Прыняць меры па ліквідацыі дэфіцыту ў рабочых спецыяльнасцях, а таксама падняць прэстыж інжынерных прафесій запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе пра стан і задачы развіцця прамысловасці, перадае прэс-служба палітыка.
Палітык адзначыў, што сёння даводзіцца гаварыць «не пра якасць падрыхтоўкі кадраў, а пра іх павальны дэфіцыт». Асабліва рабочых. Паводле яго словаў, на сённяшні дзень у цэлым па краіне з 27 тысяч вакансій у апрацоўчай прамысловасці 85% (23 тысячы) прыпадае на рабочыя спецыяльнасці. Самыя запатрабаваныя — слесары, кіроўцы, станочнікі, зваршчыкі.
Напрыклад, у ААТ «МАЗ» некамплект работнікаў складае 13%, а ў ААТ «Мінскі маторны завод» назіраецца цякучка рабочых спецыяльнасцяў: слесараў, токараў, мантажнікаў, электраманцёраў, шліфоўшчыкаў і фрэзероўшчыкаў.
— Пры гэтым амаль упэўнены, што адміністрацыйна-кіраўнічы персанал у вас адкрыта разадзьмуты. Да прыкладу, на МТЗ толькі маркетынгавая служба — 100 чалавек. А паўгадавы запас на складах падзець няма куды, — заўважыў Лукашэнка.
Палітык прапанаваў кіраўніцтву падумаць над тым, як павысіць матэрыяльную зацікаўленасць рабочых на прадпрыемствах.
Лукашэнка таксама звярнуў увагу на нявыкарыстаныя рэзервы.
— Можа быць, ураду прыйшоў час падумаць пра прыцягненне тых, хто сышоў — тых жа пенсіянераў. Сярод іх ёсць шмат актыўных людзей, якія хочуць працаваць. Няхай не рванём на 30 тысяч чалавек, але мы знойдзем некалькі тысяч патрыятычна настроеных людзей, якіх можам паклікаць на вытворчасць. Яны з задавальненнем прыйдуць і будуць працаваць і вялікую карысць прыносіць яшчэ і як настаўнікі. Трэба вырашыць, як іх зацікавіць, у тым ліку і матэрыяльна, — сказаў ён.
Палітык канстатаваў, што не ўдалося пакуль вырашыць і яшчэ адну праблему з кадрамі — замацаванне на месцах маладых спецыялістаў.
— Пераламалі мы негатыўную тэндэнцыю на гэтым фронце? Падобна, што не. Больш за тое, эксперты папярэджваюць, што растуць рызыкі страты кампетэнцый у галіне канструявання і распрацоўкі новых відаў прадукцыі. Чаму? Таму што на большасці прадпрыемстваў у аддзелах канструктараў і распрацовак мала маладых спецыялістаў, — канстатаваў Лукашэнка. — А гэта ўжо пытанне не толькі да Мінпрама, але і да Мінадукацыі. Мала змяніць падыход да падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў рабочых і тэхнічных прафесій. Мы павінныя на ўзор савецкага мінулага істотна падняць прэстыж інжынерных прафесій, павысіць статус тых людзей, чыімі рукамі і інтэлектам ствараюцца рэальныя матэрыяльныя каштоўнасці. Інакш усе нашыя планы застануцца пустымі паперкамі.