзіроўкі ў Савецкі Саюз Берман стаў адным з арганізатараў фабрыкацыі знакамітай «справы трацкісцка-зіноўеўскага цэнтра». Асноўнымі абвінавачанымі па ёй былі рэвалюцыянеры Рыгор Зіноўеў і Леў Каменеў, якія трапілі ў няласку да Сталіна за некалькі гадоў да гэтага.

Атрымаўшы вопыт фабрыкацыі справаў, па якіх абвінавачаных асуджалі на расстрэл, Барыс Берман заняў пасаду наркама ўнутраных справаў БССР — гэта адбылося ў сакавіку 1937 года. З самага пачатку службы на новай пасадзе Берман пачаў шырокія рэпрэсіі супраць беларускіх дзяржаўных дзеячаў. Так, проста падчас допыту ў НКУС скончыў жыццё самагубствам старшыня Саўнаркама БССР (то-бок прэм’ер-міністр рэспублікі) Мікалай Галадзед: ён выкінуўся з акна пятага паверха. Былі знішчаныя і многія іншыя прадстаўнікі савецкага ўрада Беларусі.

Группа депутатов Верховного Совета СССР от Беларуси, 17 января 1938 года. Слева — и.о. первого секретаря ЦК КП(б)Б Алексей Волков, в центре — глава НКВД БССР Борис Берман. Фото: gazetaby.com
Група дэпутатаў Вярхоўнага Савета СССР ад Беларусі, 17 студзеня 1938 года. Злева — в.а. першага сакратара ЦК КПБ Аляксей Волкаў, у цэнтры — кіраўнік НКУС БССР Бврыс Берман. Фота: gazetaby.com

Аднак небывалага маштабу рэпрэсіі ў БССР дасягнулі пасля «аперацыі НКУС СССР па рэпрэсаванні „антысавецкіх элементаў“», якая пачалася ў канцы ліпеня 1937 года па загадзе наркама ўнутраных справаў СССР Мікалая Яжова. Гэтая нялёгкая задача ўскладалася на тройкі — органы НКУС, якія выносілі прысуд без звыклага нам суда. Як відаць з назвы, складаліся гэтыя камісіі з трох чалавек: начальніка мясцовага НКУС, сакратара партыі і пракурора. Тройку БССР узначаліў асабіста Барыс Берман, ён падпісваў і расстрэльныя спісы.

Для прысуду тройкі дастаткова было толькі прызнальных паказанняў самога абвінавачанага. Каб іх дамагчыся, Берман дазволіў падначаленым выкарыстоўваць самыя рафінаваныя катаванні.

У дакументальным фільме «Дарога на Курапаты» ёсць фрагмент інтэрв'ю з мужчынам, які служыў у НКУС падчас працы там Бермана. Ён расказаў, як канвойныя на загад следчых саджалі арыштаваных у карцар або пазбаўлялі сну, каб давесці чалавека да псіхалагічна невыноснага стану. Гэты ж супрацоўнік НКУС сцвярджаў, што сам ніколі не прыводзіў прысуды ў выкананне, але калі б загадалі — пайшоў бы расстрэльваць, бо і сам баяўся за сваё жыццё. Самі супрацоўнікі камісарыята адчувалі пагрозу таго, што могуць стаць наступнымі, каго асудзяць на «найвышэйшую меру». Небяспеку адчувалі на сабе не толькі шараговыя супрацоўнікі, але і эліта — следчыя.

За мяжой з Берманам пэўны час працаваў савецкі разведчык Дзмітрый Быстралётаў. У сваіх мемуарах «Пир бессмертных» ён цытаваў наступнага пасля Бермана кіраўніка НКУС БССР Аляксея Наседкіна (таксама рэпрэсаванага). Той успамінаў пра Барыса Бермана так: «У суботы Берман ладзіў вытворчыя нарады. Выклікалі на сцэну паводле падрыхтаванага спісу шэсць чалавек з ліку следчых — тры найлепшыя і тры найгоршыя. Берман пачынаў так: „Вось адзін з найлепшых нашых работнікаў, Іваноў Іван Мікалаевіч. За тыдзень таварыш Іваноў скончыў сто справаў, з іх сорак — на найвышэйшую меру, а шэсцьдзесят — на агульны тэрмін у тысячу гадоў. Віншую, таварыш Іваноў. Дзякуй! Сталін пра вас ведае і памятае. Вы прадстаўляецеся да ўзнагароды ордэнам, а цяпер атрымаеце грашовую прэмію ў суме пяці тысяч рублёў! Вось грошы. Сядайце!“. Раптам у мёртвым маўчанні Берман гучна называў прозвішча… „Вось Міхайлаў Аляксандр Сцяпанавіч. Глядзіце на яго, таварышы! За тыдзень ён скончыў тры справы. Ніводнага расстрэлу, прапануюцца тэрміны ў пяць і сем гадоў“. Мёртвая цішыня. Берман павольна падыходзіць да няшчаснага. „Вахта! Забраць яго!“. Следчага выводзяць … „Высветлена, што гэты чалавек завербаваны нашымі ворагамі, якія паставілі сабе мэту сарваць працу органаў, сарваць выкананне заданняў таварыша Сталіна“».

Фото: TUT.BY
Цэнтральны будынак КДБ у Мінску. Пабудаваны ўжо пасля Другой сусветнай вайны. Фота: TUT.BY

Яшчэ адна характарыстыка, якую Берману даў Наседкін: «У Мінску гэта быў сапраўдны д’ябал, які вырваўся з апраметнай». Кіраўнік беларускага НКУС так разышоўся з рэпрэсіямі, што ледзь не арыштаваў намесніка камандуючага Беларускай асаблівай ваеннай акругай — будучага «маршала Перамогі» Георгія Жукава.

Адным з напрамкаў кампаніі рэпрэсій у БССР былі рэпрэсіі супраць палякаў. Пасля заканчэння савецка-польскай вайны ў 1921 годзе на тэрыторыі СССР іх засталося жыць больш за мільён. Вайна скончылася, але напружанне паміж краінамі заставалася, а ўсе прадстаўнікі польскай нацыянальнасці разглядаліся ў Савецкім Саюзе як патэнцыйныя здраднікі.

Як няцяжка здагадацца, вялікая колькасць палякаў жыла менавіта ў БССР. Аляксандр Гепштэйн, начальнік 3 аддзела НКУС, у сваіх паказаннях (калі судзілі ўжо яго) гаварыў пра часы працы з Берманам так: «…лінія на арышт у першую чаргу палякаў прывяла ўрэшце да таго, што на месцах пры складанні даведак на арышт часта на падставе толькі таго, што ў чалавека польскае прозвішча або імя ў высветленых звестках, за спінай пісалі „паляк“, ведаючы, што пры гэтым Мінск абавязкова дасць санкцыю на арышт. У выніку з узятых асобаў па польскай лініі чыстых палякаў было не больш за 35−40%, а астатнія былі беларусы, рускія, габрэі, украінцы».

Ужо згаданы Наседкін, які заняў пасаду кіраўніка НКУС БССР пасля Бермана, у сваіх паказаннях у 1937−1938 гадах сцвярджаў, што агулам тады арыштавалі каля 60 тысяч грамадзян. Тады ў памежных з Польшчай вёсках арыштоўвалі проста ўсё мужчынскае насельніцтва. У хатах заставаліся толькі жанчыны і дзеці.

Самая страшная падзея ў гісторыі Вялікага тэрору ў БССР адбылася ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года — «ноч расстраляных паэтаў». Тады былі забітыя дзясяткі дзеячаў культуры Беларусі.

Паэт Міхась Чарот, таксама расстраляны ў тую ноч, перад смерцю напісаў свой апошні верш проста на сцяне адзіночнай камеры:


Я не чакаў

І не гадаў,

Бо жыў з адкрытаю душою,

Што стрэне лютая бяда,

Падружыць з допытам,

З турмою.

Прадажных здрайцаў ліхвяры

Мяне заціснулі за краты.

Я прысягаю вам, сябры,

Мае палі,

Мае бары, —

Кажу вам — я не вінаваты!


Паказальна і тое, як да нас дайшлі гэтыя радкі. У 1938 годзе быў арыштаваны паэт Мікола Хведаровіч. Ён апынуўся ў той самай адзіночнай камеры, дзе за некалькі месяцаў да гэтага сядзеў Міхась Чарот. Хведаровіч убачыў гэтыя радкі на сцяне, выдрапаныя чымсьці вострым, і пранёс у памяці праз усе гады лагераў і высылкі.

Михась Чарот. Фото: Белорусский государственный архив-музей литературы и искусства
Міхась Чарот. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва

Выступіў супраць рэпрэсій — і сам стаў ахвярай

Пасля шэрагу масавых расстрэлаў у БССР Барыс Берман на нарадзе кіраўнічага складу НКУС у Маскве 24 студзеня 1938 года сказаў нечаканую рэч. Ён тады заявіў: «Я б лічыў, што калі і захоўваць тройкі, то на вельмі непрацяглы перыяд часу, максімум на месяц… Па-першае, сам па сабе фронт аперацый стаў больш значна вузейшы, чым быў у самы разгар аперацыі ў 1937 годзе. Па-другое, трэба большую частку нашага апарата неадкладна пераключыць на агентурную працу. Праца з тройкамі — лёгкая, нескладаная праца, яна прывучае людзей хутка і рашуча распраўляцца з ворагамі, але жыць доўга з тройкамі — небяспечна. Чаму? Таму, што ў гэтых умовах… людзі разлічваюць на мінімальныя доказы і адцягваюцца ад асноўнага — ад агентурнай працы».

Здаецца, сам кіраўнік троек у БССР пачынаў усведамляць небяспеку такога спосабу расправы з ворагамі — і нездарма. У траўні 1938 года Бермана адклікалі ў Маскву, а ў верасні арыштавалі і абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Германіі.

Паказанні Бермана чытаў асабіста Іосіф Сталін. Не проста чытаў, але і рабіў на палях пазнакі.

Иосиф Сталин. Фото: German Federal Archive
Іосіф Сталін. Фота: German Federal Archive

Берман сцвярджаў, што нейкі афіцэр сувязі з Германіі расказаў яму пра таемны сход заходніх разведак. На гэтай сустрэчы, па словах Бермана, «у Германіі ў зацішным мястэчку, дзесьці ў раёне Гарца адбывалася вельмі сакрэтная нарада прадстаўнікоў некалькіх замежных разведак — толькі па пытанні барацьбы з СССР». Паводле сцверджанняў падследнага, разведчыкі з Польшчы, Германіі, Англіі, Японіі, Італіі і Францыі сабраліся разам, каб абмеркаваць планы па дэстабілізацыі сітуацыі ў Савецкім Саюзе.

Складана паверыць у тое, што прадстаўнікі гэтых краін маглі збірацца ў перадваеннай Германіі, каб абмеркаваць планы па знішчэнні СССР. Аднак Сталін у магчымасць такога сходу не проста паверыў, але і, чытаючы паказанні Бермана, зрабіў пазнаку на палях: «Хлусіш. Ты сам прысутнічаў на нарадзе». Чаму Сталіну, які паверыў у саму сутнасць паказанняў Бермана, здалося неверагодным, што ўсю гэтую інфармацыю ён мог атрымаць ад афіцэра з Германіі, а абавязкова прысутнічаў на сустрэчы асабіста — незразумела.

Затое зразумела было, што ні сам «нямецкі шпіён» Берман, ні яго высокапастаўлены брат не павінныя жыць. Мацвей Берман у той час ужо быў народным камісарам сувязі СССР (то-бок міністрам сувязі). Гэта было злавеснае прадвесце — усе папярэднія наркамы сувязі да моманту прызначэння Бермана ўжо былі расстраляныя альбо знаходзіліся пад следствам. Праз тры месяцы пасля арышту Барыса Мацвея таксама арыштавалі. Стваральніка сістэмы ГУЛАГ таксама абвінавацілі ў працы на разведку Германіі, а яшчэ ў шкодніцтве і падрыхтоўцы тэракту.

Барыса Бермана расстралялі ў ноч на 23 лютага 1939 года. Пакараная была і яго жонка. Мацвей перажыў брата на два тыдні: яго расстралялі 7 сакавіка. Абодва браты леглі ў магіле незапатрабаваных прахаў № 1 крэматорыя Данскіх могілак.

Фамилия Бермана в расстрельном списке. Фото: svoboda.org
Прозвішча Бермана ў расстрэльным спісе. Фота: svoboda.org

У студзені 1939 года з НКУС звольнілі малодшага брата Берманаў — Юрыя. Здавалася, што і яго напаткае той самы лёс. У снежні 1940 года Юрыя асудзілі на расстрэл. У 1941-м замянілі расстрэл на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Тых самых лагераў, сістэму якіх так карпатліва ствараў яго брат Мацвей. Юрый Берман пражыў 81 год, памёр у 2001-м у Новасібірску.

Ваенная калегія Вярхоўнага суда СССР пасмяротна рэабілітавала Мацвея Бермана ў 1956 годзе, а для таго, каб перагледзець архіўна-следчую справу Барыса Бермана, калегія тады не знайшла падставаў. У 2014 годзе судовая калегія па справах вайскоўцаў Вярхоўнага суда РФ пастанавіла, што Барыс Берман не падлягае рэабілітацыі.