Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Каб стаць кіраўніком раёна, лепш нарадзіцца мужчынам у вёсцы і скончыць сельскагаспадарчую ВНУ — гэта мы ўжо высветлілі. Менавіта «крэпкія хазяйственнікі» складаюць касцяк вертыкалі беларускага дзяржкіравання. А адкуль ва ўладзе бяруцца жанчыны? Што ім можа дапамагчы прабіцца ў выканкамы і міністэрствы сучаснай Беларусі? «Люстэрка» вырашыла разабрацца ў пытанні і пашукаць агульнае ў біяграфіях беларускіх кіраўніц, дэпутатак і іншых прадстаўніц улады. Раскажам падрабязней пра самых прыкметных персон з іх ліку.

Чым вышэй па вертыкалі, тым менш жанчын

Падарожжа ў свет айчынных жанчын-палітыкаў пачнём з Нацыянальнага сходу Беларусі, які лічыцца беларускім парламентам і на сёння складаецца са 169 чалавек — 110 дэпутатаў і дэпутатак Палаты прадстаўнікоў плюс 59 чальцоў Савета Рэспублікі (усяго там прадугледжваецца 64 месцы). У суме на 104 мужчын-парламентарыяў прыпадае 55 жанчын. То-бок суадносіны прыкладна два да адной.

Біяграфіі дэпутатак і сенатарак ашаламляльна адрозніваюцца ад жыццёвых шляхоў парламенцкіх мужчын. Калі сярод апошніх ёсць буйны касцяк сельскагаспадарчых работнікаў, то іх жанчын-калег з такім профілем практычна няма — толькі Жанна Чарняўская, якая абіралася па Хойніцкай акрузе, заканчвала сельгасакадэмію ў Горках па спецыялізацыі «аграінжынерыя», але займалася навучаннем, а не працай у полі. Акрамя таго, абсалютная большасць (35) жанчын парламента — гэта ўраджэнкі гарадоў і гарадскіх пасёлкаў.

З жанчынамі ў палітыцы не працуе і схема трапляння ва ўладу, уласцівая, напрыклад, вялікай колькасці кіраўнікоў райвыканкамаў, то-бок нараджэнне ў вёсцы → сельскагаспадарчая ВНУ → кіраўнічая пасада. Мабыць, асноўная дзейнасць для жанчын-парламентарыяў да трапляння ва ўладныя колы — гэта выкладанне: больш за 20 з іх — педагогі. На другім месцы прафесія эканаміста — яе прадстаўніц каля дзясятка. А далей ідуць бухулік, гандаль, медыцына і іншае. Што цікава, прыкладна траціна дэпутатак Палаты прадстаўнікоў аб’ядноўвае наяўнасць двух дзяцей — гэта таксама адзначаюць у афіцыйных біяграфіях на сайце.

Совещание Александра Лукашенко с Советом министров 10 марта 2023 года. Фото: пресс-служба Александра Лукашенко
Нарада Аляксандра Лукашэнкі з Саветам міністраў 10 сакавіка 2023 года. Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

У беларускім урадзе, Савеце міністраў, які аб’ядноўвае некалькі дзясяткаў кіраўнікоў розных ведамстваў, жанчын у параўнанні з тым жа парламентам вельмі мала. Нядаўна кіраўніцай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прызначылі Наталлю Паўлючэнка на месца Ірыны Касцевіч, якая пайшла ў дэпутаты. А больш сярод міністраў жанчын няма, як і сярод віцэ-прэм'ераў. Аднак ёсць яшчэ некалькі жанчын, якія стаяць на чале арганізацый, што падпарадкоўваюцца Саўміну наўпрост. Напрыклад, шматпакутны «Белкаапсаюз» з 2024 года ўзначальвае Інэса Караткевіч, аб’яднаннем «Беллегпрам» кіруе Таццяна Лугіна, а Дзяржстандартам — Алена Маргунова. Выходзіць, ва ўрадзе толькі чатыры жанчыны-кіраўніцы прыпадаюць на больш чым тры дзясяткі мужчын, якія ўзначальваюць іншыя ведамствы.

З важных для лукашэнкаўскай вертыкалі арганізацый можна вылучыць яшчэ і Беларускі саюз жанчын (БСЖ) — яго ўзначальвае Таццяна Шпілеўская, якая прыйшла з Адміністрацыі Лукашэнкі на пасаду кіраўніцы мінскага філіяла тэлерадыёкампаніі «Мир». І раз ужо ўспомнілі пра СМІ, то рэспубліканскім дзяржаўным інфармагенцтвам БЕЛТА кіруе таксама жанчына — Ірына Акуловіч, якая некалькі гадоў таму прыйшла на гэтую пасаду з магілёўскага тэлебачання і якая прысутнічае ў тым жа БСЖ як сябра праўлення. Сюды ж можна аднесці Белстат, які падпарадкоўваецца наўпрост Лукашэнку і якім загадвае Іна Мядзведзева.

Пры канцы некалькі словаў пра мясцовыя ўлады. Як мы ўжо высвятлялі ў разборы лёсаў кіраўнікоў беларускіх раёнаў, сярод 118 такіх кіраўнікоў толькі пяць жанчын. Яны кіруюць Бялыніцкім, Кіраўскім, Кастрычніцкім, Мазырскім і Бешанковіцкім рэгіёнамі. Праўда, далей мы ўспомнім і кіраўніцу Добруша Вольгу Мохараву, якая адзначылася ў 2020-м і ўжо пакінула сваю пасаду. Закранём і іншых былых яркіх прадстаўніц улады — іх не так шмат, каб можна было на іх забыцца.

Што казалі і як сябе паводзілі жанчыны, якія ўжо пакінулі вертыкаль беларускай улады?

Пачнём акурат з Мохаравай з Добруша, якім яна кіравала з 2005 года. У студзені 2020-га жанчына стала мемам. Тады вядомы блогер Сяргей Ціханоўскі выехаў з чарговым рэпартажам у ваколіцы Гомельскай вобласці. А адначасова ў Добрушскім раёне чакалі прыезду Аляксандра Лукашэнкі.

Троххвілінны ролік Ціханоўскага пра падрыхтоўку мясцовых да візіту паглядзелі 500 тысяч разоў, а лайкнулі — 12 тысяч. Відэа таго, як дзесьці пры дарозе сярод зімы косяць траву і паляць галінкі з кустамі, а Мохарава, якая кантралюе працэс, адварочваецца ад блогера і маўчыць, магчыма, не паглядзела б столькі людзей — аднак вядомасць яму падаравала менавіта кіраўніца раёна. Бліжэй да канца роліка яна ў адказ на просьбу Ціханоўскага пра каментар моўчкі паказала яму дулю.

Председательница Добрушского райисполкома Ольга Федоровна Мохорева показывает фигу в ответ на просьбу блогера Сергея Тихановского о комментарии, Добрушский район, 29 января 2020 года. Скриншот: YouTube/stranazhizni
Старшыня Добрушскага райвыканкама Вольга Фёдараўна Мохарава паказвае дулю ў адказ на просьбу блогера Сяргея Ціханоўскага пра каментар, Добрушскі раён, 29 студзеня 2020 года. Скрыншот: YouTube/stranazhizni

Пасля гэтага Мохарава са сваім жэстам з’явілася, напрыклад, на кубку Ціханоўскага. І атрымала інтэрнэт-мянушку Дуля Фёдараўна. Дарэчы, гледачы Ціханоўскага нават не пачулі ў роліку голасу «дзівоснай прыгажосці і сардэчнасці» (так яго характарызавала дзяржгазета) старшыні, якая 15 гадоў кіравала раёнам і часам спявала пад ігру на баяне свайго намесніка.

У канцы жніўня 2020-га дзяржпрэса расказвала, што Мохарава моліцца перад працай, а яшчэ марыць «у два разы павялічыць ураджайнасць, нарыхтаваць двухгадовы запас кармоў, адкрыць новую вытворчасць, добраўпарадкаваць горад і жыць у выгодзе, дастатку і бяспецы, чуць радасны смех тысяч маленькіх дабрушан». Але ўжо 3 верасня шматгадовую старшыню знялі з пасады. Чым яна стала займацца далей, дакладна ведаюць толькі ў самым Добрушы — інтэрнэт на гэтую тэму маўчыць.

Варта згадаць і яшчэ адну жанчыну, якая засвяцілася ў беларускай палітыцы, — ужо экс-дэпутатку Палаты прадстаўнікоў папярэдняга склікання Марыю Васілевіч. Нагадаем, што пераможца конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь — 2018″ і ўдзельніца «Міс Свету» з’явілася ў парламенце пасля танцаў з Лукашэнкам. Беларуска ў 2020 годзе апублікавала ў Instagram заклік спыніць гвалт у Беларусі, наведала збітых пратэстоўцаў у бальніцы хуткай дапамогі і папрасіла ў іх прабачэння, пакінуўшы свой нумар тэлефона для сувязі.

Фото: facebook.com/vasilevichmariya
Дэпутатка беларускага парламента Марыя Васілевіч. Фота: Facebook/vasilevichmariya

«Тыя, хто праяўляе жорсткасць і гвалт да безабаронных. І тыя, хто правакуе беспарадкі… Спыніце беспарадкі! Паглядзіце адно аднаму ў вочы! Паглядзіце вакол!» — пісала тады Васілевіч, заўважаючы, што «Беларусь не заслужыла такога болю».

Адносна нядаўна, вясной 2024-га, яна расказвала, што не злуецца на тых, хто чатыры гады таму разбіў яе аўто (іх так і не знайшлі). «Магчыма, я вельмі мяккі чалавек, але нават у той момант, калі здараліся нейкія нападкі і адбыўся проста абуральны акт хуліганства, калі цалкам разбілі машыну, у мяне ніколі не нараджалася злосць да гэтых людзей, — казала Васілевіч на дзяржТБ. — Магчыма, дзесьці боль і спачуванне, бо гэта, як ні круці, непрыемна. Але наогул заўсёды спрабуеш зразумець, чаму гэты чалавек робіць менавіта так, што яго матывуе, дзе ён заблукаў, калі ён не стварае, а разбурае».

Іншая пазіцыя ва ўжо згаданай Вольгі Шпілеўскай — кіраўніцы беларускага філіяла тэлерадыёкампаніі «Мир» і праўладнага Саюза жанчын. Праз год пасля пачатку пратэстаў яна казала пра людзей у чэргах на ўчастках 9 жніўня 2020-га наступнае: «Ужо тады было зразумела, што яны настроеныя агрэсіўна, і што нібы такая няштатная сітуацыя нагнятаецца, і яна здарыцца».

Председатель Беларусского союза женщин Ольга Шпилевская и Александр Лукашенко. Минск, 5 марта 2024 года. Фото: president.gov.by
Старшыня Беларускага саюза жанчын Вольга Шпілеўская і Аляксандр Лукашэнка. Мінск, 5 сакавіка 2024 года. Фота: president.gov.by

А ў 2022-м чыноўніца заяўляла, што беларусы, якія з’ехалі з краіны, «пакінулі сваю радзіму на волю лёсу», і заўважала, што «іх радзіма ніколі б так не зрабіла». Але тая зрабіла: у 2023-м указам Лукашэнкі было забаронена абменьваць пашпарты за мяжой, тым, хто з’ехаў, нельга зрабіць і даверанасць. Для ўсяго гэтага цяпер трэба ехаць на тую самую радзіму, дзе ў выпадку ўдзелу ў пратэстах супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і гвалту можна трапіць за краты. Нават праз чатыры гады.

Шпілеўская — адна з гераінь нашага тэксту пра сэксісцкія выказванні ад чыноўніц. Яна, напрыклад, лічыць, што задача ўзначаленага ёю Саюза — «быць апорай і падтрымкай для краіны і кіраўніка дзяржавы». У цэлым жа ўдзельніцы БСЖ адначасова выступаюць і за правы жанчын (калі верыць іх сайту), і за патрыярхальны лад грамадства (калі верыць іх рыторыцы).

А што кажуць і робяць жанчыны ва ўладзе цяпер?

Прадстаўніцы ўлады ў Беларусі транслююць вельмі паказальныя наратывы і каштоўнасці.

Возьмем, напрыклад, цяпер дэпутатку, а раней прадстаўніцу Генпракуратуры Анжаліку Курчак. Яна называла чайлдфры пагрозай «нацыянальнай бяспецы і нашай дэмаграфічнай палітыцы», «праявай новай дэмакратыі», а таксама расказала, што на патрабаванне пракуратуры некалькі тэлеграм-каналаў і акаўнтаў у сацыяльных сетках на тэму чайлдфры былі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Сама жанчына, як адзначаецца на сайце Палаты прадстаўнікоў, у разводзе, і ў яе адно дзіця. «Мы разумеем, што ідзе актыўная прапаганда каштоўнасцяў, якія перашкаджаюць развіццю сямейных адносін, скіраваныя на аднаполыя шлюбы», — адзначала раней Курчак.

Іншая прыкметная наваспечаная дэпутатка — гэта адзіная сярод іх спартоўцка Анастасія Мірончык-Іванова. Лёгкаатлетка ў дадатак яшчэ і афіцэр міліцыі — яна расказвала кіраўніку дзяржтэлеканала АНТ Марату Маркаву (які з таго часу таксама падрос і ўжо стаў міністрам інфармацыі), што «на загад галоўнакамандуючага, хай у інфармацыйнай сферы, хай у тыле, я гатовая служыць сваёй краіне».

Анастасия Мирончик-Иванова. Фото: instagram.com/mironchikivanova
Перадвыбарчая агітацыя скакухі Анастасіі Мірончык-Івановай, 2024 год. Фота: Instagram/mironchikivanova

«Я бяру прыклад з Аляксандра Рыгоравіча, нашага глыбокапаважанага, што маё дзіця прысутнічае практычна на ўсіх сустрэчах, спаборніцтвах, мерапрыемствах са мной (мяркуючы з усяго, маецца на ўвазе малодшы сын Лукашэнкі Мікалай, якога палітык возіць на розныя сустрэчы. — Заўв. рэд.). Ён вучыцца, і тым самым мы даём яму сваю ўвагу», — казала скакуха ў сакавіку гэтага года. Яна, дарэчы, самая маладая з дэпутатак — ёй 35 гадоў.

Яшчэ адна «свежая» сенатарка Ірына Абельская — адначасова яшчэ і кіраўніца лукашэнкаўскай «лечкамісіі», клінікі для найвышэйшага кіраўніцтва краіны (гэта яе асноўны профіль, але трапіць туды, відаць, могуць і іншыя беларусы). Абельская таксама вядомая як меркаваная маці Мікалая Лукашэнкі. А таксама як дачка экс-міністра аховы здароўя, былая асабістая доктарка Лукашэнкі-старэйшага і заснавальніца прыватнай гімназіі, дзе, відаць, вучыўся Мікалай.

Абельская расказвала, што ў новым статусе чальца Савета Рэспублікі зоймецца сур’ёзнай падрыхтоўкай Кодэкса пра ахову здароўя і ўцягваннем «у працэс адукацыі і навукі» маладых людзей: «Сёння навука мусіць быць практыкаарыентаванай, і хто, як не маладыя людзі, могуць быць на вастрыі ўсіх сучасных тэндэнцый і тых сучасных выклікаў, якія ставіць свет перад намі».

Кіраўніца «лечкамісіі» ездзіла ў Зімбабвэ ў студзені 2023 года разам з беларускай дэлегацыяй. У красавіку мінулага года яна таксама сустракалася з жонкай мясцовага прэзідэнта Аксіліяй Мнангагвай падчас яе візіту ў Беларусь. У цэлым жа пасля 2020 года Абельская пачала часцей фігураваць у дзяржпрэсе, калі меркаваць, напрыклад, з БЕЛТА. Але яна гаворыць у асноўным на медыцынскія ці агульныя тэмы — нічога характэрнага.

Главврач медицинского центра Управделами Лукашенко Ирина Абельская и руководитель Брестского облисполкома Юрий Шулейко открывают памятную доску в Бресте, 15 декабря 2023 года. Скриншот видео: YouTube/lagunatvbrest
Галоўная доктарка медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі Ірына Абельская і кіраўнік Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка адкрываюць памятную дошку ў Брэсце ў гонар маці Абельскай, 15 снежня 2023 года. Скрыншот відэа: YouTube/lagunatvbrest

Каментуючы размеркаванне медыкаў, Абельская нядаўна расказала, што, на яе думку, чаканні ў маладых людзей часта нашмат горшыя, чым рэальнасць, з якой яны сутыкаюцца.

«Рэальнасць значна лепшай атрымліваецца, чым чаканні, бо многія жывуць ведамі ці эмоцыямі 10−20-гадовай даўніны, — заявіла жанчына. — А сёння ў нас вельмі прыемна працаваць і на фельчарска-акушэрскіх пунктах, і ў медыцынскіх амбулаторыях, і ў раённых бальніцах, — лічыць галоўная доктарка. — Я дапускаю, што некаторыя, хто цяпер нас з вамі глядзяць, у іх такая лёгкая ўсмешка з’явіцца. Не ўсё аднастайна, вядома ж, але многае залежыць ад тых людзей, якія там працуюць. Сёння дзяржава зрабіла і робіць максімальна, каб умовы працы былі камфортнымі. Мы павінныя актыўней далучаць спецыялістаў, якія працуюць на ўзроўні першаснага звяна аховы здароўя, у актыўную навукова-практычную дзейнасць нашай краіны».

Яшчэ адна прыкметная ва ўладзе жанчына — фармальная начальніца Абельскай, кіраўніца Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Як калісьці расказалі «Люстэрку» крыніцы ў дзяржмедыя, праўладныя журналісты не вельмі любяць з ёю працаваць. Рэч у тым, што старшыня верхняй палаты парламента вельмі своеасабліва гаворыць — у цэлым можна зразумець, што яна мае на ўвазе, але вельмі складана зрабіць з гэтага чытэльны тэкст. Так што моцна рэдагуюцца не толькі фота Качанавай, але і яе прамовы. У выніку атрымліваецца нешта такое: «Искусство ковроделия в азербайджанской культуре занимает особое место. У вас [у Азербайджане] их принято вешать на стены. К нам, кстати, эта мода тоже постепенно возвращается».

Пры гэтым тэлеграм-канал Савета Рэспублікі вылучаецца вялікай колькасцю паведамленняў пра дзейнасць органа і самой Качанавай. Напрыклад, на тэму нядаўняга візіту ў Беларусь старшыні Мілі Меджліса Азербайджана Сагібы Гафаравай выйшлі дзясяткі пастоў, дзе асвятлялася ўсё: ад паціскання рукі да надзявання госцяй мантыі ганаровага прафесара БДУ.

Глава Совета Республики Наталья Кочанова приветствует председательницу Милли Меджлиса Азербайджана Сагибу Гафарову, 9 июня 2024 года. Фото: БЕЛТА
Кіраўніца Савета Рэспублікі Наталля Качанава вітае старшыню Мілі Меджліса Азербайджана Сагібу Гафараву, 9 чэрвеня 2024 года. Фота: БЕЛТА

А так Качанава нядаўна віншавала беларускіх медыкаў (іх прафесійнае свята адзначаецца сёлета 16 чэрвеня): «Конечно, мы понимаем: те задачи, которые сегодня стоят перед этой отраслью, они непростые. Ну, так непросты по той простой причине (я прошу прощения за такую тавтологию), потому что это люди — люди, которые хотят получить квалифицированную помощь во всех уголках нашей страны. Это правильно, и такую задачу ставит перед вами президент нашей страны. <…> И впереди еще у вас много задач, которые необходимо решать. Но я уверена, вам это под силу, потому что у нас работают квалифицированные специалисты — преданные своей профессии люди, которые, не считаясь со своим временем, своим здоровьем, делают все, чтобы система функционировала очень четко, слаженно».

Адны з тых, каму даводзіцца асвятляць дзейнасць Качанавай, — падначаленыя гендырэктаркі Беларускага тэлеграфнага агенцтва Ірыны Акуловіч. Гэтая ўраджэнка Магілёва аднойчы выйшла з педагагічнай сферы на тэлебачанне і больш са СМІ не сыходзіла. Дзяржагенцтва яна ўзначальвае з 2018-га — яе прыход, дарэчы, адзначыўся «справай БЕЛТА», звязанай з паролямі ад стужкі агенцтва, што хадзілі па руках, па якой пакаралі толькі галоўрэда TUT.BY Марыну Золатаву.

Тры гады таму Акуловіч, дарэчы, лічыла, што ў краіне назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя прызначаць жанчын на пасады кіраўнікоў: «Лічу, тэндэнцыя нядрэнная. Калі паглядзець на тое, што адбываецца ў свеце, некаторыя тэндэнцыі мяне, наадварот, палохаюць. У пэўных краінах Еўрасаюза цяпер пачынаецца сапраўдная барацьба за тое, каб мужчына мог назваць сябе мужчынам, а жанчына — жанчынай. З гэтага пункту гледжання ў нашым грамадстве, якое правільна рухаецца і развіваецца, на шчасце, ёсць яшчэ і жанчыны-кіраўнікі, і мужчыны-кіраўнікі. Не магу сказаць, што паміж імі існуе вялікая розніца. Жанчына па прыродзе сваёй думае інакш. Немалаважную ролю адыгрывае і наяўнасць інтуіцыі, якая дапамагае жанчыне прымаць правільныя рашэнні. І калі ў грамадстве разам гавораць мужчыны і жанчыны, прымаць правільныя рашэнні лягчэй. Атрымліваецца сапраўдны баланс».

Гендиректорка Беларусского телеграфного агентства Ирина Акулович, 2021 год. Фото: Звязда»
Гендырэктарка Беларускага тэлеграфнага агенцтва Ірына Акуловіч, 2021 год. Фота: «Звязда»

Праўда, як мы бачым з вышэйнапісанага, балансу няма: жанчын у беларускім кіраўніцтве нашмат менш, чым мужчын.

Ёсць нешта супярэчлівае і ў іншых выказваннях Акуловіч. Напрыклад, пра людзей, якія пратэставалі ў 2020-м: «Яны гатовыя бурыць любыя асновы. У пачатку свайго шляху яны яшчэ рабілі выгляд, што выступаюць за сацыяльную справядлівасць, але хутка перайшлі да іншых наратываў. Продаж дзяржуласнасці, булінг усіх, хто не з імі, пагрозы, як усе памятаем, нават дзецям! Размахванне зброяй на акцыях пратэстаў і нават падрыхтоўка тэрарыстаў, якім унушаюць, што трэба вярнуцца ў краіну, каб забіваць сваіх жа суседзяў… Усё гэта — не нашыя выдумкі, не прыдумкі, гэта фіксацыя факту».

Пры гэтым у 2021-м быў затрыманы і асуджаны на пяць гадоў калоніі намеснік гендырэктара БЕЛТА Сяргей Адэрыха — за меркаваны «зліў» інфармацыі пра графік Лукашэнкі. Акуловіч давала паказанні на судзе, паведамлялі праваабаронцы «Вясны».

Пасля 2020-га ў агенцтва з’явілася новая рубрыка — «По факту: Решения Первого», там напрыклад, распаўсюджвалі фэйк пра тое, як палітык «выратаваў» МАЗ.

Як трапіць у калідоры ўлады, калі вы жанчына?

Падвядзём кароткія высновы. Калі кіраваць раёнам мужчына можа пачаць і да 30 гадоў, то для жанчын гэта наўрад ці магчыма — такога ўзроўню кіраўніцы дасягаюць гэтых пасадаў у асноўным пасля сарака, калі меркаваць з сённяшніх пяці старшынь. Тое ж датычыць і Савета Рэспублікі — жанчын, маладзейшых за 1981 год нараджэння, там няма. А вось у дэпутаткі парламента можна трапіць і раней — цяпер там ёсць 35-гадовая скакуха Мірончык-Іванова, а да гэтага была ўсяго 22-гадовая Васілевіч. То-бок калі вашая мэта — кіраваць раёнам, то, хутчэй за ўсё, трэба пачакаць хаця б да 40. А калі хочаце ў крэсла дэпутаткі, то незалежна ад узросту можа дапамагчы адзін або некалькі танцаў з Лукашэнкам.

Для трапляння ў беларускую вертыкаль улады жанчыне лепш атрымліваць педагагічную спецыяльнасць — яна, як мы адзначалі, самая папулярная ў дэпутатак. Таксама можа дапамагчы медыцынская ці эканамічная адукацыю. З 18 сенатарак педагогі — чатыры. Для трапляння ў гэтую палату парламента лепш выбіраць нешта гандлёва-эканамічнае — такіх прадстаўніц там сем.

Галина Слабодникова получает удостоверение председательницы Кировского райисполкома Могилевской области, 21 июня 2021 года. Фото: «Кіравец»
Галіна Слабоднікава атрымлівае пасведчанне старшыні Кіраўскага райвыканкама Магілёўскай вобласці, 21 чэрвеня 2021 года. Фота: «Кіравец»

Куды ж ісці вучыцца, калі хочацца ва ўладныя калідоры? Мяркуючы з сабранай намі статыстыкі, адназначнага адказу няма (з мясцовымі кіраўнікамі-мужчынамі было прасцей: у асноўным яны выпускнікі сельскагаспадарчых ВНУ). У сітуацыі з жанчынамі прыкладна аднолькава распаўсюджаныя і БДУ, і БДЭУ, мінская і мазырская педВНУ. Відаць, дзве апошнія і варта выбіраць, але калі вашая душа цягнецца да медыцыны, то вучыцца на доктара можна і ў Мінску, і ў Віцебску, і ў Гродне. Рэгіянальныя ВНУ каціруюцца ва ўладзе добра, так што не хвалюйцеся, калі па балах не трапіце ў сталіцу.

Пасля навучацца, відаць, сітуацыя аналагічная райвыканкамаўскай: трэба аддацца ў рукі дзяржавы, з’ехаць працаваць па размеркаванні, выконваць указанні начальства і ў выніку трапіць у кадравы рэестр. Не будзе лішнім нарадзіць двух дзяцей. А там ужо і пасада недалёка. Але імавернасць яе атрымаць у разы меншая, чым у мужчын, — памятайце пра гэта.

Чытайце таксама