Генеральная пракуратура Беларусі завяла крымінальную справу «пра злачынствы супраць бяспекі чалавецтва» ў дачыненні да літоўскіх чыноўнікаў з прычыны сітуацыі на мяжы з Беларуссю. Пра гэта паведамляе прэс-служба ведамства. Паўтара года таму крымінальную справу заводзілі на найвышэйшых службовых асобаў Польшчы.
Як заявілі ў Генпракуратуры, з 4 жніўня 2021 года да цяперашняга часу «дзяржаўныя службовыя асобы Літоўскай Рэспублікі наўмысна і заведама незаконна перашкодзілі замежным мігрантам рэалізаваць іх правы бежанцаў у парушэнне міжнародных дамоваў».
«Ва ўмовах відавочнай адсутнасці прававых падставаў яны ўжылі да безабаронных асобаў, што аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, фізічную сілу, незаконна дэпартавалі, наўмысна не аказвалі медыцынскай дапамогі з прычыны іх расавай, нацыянальнай, этнічнай прыналежнасці і веравызнання», — лічаць у ведамстве.
Паводле звестак Генпракуратуры, за гэты час загінула не менш за 10 мігрантаў, а 30 атрымалі цялесныя пашкоджанні, зазналі фізічны боль і псіхічныя пакуты.
Крымінальная справа накіраваная ў Следчы камітэт для арганізацыі папярэдняга расследавання.
Нагадаем, 18 лістапада 2021 года Генпракуратура завяла крымінальную справу ў дачыненні да найвышэйшых службовых асобаў Польшчы па артыкуле пра прапаганду вайны (арт. 123 КК Беларусі). Паводле генпракурора Андрэя Шведа, падчас штурму мігрантамі памежнага перахода ў Брузгах былі «зафіксаваныя шматлікія факты незаконнай дэпартацыі бежанцаў, выкарыстанне супраць іх вадамётаў з хімічнымі дамешкамі, газу з таксічнымі рэчывамі і святлошумавых гранат».
Пазней да Генпракуратуры далучыўся і Следчы камітэт Беларусі, які распачаў крымінальную справу ў дачыненні да польскіх сілавікоў па арт. 128 КК (Злачынства супраць бяспекі чалавецтва) Беларусі.