Усе актывы і даўгі Мёрскага металапракатнага завода, чыіх уладальнікаў адправілі за краты, а кампанію нацыяналізавалі, перайшлі да новай дзяржаўнай фірмы. Яе заснаваў «Белколермет». Вось што вядома пра гэтую кампанію.
Як улады збанкрутавалі прыватны бізнес
Сёлета Аляксандр Лукашэнка вырашыў нацыяналізаваць Мёрскі металапракатны завод, уладальнікаў якога летась адправілі за краты, абвінаваціўшы ў «злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, што пацягнула нанясенне шкоды ў буйным памеры або істотнай шкоды правам і законным інтарэсам грамадзян альбо дзяржаўным ці грамадскім інтарэсам». Раман Галоўчанка пазней заяўляў, што «ўласнікамі дапушчаныя як эканамічныя пралікі, так і пэўныя элементы дзелавой нядбайнасці». Пры гэтым самі работнікі прадпрыемства настойвалі на тым, што праблемы ў прадпрыемства пачаліся ўжо пасля затрымання ўладальнікаў, калі большая частка партнёраў страціла сувязь з кіраўніцтвам завода.
Тым не менш пасля затрымання бізнесоўцаў і кіраўніцтва прыватнага завода чыноўнікі актыўна ўзяліся «ратаваць» яго, што прывяло да яго банкруцтва. 12 ліпеня распачатая справа конкурснай вытворчасці і яго падрыхтоўка да судовага разбіральніцтва «ММПЗ-груп». Не змагло спыніць гэты працэс нават патрабаванне Лукашэнкі, агучанае ў жніўні, пра тое, каб не было «ніякага банкруцтва, ніякага антыкрызіснага кіраўніка».
10 лістапада адбылося першае судовае пасяджэнне па пытанні банкруцтва кампаніі па заяве «Беларусбанка». Аднак разгляд адклалі праз тое, што на пасяджэнне не з’явіўся ўдзельнік або прадстаўнік заснавальніка Мёрскага завода «ММПЗ — ГмбХ», і прызначылі новую дату — 27 снежня.
Як прыватны бізнес перайшоў у рукі новай дзяржкампаніі
Афіцыйна працэс банкруцтва запусцілі ў траўні гэтага года. А незадоўга да гэтага, 27 красавіка, у Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асоб была зарэгістраваная «Металапракатная кампанія», да якой перайшлі ўсе актывы. Пераход у рукі новай дзяржкампаніі вынікае са звестак пра яе, гэта ўскосна пацвярджае матэрыял у рэгіянальным выданні. Таксама гэтыя звесткі нам пацвердзіў адзін з работнікаў Мёрскага завода.
— «ММПЗ» закрылі, адкрылі ТАА «Металапракатная кампанія», заснавальнік — «Белколермет». Пакуль ніхто нічога не ведае, як будзе далей, вядома толькі, што ўсіх пераводзяць на тых жа ўмовах, толькі мяняецца юрыдычная асоба, — расказаў работнік кампаніі. — З загрузкай усё добра, заробак плацяць своечасова, але голы аклад. Пакуль «Белколермет» сам усё закупляе і прадае, то-бок купляе нам сыравіну і прадае нашую гатовую прадукцыю, мізер з прыбытку пакідае заводу.
Інфармацыі пра «Металапракатную кампанію» ў адкрытым доступе вобмаль. Зарэгістраваная яна Мёрскім райвыканкам у Навадворскім сельсавеце пад Мінскам. У гэтым жа месцы зарэгістраваная юрыдычная асоба заснавальніка кампаніі — дзяржпрадпрыемства «Белколермет». Статутны фонд новай фірмы — 100 тысяч рублёў.
18 лістапада стала вядома, што «Металапракатная кампанія» зарэгістраваная ў свабоднай эканамічнай зоне «Віцебск».
Асноўны від дзейнасці новай фірмы — «халодная пракатка стужак і вузкіх палос» — цалкам супадае з родам дзейнасці Мёрскага завода. У жніўні «Белколермет» паведаміў, што з гэтага часу выступае эксклюзіўным партнёрам «ММПЗ-груп» па рэалізацыі металічнага ліста і белай бляхі.
Як развівалася гісторыя з нацыяналізацыяй прыватнай кампаніі ў Мёрах
Бізнесовец Аляксей Кавалёнак і яго партнёры запусцілі Мёрскі металапракатны завод у 2020 годзе. Інвестыцыі склалі 200 млн еўра. У тым самым годзе «ММПЗ-груп» заключыла спонсарскі кантракт з адной з найбуйнейшых гоначных каманд «Формулы-1» McLaren.
У пачатку лета 2021-га на прадпрыемства павінен быў прыехаць Аляксандр Лукашэнка. Але гэтага не здарылася, замест яго завод наведалі сілавікі і затрымалі некаторых кіраўнікоў і работнікаў. Пазней стала вядома, што за кратамі знаходзяцца гендырэктар завода Пётр Шымуковіч, яго намеснік па эканоміцы і фінансах Дзмітрый Слаўнікаў і кіраўнік рады дырэктараў Аляксей Кавалёнак.
Паводле звестак КДБ, іх абвінавацілі па ч. 2 арт. 424 КК (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі), ч. 6 арт. 16 (саўдзел у злачынстве) і ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў). Па першым з гэтых артыкулаў праходзілі яшчэ пяць чалавек, якіх 20 чэрвеня мінулага года выпусцілі з-пад варты.
Пасля затрымання чыноўнікі ўзяліся «ратаваць» прадпрыемства, абвінавачваючы ўладальнікаў у тым, што за першы год працы завод не выйшаў на прагнозныя паказчыкі. Аднак работнікі ММПЗ расказвалі, што праблемы пачаліся якраз пасля затрымання кіраўніцтва.
Ускосна гэта прызнаюць і чыноўнікі. Так, падчас наведвання прадпрыемства 29 ліпеня гэтага года віцэ-прэм'ер Назараў прызнаў, што завод фактычна спыніў працу ўжо пасля затрымання яго кіраўніцтва. «Па сутнасці, са жніўня мінулага года завод спыніўся. За мінулы год сфармавалася амаль 400 млн даляраў незваротных сродкаў крэдыторам», — заяўляў віцэ-прэм'ер. А прэм’ер Раман Галоўчанка падчас наведвання прадпрыемства ў траўні гэтага года гаварыў, што «ў сакавіку яно пачало пасля больш чым паўгадавога прастою выпуск тэхнічнай прадукцыі».
Каб «выратаваць» завод, чыноўнікі ўключылі яго ў СЭЗ «Віцебск», тым самым мінімізуючы падатковыя выплаты. Для ММПЗ устанавілі льготныя тарыфы на электраэнергію і газ. А таксама адкрылі спецыяльны рахунак, на якім збіраліся сродкі на выплату заробкаў, каб крэдыторы не наклалі арышт на яго і не спынілі рух сродкаў, заявіў Назараў 29 ліпеня 2022 года.
— Таксама было прынятае рашэнне загружаць завод сыравінай у давальніцкім рэжыме. Мы вызначылі кіраўнічую кампанію, якую надзялілі крэдытнымі рэсурсамі пад гарантыю ўрада і якая забяспечыла закупку сыравіны і расходных матэрыялаў, каб забяспечыць пачатак вытворча-тэхнічнага працэсу.
Аднак намаганні чыноўнікаў не дапамаглі. З пачатку 2022-га да праблем завода дадаліся шматлікія пазовы ад «Беларусбанка» ў сувязі з пратэрмінаванымі плацяжамі па крэдытах. Тым не менш завод працягваў працаваць, а чыноўнікі заяўлялі пра перспектывы продажу прадукцыі завода ў Расію. У чэрвені і ліпені ён выпусціў па 4,1 тысячы тон белай бляхі, паведамляла мясцовае выданне «Міёрскія навіны».
У жніўні Аляксандр Лукашэнка заявіў пра нацыяналізацыю завода «ў сувязі з тым, што прыватнікі не выканалі свае абавязанні», тады палітык абурыўся, што «ідэальнае прадпрыемства ператварылі ў банкрута».