У Гомелі 28 снежня пачнецца працэс супраць былой адміністратаркі пратэсных чатаў Таццяны Курылінай, якую абвінавачваюць адразу па некалькіх крымінальных артыкулах. У пачатку года яна выступіла на дзяржтэлебачанні пасля нібыта добраахвотнага вяртання ў Беларусь у надзеі «выкупіць сваю віну», піша праваабарончы цэнтр «Вясна».
Справу будуць разглядаць у Гомельскім абласным судзе ў закрытым рэжыме. 49-гадовую Курыліну абвінавачваюць па 12 крымінальных «пратэсных» артыкулах, сярод якіх — абвінавачанні ў закліках да санкцый (арт. 361), распальванні варожасці (арт. 130) і паклёпе на Лукашэнку (арт. 367).
Паводле версіі пракуратуры, жанчына са жніўня 2020 года да лютага 2022-га ў чатах заклікала да ўдзелу ў пратэсных акцыях, гвалту супраць чыноўнікаў і сілавікоў, а таксама выкладвала ў адкрытым доступе іх асабістыя звесткі і публікавала паклёп на Лукашэнку.
Як пісала «Наша Ніва», Таццяна Курыліна доўгі час знаходзілася за мяжой. У студзені 2022 года сілавікі ўзламалі некалькі чатаў «97%», а ў лютым Курыліна з’явілася на дзяржтэлебачанні ў прапагандысцкім сюжэце. Аказалася, што яна ўжо знаходзіцца ў Беларусі.
У эфіры жанчына казала, што ўдзел у чатах не мае сэнсу, што яны кантралююцца польскімі спецслужбамі, заяўляла пра кантакты з BYPOL, расказвала нюансы сваёй працы. Паводле версіі прапагандыстаў дзяржСМІ, яна перагледзела свае перакананні і вырашыла вярнуцца з-за мяжы, каб «выкупіць віну» добраахвотным прызнаннем.
Аднак, як расказалі ў BYPOL, насамрэч Курыліну завабілі на радзіму беларускія спецслужбы. Нібыта яе папрасіў вярнуцца малады чалавек, які абяцаў «вырашыць усе пытанні», аднак гэта аказалася спецаперацыяй КДБ.
Цяпер ёй пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.