Таджыкістан рэкамендуе сваім грамадзянам не наведваць Беларусь, інфармацыя пра гэта з’явілася 10 верасня на сайце амбасады краіны ў Мінску. Прычынай называюць узмацненне жорсткасці праверак на ўездзе ў Беларусь.
Амбасада Таджыкістана рэкамендуе грамадзянам краіны «часова ўстрымацца ад паездак» у Беларусь з прычыны «ўзмацнення жорсткасці ў Рэспубліцы Беларусь рэжыму кантролю ўезду замежных грамадзян праз дзяржаўную мяжу на паветраных пунктах пропуску».
10 верасня амбасада Таджыкістана ў РФ таксама параіла грамадзянам не наведваць гэтую краіну. Прычына — рэжым «узмоцненага кантролю ўезду замежных грамадзян праз дзяржаўную мяжу на наземных і паветраных пунктах пропуску». Нядаўна, дарэчы, у РФ з невядомай прычыны не пусцілі таджыкскага самбіста Рамазона Джумаева.
А некалькі дзён таму і МЗС Кыргызстана заклікала грамадзян краіны не наведваць Расію — у сувязі з падаўжэннем дзеяння дадатковых мер бяспекі і рэжыму ўзмоцненага кантролю пропуску замежнікаў праз мяжу.
У выпадку з грамадзянамі Таджыкістана і Кыргызстана прычынай праблем могуць быць меры ўзмоцненага кантролю, якія прынялі ў РФ пасля тэракту ў падмаскоўным «Крокус Сіці Холе», які адбыўся 22 сакавіка, дзе загінулі больш за 140 чалавек і звыш 500 пацярпелі. Выканаўцамі лічаць грамадзян Таджыкістана.
Яшчэ ў красавіку МЗС Таджыкістана тэрмінова заклікала грамадзян устрымацца ад паездак у Расію. Намесніца міністра працы краіны Шахноза Надзіры пазней паведамляла пра адток працоўных мігрантаў з Расіі на фоне «прыгнёту», продажы авіябілетаў з Таджыкістана ў Расію ўпалі. А прадстаўнік МЗС Кыргызстана Алмаз Імангазіеў казаў, што пасля тэракту ў РФ не пусцілі дзясяткі кыргызстанцаў, некаторыя з іх трапілі ў чорны спіс, а іншых, якія прыляцелі ў Расію ўпершыню, «бяздоказна выправадзілі з краіны».
Чытайце таксама