Мастак Аляксей Кузьміч зноў рызыкнуў і з’ездзіў у Беларусь. Праўда, гэтым разам для вывазу яго з краіны давялося задзейнічаць службу эвакуацыі фонду BYSOL. «Люстэрка» распытала мастака, навошта ён наважыўся на небяспечнае падарожжа.
«Люстэрка» нагадвае сваім чытачам, якія цяпер знаходзяцца за мяжой, што да пытання паездкі ў Беларусь трэба ставіцца максімальна адказна, нават калі для гэтага ёсць важкія прычыны. Нядаўна мы пісалі пра выпадак затрымання мужчыны, які вырашыў паехаць у краіну, каб абмяняць пашпарт. Вядомыя таксама іншыя факты затрыманняў людзей, якія доўгі час знаходзіліся за мяжой і вырашылі з нейкіх прычын вярнуцца дадому.
Аляксей Кузьміч з’ехаў з Беларусі яшчэ ў 2020 годзе пасля правядзення палітычных перформансаў на выбарчым участку і паслявыбарчых пратэстах. Улетку мінулага года ён нечакана вярнуўся ў Мінск, каб атрымаць новы пашпарт і замяніць пасведчанне кіроўцы. Паралельна Аляксей правёў акцыю «Транзіт», зняў усё на відэа і апублікаваў яго ўжо пасля паспяховага выезду з краіны.
У сярэдзіне снежня 2023 года Кузьміч зноў наважыўся на небяспечнае падарожжа. Гэтым разам, кажа, прыехаць у Мінск яго вымусілі сямейныя абставіны.
— Я атрымаў сумныя весткі, мне паведамілі, што мая бабуля памірае, таму я тэрмінова паехаў у Беларусь, — расказаў мастак «Люстэрку». — Ехаў аб’язнымі шляхамі, пераадолеў 5 тысяч кіламетраў, у мяне было чатыры перасадкі. За некалькі гадзін да таго як я прыехаў, бабулі не стала, і я займаўся ўсімі пахавальнымі справамі.
Пасля Новага года знаёмыя паведамілі Кузьмічу, што яго шукае міліцыя. А ўжо 14 студзеня ў кватэру сваякоў мастака прыйшлі супрацоўнікі Следчага камітэта.
— Распытвалі пра мяне, сказалі, што распачатая крымінальная справа за акцыю, якую я правёў летась на мосце на Нямізе, — кажа Кузьміч. — І яшчэ сказалі, што я ў вышуку, і паабяцалі, што калі здамся сам, то ўсё абмяжуецца штрафам.
Аляксей вырашыў не правяраць, ці стрымаюць супрацоўнікі СК слова, і з’ехаў у вёску. Там ён заставаўся да пачатку лютага, пакуль суседзі не паведамілі, што па дамах пачаў хадзіць участковы.
— Канкрэтна мяне ён не шукаў, але цікавіўся ў жыхароў, хто жыве ў іх і суседніх дамах, ці няма там непрапісаных людзей, — расказаў Кузьміч. — Думаю, гэта было звязана з блізкімі выбарамі. Я зразумеў, што ўчастковы можа праверыць мае дакументы, і пачнуцца праблемы. Вырашыў тэрмінова з’язджаць.
Для выезду давялося задзейнічаць службу эвакуацыі фонду BY SOL.
Гэтая эвакуацыя экстраардынарная тым, што чалавек неаднаразова падвяргаў сябе небяспецы, вяртаючыся ў Беларусь, што пацягнула за сабой значныя наступствы (крымінальны пераслед) і стварыла дадатковую нагрузку на службу эвакуацыі BYSOL, — напісаў кіраўнік фонду Андрэй Стрыжак у сваім тэлеграм-канале.
Кіраўнік BYSOL яшчэ раз заклікаў усіх беларусаў ставіцца адказна да рашэння пра паездку на радзіму. «Мы робім усё магчымае, але не заўсёды зможам прыйсці на дапамогу», — папярэдзіў Андрэй Стрыжак.
Чытайце таксама