Каля 40% усіх новых выпадкаў раку сярод дарослых, старэйшых за 30 гадоў, у ЗША і амаль палова выпадкаў смерці ад яго могуць быць звязаныя з фактарамі, якія рэальна перадухіліць. Да такой высновы прыйшлі навукоўцы Амерыканскага анкалагічнага таварыства падчас новага даследавання, паведамляе CNN.
«Гэта тое, што людзі могуць змяніць у сваім штодзённым жыцці, каб знізіць рызыку захварэць на рак», — растлумачыў галоўны спецыяліст па працы з пацыентамі Амерыканскага анкалагічнага таварыства доктар Арыф Камаль.
Як паказала даследаванне, курэнне стала галоўным фактарам рызыкі. Яно было галоўнай прычынай развіцця хваробы ў кожным пятым выпадку раку, таксама курэнне вінаватае амаль у траціне ўсіх смерцяў ад раку.
Іншыя ключавыя фактары рызыкі ўключалі лішнюю вагу, ужыванне алкаголю, недахоп фізічнай актыўнасці, дыету і інфекцыі, такія як ВПЧ.
У цэлым даследчыкі прааналізавалі 18 фактараў рызыкі, якія можна перадухіліць, па 30 тыпах рака. Выявілася, што ў 2019 годзе фактары, якія датычаць ладу жыцця, былі звязаныя з больш чым 700 тысячамі новых выпадкаў раку і больш чым 262 тысячамі смерцяў.
Арыф Камаль адзначыў, што рак развіваецца праз пашкоджанне ДНК або праз тое, што ёсць спрыяльныя ўмовы для яго з’яўлення. Генетыка ці навакольнае асяроддзе таксама могуць ствараць такія ўмовы. Напрыклад, уздзеянне сонечнага святла можа пашкодзіць ДНК і прывесці да раку скуры, а тлушчавая тканка выдзяляе гармоны, якія спрыяюць росту ракавых клетак.
Пры гэтым у большасці выпадкаў хвароба развіваецца менавіта праз фактары, якія можна перадухіліць — звычкі, лад жыцця.
«З ракам часта здаецца, што ты не можаш гэта кантраляваць. Людзі думаюць, што ім не пашанцавала ці кепская генетыка, але людзям патрэбнае пачуццё кантролю і свабоды дзеянняў», — сказаў Камаль.
Ён дадаў, што новае даследаванне акурат паказала, што можна кантраляваць гэтую сітуацыю, бо некаторыя віды раку лягчэй папярэдзіць, чым іншыя.