Мінздароўя забрала ліцэнзію ў медцэнтра «Новы зрок». Паводле афіцыйнай версіі — за парушэнне заканадаўства пра ліцэнзаванне. Ведамства лічыць, што клініка падала падробленыя дакументы. Заснавальнік «Новага зроку», афіцыйны кансультант рады заснавальнікаў беларускай клінікі Алег Каўрыгін у размове з «Люстэркам» сцвярджае, што абвінавачанні надуманыя.
— Магу сказаць, што гэтае рашэнне Мінздароўя прынятае нават не міністрам. Мы бачым руку выканаўцаў, але дакладна ведаем заказчыкаў, — кажа бізнесовец. — Тое, што адбылося сёння — гэта чакана абсалютна. Я ведаў, якім будзе тэкст рашэння, мінімум за два-тры тыдні. Гаворка ідзе пра забарону працы прадпрыемстваў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь на любой падставе.
Заявы Мінздароўя пра падробленыя дакументах, дзе былі пазначаныя «недакладныя звесткі пра адказных асобаў, якія не былі працаўладкаваныя на прадпрыемстве», а таксама пра «памяшканні і медыцынскія вырабы, якія былі аформленыя на юрыдычную асобу да яе стварэння і рэгістрацыі», Каўрыгін называе «поўнай хлуснёй».
— Гэта проста памылка Мінздароўя, ліцэнзійнага аддзела, якая была дапушчаная 13 гадоў таму. Падчас выдачы ліцэнзіі, натуральна, гэтыя ўсе дакументы правяраліся. Я ж не сам займаюся ліцэнзаваннем, — тлумачыць заснавальнік «Новага зроку». — Як мінімум дзіўна, што чалавек, якому ўсе ціснуць руку і які сябруе з найлепшымі афтальмолагамі свету, сядзіць на кангрэсах за адным сталом з імі ў прэзідыуме, займаецца нейкай падробкай дакументаў. Таму абліць брудам — гэта тыповы метад пэўных супрацоўнікаў [сілавых структур].
Каўрыгін лічыць рашэнне Мінздароўя забаронай на працу, праз якую калектыў з 500 чалавек будзе вымушаны з’ехаць з краіны:
— Прапанова перайсці ў дзяржаўныя клінікі выклікае ў мяне толькі лёгкую ўсмешку. Сапраўдны прафесіянал, які ведае цану сваёй працы, будзе працаваць там, дзе яго цэняць і паважаюць, дзе з ім лічацца. Натуральна, топ-спецыялісты, якія неабходныя для нашай працы, цягам года 100% прыедуць у іншую краіну, і гэта будзе вырашана вельмі хутка. Магчыма, нейкая частка калектыву пойдзе ў дзяржаўныя клінікі часова, для падтрымання штаноў. Але ў гэты час будзе шукаць сабе працу за мяжой. Запэўніваю вас, высокакваліфікаваныя спецыялісты сеткі клінік «Новы зрок» знойдуць працу за мяжой за дзве секунды — Расійская Федэрацыя, Польшча, Літва, Латвія, Эстонія, Вялікабрытанія і гэтак далей. З Беларусі з’едзе вялікая колькасць спецыялістаў у гэтай сферы. А між тым сетка клінік «Новы зрок» выконвала велізарную сацыяльную задачу і аперавала да траціны ўсіх пацыентаў, якія мелі патрэбу ў лячэнні.
Паводле Каўрыгіна, сцверджанні Мінздароўя пра тое, што на «Новы зрок» прыпадае 1,7% наведванняў «у структуры афтальмалагічнай дапамогі, якая аказваецца ў рэспубліцы», выклікаюць у яго смех.
— Ведаеце, я ад смеху проста баюся лопнуць. Гэта поўная хлусня, — кажа бізнесовец. — Гэта цяпер траціна, а быў час, калі мы рабілі палову ўсіх афтальмалагічных аперацый. Ну што ж, хай людзі самі адчуюць, што такое гэтыя 1,7%.
Алег Каўрыгін тлумачыць, што за дзень на ўсе пяць клінік у Беларусі прыпадала па 1000 зваротаў, і цяпер гэтая нагрузка ляжа на дзяржаўныя медустановы:
— Ці справяцца яны? Як прафесіянал скажу: не. Да чаго гэта прывядзе? Да павышэння цаны на паслугі, пагаршэння якасці: медыцына [у сферы афтальмалогіі] адкаціцца гадоў на 20 назад за паўгода. Акрамя таго, нас чакае пагаршэнне дзелавога клімату. Ёсць інвестары, якія хацелі б весці нейкія праекты ў Беларусі. Яны звяртаюцца да мяне з прапановай укласці вялікія грошы ў краіну. І, вядома, атрымаюць ад мяне адназначны адказ — не. Вось вынік сённяшняга паседжання. Тыя людзі, якія прымаюць рашэнні, самі на сабе гэта адчуюць. Калі ў іх ёсць грошы, каб з’ездзіць у Маскву і зрабіць аперацыю, — добра. А калі не?
Спрабаваць вярнуць ліцэнзію «Новы зрок» не будзе. Сёння клініка заявіла, што пакідае беларускі рынак.
— Мы ніколі не будзем падаваць на паўторнае аднаўленне ліцэнзіі, лічым гэтае рашэнне абразай вялізнага працоўнага калектыву, які працаваў сумленна і справядліва, — тлумачыць Каўрыгін. — Тое, што ўсё адбываецца настолькі жорстка і сур’ёзна, сведчыць, што магчымасці такія ў людзей, якія гэта ўсё робяць, ёсць. Пры гэтым хацеў бы падкрэсліць: гэта не палітычная справа. Мы ні ў якім разе не задзейнічаныя (і ніколі не былі) у нейкіх палітычных працэсах. Тым больш што я ўжо жыву больш за 15 гадоў за мяжой і далёкі ад усяго гэтага.
Нагадаем, афтальмалагічны медцэнтр «Новы зрок» з’явіўся на арэндных плошчах паліклінікі МТЗ у Мінску ў канцы 90-х. Акрамя пяці клінік у Беларусі «Новы зрок» ёсць і ў іншых краінах: у Расіі, Літве, Латвіі, Эстоніі, Нарвегіі і Вялікабрытаніі.
У Літве клініка «Новы зрок» адкрылася ў 2009 годзе. Заснавальнік медцэнтра Алег Каўрыгін пераехаў з Мінска ў Вільнюс у 2012-м. У 2015 годзе ён быў названы самым інавацыйным бізнесоўцам Літвы ў галіне аховы здароўя.
Раней у Беларусі бізнесовец ужо абвінавачваўся ў кантрабандзе абсталявання, якая, паводле версіі следства, нанесла дзяржаве шкоду на суму 40 млн недэнамінаваных рублёў. У пачатку 2016 года крымінальная справа ў дачыненні да Каўрыгіна была спыненая, але на радзіму ён не вярнуўся.
Чытайце таксама