За мінулы год на кантрольным посце «Рэдзькі» на мяжы Віцебскай вобласці і РФ супрацоўнікі ДАІ склалі амаль 50 тысяч пратаколаў на кіроўцаў-замежнікаў. Рэкардсменам стаў расіянін, які 157 разоў перавысіў хуткасць у Беларусі, паведамілі «Мінск-Навінам» у ДАІ.
Усіх вінаватых прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за перавышэнне хуткасці, зафіксаванай з дапамогай фотарадараў. Яны заплацілі штрафаў на агульную суму звыш 1,5 млн рублёў.
— За 5 км да паста ўсталяванае спецыялізаванае абсталяванне, якое фіксуе аўтамабілі з замежнымі нумарамі і правярае іх па базе парушэнняў. Калі высвятляецца, што раней на машыне перавысілі хуткасць, то адпаведная інфармацыя перадаецца на пункт. Далей інспектар ДАІ спыняе аўтамабіль, тлумачыць кіроўцу, што ён парушыў. На посце яму дэманструюць фатаграфію з указаннем месца, даты і часу перавышэння хуткасці, раздрукоўваюць пастанову і прапануюць на месцы з дапамогай тэрмінала выплаціць штраф, — расказаў начальнік аддзела ДАІ Дубровенскага РАУС Павел Спічонак.
Паводле яго, трапляюцца рэкардсмены па колькасці нявыплачаных штрафаў. На рахунку асобных ліхачоў — дзясяткі парушэнняў ПДР. У 2016 годзе 47-гадовы кіроўца з Расіі 157 разоў перавысіў хуткасць на беларускіх дарогах. У выніку ён вымушаны быў заплаціць шматлікія штрафы на агульную суму 7612 рублёў.
Нагадаем, 14 лістапада ўступіла ў сілу пагадненне Беларусі і Расіі пра ўзаемнае прызнанне штрафаў за парушэнні ПДР.
Сутнасць у тым, што выкананне або аспрэчванне рашэнняў па адміністрацыйных парушэннях у галіне дарожнага руху ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам краіны, на тэрыторыі якой было здзейсненае парушэнне. То-бок не аплачаны жыхаром Расіі штраф за парушэнне на тэрыторыі Беларусі будзе спагнаны ў Расіі пасля атрымання запыту беларускага боку і наадварот. Сродкі ад выплаты штрафу паступяць у бюджэт краіны, на тэрыторыі якой ён спагнаны.
Аднак, да прыкладу, калі расіянін перавысіць хуткасць у Беларусі на 15 км/г, то ў Расіі ў выкананні запыту адмовяць, бо адказнасць за гэтае правапарушэнне на тэрыторыі РФ адсутнічае — штрафы выпісваюць пры перавышэнні хуткасці на 20 і больш км/г.
Чытайце таксама