Упершыню ў Афрыку Таццяна Гендэль, журналістка і падарожніца з Брэста, паехала дзесяць гадоў таму. Тады за пяць месяцаў, з бюджэтам адзін даляр на дзень, яны з сябрамі аўтастопам праехалі Кенію, Уганду, Танзанію, Замбію і Намібію. Да Афрыкі ў Таццяны асаблівыя пачуцці, і сёлета яна вярнулася туды зноў, прычым выбрала Эрытрэю — дзяржаву, якая лічыцца адной з самых жорсткіх дыктатур у свеце з працоўнай павіннасцю і бестэрміновай вайсковай службай. Якой дзяўчына ўбачыла краіну, яе жыццё і народ і што там нагадала ёй Беларусь? Пра ўсё яна расказала «Люстэрку».
Эрытрэя — дзяржава ва Усходняй Афрыцы. Раней уваходзіла ў склад Эфіопіі і 30 гадоў, да 1991 года, ваявала за сваю незалежнасць. У 1993-м атрымала міжнароднае прызнанне. З таго часу краінай кіруе прэзідэнт Ісаяс Афеваркі, ён жа ўзначальвае адзіную легальную палітычную партыю «Народны фронт за дэмакратыю і справядлівасць». Увесь гэты час, ужо больш за 30 гадоў, не праводзіліся выбары ні прэзідэнта, ні чальцоў Нацыянальнай асамблеі — мясцовага заканадаўчага органа. Краіна лічыцца адной з самых жорсткіх дыктатур свету. Там няма незалежнай прэсы, большасць палітвязняў знаходзіцца ў зняволенні няпэўны тэрмін, не мае сувязі з вонкавым светам, зазнаюць катаванні і псіхалагічны гвалт.
Апошнім часам Эрытрэю называюць саюзнікам Расіі: у лютым 2023-га Генасамблея ААН прыняла рэзалюцыю пра неабходнасць найхутчэйшага дасягнення міру ва Украіне. Супраць прагаласавалі сем дзяржаваў, у тым ліку Беларусь, сама Расія і Эрытрэя.
Значная частка краіны закрытая для наведвання турыстамі, пры гэтым сталіца лічыцца адной з самых бяспечных у Афрыцы.
«Было шмат флэшбэкаў, звязаных з Беларуссю. Першая думка была: „Божа, як жа тут чысценька!“»
Таццяне Гендэль 35 гадоў, і яна аб’ехала 65 краін, з якіх дзесяць — у Афрыцы. Два з паловай гады таму праз палітыку Таццяна з’ехала з Брэста і цяпер жыве ў Бельгіі. Яе партнёр Крыс — таксама падарожнік, пабываў у 118 дзяржавах, у тым ліку ў афрыканскіх.
Нядаўна на тыдзень пара зноў паляцела на гэты кантынент, прычым у даволі закрытае ад вонкавага свету месца. Білеты на дваіх туды і назад абышліся ў 1300 еўра, візы — яшчэ ў сотню.
— Нам захацелася паглядзець нешта больш дзікае і экзатычнае. Выбралі Эрытрэю, бо там такі ўнікальны дыктатурны, аўтарытарны рэжым, што цяпер вельмі адгукаецца мне як беларусцы (смяецца). Ну і гэта даволі цікавая краіна, Былая італьянская калонія — я ў такіх краінах яшчэ не была, хацелася паглядзець, як гэты перыяд на ўсё паўплываў. Турыстаў там практычна няма, і інфармацыі, як там падарожнічаць, мала — гэта вабіла, і хацелася пабыць такім умоўным першаадкрывальнікам. Вельмі хацелася ўбачыць Эрытрэю ў такім яе закансерваваным выглядзе, даведацца, што там адбываецца ўнутры.
@1_vandraunichy Паказваю прыгожыя эрытрэйскія накфы. Курс — 16 накфаў за 1 эўра #вандраўніца #африка #эритрея #беларускіцікток #асмара #беларусь #путешествия #вандроўкі #минск #приключения #деньги @Першы вандраўнічы ♬ Happy to Be Happy — Danpun
Ляцелі з Бельгіі праз Турцыю. Самалёт у Эрытрэі прызямліўся сярод ночы, а ад аэрапорта да горада — восем кіламетраў пешшу. Упэўненасці, што дарога будзе бяспечнай, не было, таму пара выклікала таксі.
— Гэта каштавала за 20 еўра — як на мясцовыя цэны шалёна дорага, — кажа Таццяна. — З таксі наогул цікавая гісторыя. У іх таксісты — прывілеяваная каста, а сама прафесія перадаецца ў спадчыну. Калі ў сям'і сыноў няма, квота разыгрываецца ледзь не на аўкцыёне, хто дасць больш, — тады іншы чалавек можа стаць таксістам. Можа, гэта не такая ганаровая праца, як настаўнік ці доктар, але грошы чалавек сям'і заробіць, без хлеба не застанецца.
Па горадзе на аўтобусе ездзіць можна — на адзін еўра купіце сем білецікаў. А вось на паездкі паміж гарадамі для турыстаў літаральна год таму ўвялі забарону на грамадскі транспарт. Каб не заставацца ў сталіцы, трэба арандаваць машыну з кіроўцам. І гэта даволі дарагая радасць: самая танная каштавала нам 130 еўра за дзень, а бралі мы яе на трое сутак.






З сабой у падарожнікаў было некалькі зараджаных паўэрбанкаў — у Эрытрэі ў 2018 годзе толькі ў паловы жыхароў быў доступ да электрычнасці. Паводле Таццяны, у многіх месцах святло там уключалі з 18 гадзін, а цягам дня ўсё працавала на сонечных батарэях.
— Наогул, у мяне было шмат флэшбэкаў, звязаных з Беларуссю. Я доўга смяялася, але, калі мы прыехалі, мая першая думка была: «Божа, як жа тут чысценька! Цяпер я разумею ўсіх, хто прыязджае да нас і ўражваецца ад чысціні». Прычым такой чысціні я не бачыла нідзе, тым больш у Афрыцы. Я назірала, як яны з раніцы мыюць тратуары нібыта нейкім шампунем, бо вада была пеннай. Сталіца Асмэра — малады горад, італьянцы проста знеслі старыя дамкі і пабудавалі ўсё з ухілам на тое, што мусіць быць другі Рым. І я б сказала, што ў іх атрымалася: горад прыгожы, з еўрапейскай архітэктурай, з вялізнымі праспектамі, тратуарамі, — кажа Таццяна. — Як і італьянцы, яны там на кожным кроку п’юць каву — вельмі густую, моцную, на велізарнай колькасці імбірнага парашку, з кардамонам і цукрам. Шалёна смачна — найлепшая кава, якую я піла.
Яшчэ кінулася ў вочы нязмушанасць. Афрыка — гэта звычайна пра нешта вясёлае, у заходняй частцы кантынента больш мясцовага каларыту а-ля б’юць у барабаны, паляць вогнішчы, танчаць і спяваюць, пякуць булачкі на вуліцах. У Эрытрэі ўсё неяк больш цывілізавана. Тут мясцовыя выглядаюць проста разняволенымі, у сталіцы вельмі стылёва апранаюцца. Наогул, тут не тыповыя цемнаскурыя людзі, як мы іх уяўляем, — з шырокімі вялікімі вуснамі, ноздрамі. У эрытрэйцаў, я б сказала, арабскія твары, тонкія вусны і завостраныя насы, прыгожыя кучаравыя валасы, і ўсе самі па сабе вельмі худыя, выцягнутыя, часам нават вельмі худыя. І не таму, што недаядаюць, — проста так складзеная фігура.
«Калі нас бачылі дзеці, крычалі: «Кітайцы!"А паліцэйскі шукаў у пашпарце імя дзядулі»
Каб убачыць гарады і вёскі за межамі сталіцы, турыстам у Эрытрэі трэба атрымліваць дазволы — паводле суразмоўніцы, яны каштавалі па два-тры еўра.
— Як гэта працуе: табе трэба прыйсці ў агенцтва, якое займаецца арэндай машын (а іх усяго два ці тры), там выдаюць паперку, што вы дамовіліся і аўтамабіль у вас тэарэтычна ёсць. З гэтай паперкай ідзяце ў Міністэрства турызму: «Вось у нас «папярэдняя дамова», дазвольце нам паехаць у такія гарады». Мы заяўлялі самыя распаўсюджаныя, каб напэўна не адмовілі, — Кэрэн (бліжэй да мяжы з Суданам) і Масаўа (на ўзбярэжжы Чырвонага мора). Праз пару гадзін забралі дазволы, вярнуліся ў пункт арэнды па машыну. Копію таго ж дазволу трэба паказаць на ўездзе ў горад і падчас засялення ў гатэль. Прычым перад засяленнем трэба зарэгістравацца ў паліцыі! Гучыць мудрагеліста, але насамрэч робіцца хутка і без затрымак.
Дарэчы, у Кэрэне быў смешны момант: паліцэйскі страшна здзіўляўся майму і Крыса пашпартам. Крычаў уголас, што ж яны такія дзіўныя і нейкія няправільныя: «Дзе ж імя дзядулі?!» Вельмі доўга яны спрабавалі ў пашпарце знайсці менавіта імя дзядулі. Прычым з боку бацькі — дзед з боку мамы іх наогул не цікавіў, як і бабуля (смяецца).





На жыццё, паходы ў музеі, ежу і машыну за тыдзень у пары пайшло каля 760 еўра. Таццяна і Крыс спачатку думалі, што па выдадзеных уладамі дазволах змогуць паглядзець толькі названыя ў іх гарады. Але ў выніку ўдалося ўбачыць вёскі, якія трапляліся па дарозе.
— Мы сціпла прасілі кіроўцу спыніцца — ён прыязна рэагаваў, нават месцамі выходзіў нешта з намі паглядзець. Мы думалі, што ён так своеасабліва за намі прыглядваў, але ён даволі часта пакідаў нас адных або ў горадзе адпускаў саміх пагуляць. Калі зразумелі, што не так ужо нас абмяжоўваюць, пачалі вальней хадзіць, часам наважваліся зазірнуць у мясцовыя дамкі. Яны часта традыцыйныя — кругленькія з саломы і гліны. Ёсць звычайныя, пабудаваныя з цэглы.
Людзі ў вёсках апранаюцца сціплей, можа, не так стылёва, як у гарадах, але традыцыйна. Жанчыны носяць белую хустку, шмат хто ў квяцістых сукенках. Дзеткі — такія тыпова афрыканскія: у нейкіх абносках, больш абарваныя-можа, каб не шкада было вопратку выпацкаць на вуліцы. З іх боку, дарэчы, да белых празмерная цікавасць. Прычым дзеці, як толькі нас бачылі, пачыналі гарлапаніць: «Кітайцы!» Гэта трошкі раздражняла (смяецца). Аказалася, што кітайцы ў Эрытрэю прыязджаюць па прамысловых справах і бізнесе, а іншых белых асабліва няма, таму дзеці так прывыклі: раз з белай скурай, то з Кітая.
Эрытрэя — адна з найбяднейшых краін свету. Таццяна расказвае, што тое жыццё, якое ім удалося ўбачыць у паездцы, бедным яна б не назвала. Але мяркуе, што так вонкава ўсё можа выглядаць у даступных турыстам месцах.
— Інтуіцыя мне падказвае, што на зусім беднае насельніцтва нам не далі глядзець — мабыць, яно ў рэгіёнах, якія забароненыя наведваць. Вёскі там дагледжаныя, хоць зразумела, што па беларускіх мерках там жывуць вельмі сціпла, але па афрыканскіх — я б так не сказала. Я была ў трушчобах Найробі — гэта значна больш жорстка. У Эрытрэі вёскі жывыя, па іх прыемна шпацыраваць, часта яны праваслаўныя, таму там шмат прыгожа распісаных акуратненькіх цэркваў. Абавязкова — нейкая кавярня. Хай не як у горадзе, але табе звараць каву, прычым яшчэ і пры табе пасмажаць на вогнішчы зерне, у ступцы змелюць. І заўсёды ёсць крама.
— Асартымент нас вельмі здзівіў, улічваючы, што гэта вельмі закрытая краіна. Летась я была на Кубе, і там нешта, акрамя хлеба і памідораў, складана было купіць у крамах. Але тут два-тры віды макароны, крупы, яйкі — усё ёсць нават у самай сціплай краме. У буйным супермаркеце ў сталіцы ёсць усе еўрапейскія прадукты, хай не вялікай колькасці, але і цэны, вядома, уразілі: літр соку — сем еўра, кілаграм маленькіх зморшчаных яблыкаў — дзесяць еўра. То-бок усё можна памнажаць на тры, а гэта відавочна нават не для сярэдняга пласта насельніцтва.
Таццяна кажа, што нацыянальная кухня ў Эрытрэі прадстаўленая рознымі відамі адной і той жа стравы — інджэры, часта адной порцыі дастаткова для двух чалавек.
— Гэта велізарны, памерам з маленькі часопісны столік, блін, да яго ідуць закускі-падліўкі. Або кавалачкі мяса ў гародніне і соусе, даволі смачна. Таннейшы варыянт — кашка з бабоў і шпінату, каштуе капейкі. Ідэя такая, што вы кампаніяй сядайце вакол бліна, адшчыкваеце пальцамі кавалачкі і падхопліваеце гэтую поліўку-соус, потым заказваеце яшчэ. У даражэйшых месцах порцыя разам з салатай каштавала дзесяць еўра на дваіх. Ёсць супы — з агародніны ці мясныя. Мы, як правіла, елі шмат адзін раз на дзень і былі сытыя. Плюс на дварэ горача, есці асабліва і не хочацца. А перакусваць можна садавіной — гуава, бананы, апельсіны і папая каштуюць нядорага.




«Хлопец пытаў: «Ці ведаеце вы пра нашага прэзідэнта?»»
Таццяна расказвае, што ў краіне мала машын — вельмі невялікі працэнт насельніцтва можа сабе іх дазволіць.
— У Эрытрэі шалёна дарагі бензін — каля двух еўраў за літр. Такая еўрапейская цана, калі заробкі, натуральна, маленькія. Пры гэтым аказалася, што прэзідэнт не вельмі любіць матацыклы. Гэта ўнікальна для Афрыкі: там шмат байкаў і тук-тукаў (або мотарыкшаў) — такая прымацаваная да матацыкла карэта. Вось мясцоваму дыктатару яны не падабаюцца, і ён іх не забараніў, але зрабіў неймаверна складаным атрыманне дакументаў на куплю. Таму за чатыры дні ў сталіцы я налічыла, можа, пяць матацыклаў. Усе ездзяць на роварах. Веладарожак няма, так што тыя шырокія праспекты ў асноўным для раварыстаў і адведзеныя. І гэта выдатна: мала шуму, машыны не гудуць, у іх абмежаванні па хуткасці да 30 км/г у горадзе. Толькі думаеш дарогу перайсці — яна ўжо спыняецца.
Там такі прэзідэнт-дыктатар з ухілам у экалогію (смяецца). Яму, відаць, не падабаецца, калі ўсё заваленае пластыкавым смеццем: у краіне забароненыя пластыкавыя пакеты (забарона дзейнічае ў шэрагу іншых краін Афрыкі — напрыклад, Кеніі, Руандзе, Маўрытаніі, Нігерыі. — Заўв. рэд.). За гэтым там строга сочаць, калі ў іншых афрыканскіх краінах закон насамрэч не асабліва працуе. У любой краме, на рынку вам прадукты ці тавар загорнуць у нешта папяровае. Апошні раз нам трапіўся канверт з задачай па фізіцы за шосты клас. Вядома, дзесьці трошачкі пластык ёсць, але яго выдаюць акуратна. Вельмі папулярныя шчыльныя пакеты, як нашыя клятчастыя торбы, толькі ружовыя і з намаляваным вярблюдам. Яны каштуюць дорага для мясцовых — 30 еўрацэнтаў. Напэўна, даволі чыста за кошт гэтага закона — выкідваць няма чаго, усё папера. Хоць за горадам могуць дзесьці бутэлькі, нейкія пакеты валяцца.
Калі ў Эрытрэю прыедуць турысты, не знаёмыя з мясцовай палітычнай сітуацыяй, вонкава і ў зносінах з мясцовымі відавочных прыкмет жорсткіх абмежаванняў для насельніцтва яны не заўважаць, кажа Таццяна. Хоць краіна — у антытопе па ўзроўні грамадзянскіх свабод і свабоды прэсы і па некаторых паказчыках час ад часу апярэджвае нават Паўночную Карэю.
— Неспрактыкаванаму воку гэта не відаць. Людзі не выглядаюць прыгнечанымі — усе з выгляду шчаслівыя і добразычлівыя. Карцінка складваецца вельмі прывабная, гэта моцна падкупляе і вельмі хочацца падмануцца: «А можа, гэта ўсё няпраўда?» Але ў той жа час выклікае дысананс, бо ведаеш, што ў краіне з правамі чалавека, і разумееш, што знаходзішся ў адной самых жорсткіх дыктатур свету.
Пры гэтым у вочы кідаецца адсутнасць паказнога культу асобы. Партрэта прэзідэнта няма нідзе, хоць мы не былі ў якім-небудзь судзе, школах, урадавых будынках. Але вось у паліцыі не бачылі. Сцяг, праўда, яны свой любяць, яго шмат, ім ўпрыгожаныя будынкі, тая ж жаночая сукенка можа быць у колерах сцяга. Але не ведаю, ці любяць яго насамрэч самі людзі. А дыктатар нібыта сціплейшы. Я не паглыблялася ў дэталі, але мне падалося, што ён хітранькі, стараецца і дыктатуру захаваць, і Еўропу моцна не злаваць, каб атрымліваць нейкія грошы ў абмен на паслабленні ў плане гарантавання правоў людзям. Хоць звонку складана меркаваць, што ўнутры грамадства адбываецца. Але на вуліцах усё даволі свабодна, не сказаць, што аж кансерватыўна. Парачкі ходзяць за ручкі, абдымаюцца, а ў сем’ях, думаю, такі «традыцыйны лад»: на жанчыне хатні ачаг, дзеці, а мужчына зарабляе грошы.




Таццяна кажа, што мясцовы народ вельмі ветлівы і добразычлівы як з прыезджымі, так і ў зносінах паміж сабой. З турыстамі часта самі знаёмяцца першымі, цікавяцца, адкуль чалавек, ці падабаецца яму Эрытрэя, архітэктура, кухня, могуць паскардзіцца на надвор’е і спякоту. Пры гэтым далей не просяць грошай, як часта бывае ў афрыканскіх краінах, адзначае суразмоўніца. На простых бытавых тэмах зносіны часта заканчваюцца — палітыку і сітуацыю ў краіне з замежнікамі людзі абмяркоўваць баяцца.
— Паліцыі на вуліцах няма. Але мы пазнаёміліся з хлопцам гадоў 35, які тлумачыў, што шмат шпіёнаў, якія выглядаюць як звычайныя людзі і за ўсімі глядзяць: то нешта купляюць і зыркаюць, то ў кавярні сядзяць. Мы ўвагі да сябе ці чагосьці такога ў цэлым не заўважылі, але, можа, гэты хлопец і мае рацыю. Мы да канца не зразумелі, наколькі яму можна давяраць, стараліся размаўляць акуратна.
Ды і ён вельмі перажываў, сам пытаў: «Ці ведаеце вы пра нашага прэзідэнта?» На вуліцы ў кожным, хто прасіў грошы, бачыў таемнага агента або шпіёна. Лічыць, што ва ўсяго ёсць вушы і размаўляць небяспечна ўсюды. Небеларусу ён падаўся б параноікам, але я яго крыху разумею. Мы пайшлі піць каву ў вельмі шумную кавярнню, і нават там ён казаў слабым шэптам, нібыта нават птушкі слухаюць размову і ўсё перададуць. Можа, гэта перабольшана, але не без прычыны людзі напалоханыя — ёсць высылкі ў лагеры на працы, калі табе нешта не падабаецца ў дзейнасці дзяржавы (у Эрытрэі распаўсюджаны прымус дзяржавай насельніцтва да працы, краіна — у лідарах у Глабальным індэксе рабства. — Заўв. рэд.). Нават мужычкі ў кавярнях неахвотна адказвалі. Адзін кажа: «А вы, калі ехалі, нешта чыталі пра краіну, мову? Ну, тады, напэўна, і пра прэзідэнта нашага трошкі ведаеце». Кажу: «Так». Ён: «Ну, тады ўсё разумееце». Напэўна, гэта адзіныя выпадкі, калі мясцовыя падзяліліся, што ў іх адбываецца.
«Пашпарта не даюць «па змаўчанні» — ідзі «заслужы». У войска могуць забраць на 20 гадоў»
Пры гэтым беларусцы ўдалося даведацца меркаванне мясцовых пра сітуацыю з войскам. У яе прызываюць і жанчын, для некаторых мужчын тэрмін службы можа доўжыцца дзесяцігоддзямі — гэта трымае людзей у пастаянным напружанні. І пагаварыць пра некаторыя забароны для насельніцтва — да прыкладу, у краіне мужчынам не выдаюць пашпарт проста па наяўнасці грамадзянства.
— Было вельмі цікава даведацца пра вайсковую павіннасць, бо ў Эрытрэі яна пажыццёвая, нічым не абмежаваная — цябе могуць забраць у войска на 20, 30 або 40 гадоў. Але практыка паказала, што часта забіраюць на некалькі гадоў, а далей мужчыны кожны тыдзень абавязаныя мінімум адзін дзень адпрацаваць бясплатна на нейкім аб’екце. Як я зразумела, няма нейкай схемы накшталт «ёсць вышэйшая адукацыя — служыш тры гады». Ты можаш быць звычайным пастухом, і ад цябе адчэпяцца, калі адслужыш паўтара года, а можаш з універсітэцкім дыпломам адслужыць 15 гадоў і потым па тры дні на тыдзень адпрацоўваць. Адсутнасць сістэмы — нібыта таксама элемент дыктатуры, каб усе ўвесь час баяліся. Адзінаццацікласнік казаў, што з жахам чакае, што яму падкіне гэтая «латарэя».
У Эрытрэі з 1994 года дзейнічае прызыў у войска. Служба дзеліцца на два кампаненты — вайсковы (падпарадкоўваецца Мінабароны) і цывільны (падпарадкоўваецца іншым міністэрствам). У 2018 годзе ўлады паабяцалі, што тэрмін службы будзе роўны 18 месяцам, але фактычна нічога не змянілася — паводле звестак Еўрапейскага офіса па пытаннях прытулку, распаўсюджаныя выпадкі, калі мужчынам даводзілася служыць ад 10 да 20 гадоў.
Пашпарт не даюць «па змаўчанні» — ідзі «заслужы». Калі хочаш выехаць з краіны, спачатку трэба гэтую павіннасць адпрацаваць. Наколькі я зразумела, бываюць выпадкі, калі чалавеку трэба 15 гадоў прабыць у войску, а пасля яшчэ 20 адпрацаваць — можа, да 60 пашпарт і дадуць. І наогул, каб выехаць, трэба выканаць шэраг умоваў. А людзі імкнуцца з’ехаць, хоць цяпер у Еўропе іх ужо не так лёгка прымаюць, і таго, што ты з Эрытрэі, больш недастаткова, каб табе далі статус бежанца.
У Эрытрэі вялікія праблемы з інтэрнэтам — доступ да яго ў 2017 годзе мела менш за 2% насельніцтва, камп’ютары — 3,3%. Пры гэтым у гарадах працуюць інтэрнэт-кавярні, хоць хуткасць перадачы дадзеных, з досведу Таццяны, вельмі нізкая.
— Тарыфы розныя, напрыклад, за гадзіну — еўра. За месяц — каля 80 еўра. Там стаяць лавачкі, спецыяльная навучаная цётка дае табе паперку з лагінам і паролем, тэлефон падключае да камп’ютара, загружае VPN. Тэарэтычна ты можаш заходзіць на розныя сайты, але на практыцы працуе толькі WhatsApp і толькі на паведамленні. Ды і чакаеш хвілін пяць-шэсць, пакуль яно загрузіцца, потым яшчэ — пакуль прыйдзе адказ. Я літаральна напісала маме, што жывая-здаровая, а на большае цярпення не хапіла. Але мясцовыя, напэўна, прывыклі і доўга, метадычна сядзяць. «Сёрфіць» і глядзець відэа там немагчыма. Наш кіроўца, напрыклад, перасылаў мне відэакліпы праз Bluetooth — так можна чымсьці абменьвацца.
Але з відэа іншая тэма — у іх шмат відэапракатаў, там папачкі з велізарным каталогам фільмаў у файліку, і за даляр можна загрузіць на тэлефон пяць штук. Дома, можа, скінуць на тэлевізар ці камп’ютар.
Праз адсутнасць свабоднага доступу да інтэрнэту ў эрытрэйцаў складанасці з самаадукацыяй. Пры гэтым у краіне, дзе больш за ўсё распаўсюджаныя мясцовая мова тыгрынья і арабская, людзі за 70 гавораць на італьянскай. Многія ведаюць англійскую. У моладзі ёсць жаданне вывучыць замежную мову і атрымаць добрую адукацыю.
— Людзі могуць абмеркаваць простыя тэмы, падказаць дарогу, расказаць пра свой тавар, калі нешта прадаюць. Не квантавую фізіку і чорныя дзіркі абмеркаваць, вядома… Але мяне здзівіла, што яны вучаць англійскую гэтак жа, як і мы, — проста ў школе. Але чамусьці, аказваецца, ведаюць яе значна лепш. Я б не сказала, што моладзь вельмі добра гаворыць, але нават людзі старэйшыя за 60 ніштавата ведаюць мову. У вёсках горш, але ў глухой вёсцы бабуля прадае якую-небудзь гуаву і спакойна адказвае, колькі яна каштуе. Магчыма, сур’ёзны фактар — што няма дубляжу фільмаў, і яны глядзяць іх у арыгінале з мясцовымі субтытрамі.





Некалькі хлопцаў і дзяўчат, дарэчы, казалі нам, што ў іх велізарная любоў да англійскай, яны спрабуюць яе вывучаць. Вось хлапчук, той адзінаццацікласнік, з якім мы размаўлялі на тэму арміі, гаварыў на шыкоўнай англійскай з амерыканскім вымаўленнем. Я здзівілася: «Як ты сам вывучыў мову?» Ён тлумачыў: «Я б хацеў стаць праграмістам, мне так падабаецца англійская! Так, складана, запампоўваў у знаёмых музычныя кліпы і стараўся слухаць, паўтараць словы, перакладаць». І глядзіш — хлопчык з вёсачкі, на разваленым ровары, бедна апрануты, мабыць, з незабяспечанай сям'і, але ў яго так гараць вочы! У чалавека вялікае жаданне, а магчымасцяў няма. Уяўляеце: мы ў інтэрнэце коцікаў глядзім, а чалавек без яго спрабуе мовы вучыць. Можа, ён нейкі другі Эйнштэйн, лекі ад раку прыдумае, а яго пасадзілі ў клетку і не даюць нават кніжак.
Пабываць у асабліва маляўнічых месцах Эрытрэі беларусцы не ўдалося — дабірацца складана праз бездарожжа, трэба арандаваць паўнапрывадную машыну, а гэта каштуе ад 250 еўра за дзень. Але Таццяна адзначае, што мясцовыя жыхары зайздросцяць турыстам, якія заязджаюць да іх, магчымасці падарожнічаць і бачыць свет у прынцыпе.
— Кажуць: «Як вам пашанцавала. Нам бы таксама хацелася ў Еўропу, як было б цудоўна некуды паехаць». Наогул, здалося, што людзі — вельмі творчыя, здольныя. Заходзіш у пустую вясковую крамку, а яна ўпрыгожаная, ляжаць прыгожа складзеныя сурвэткі. Відаць, што людзі не пазбаўленыя эстэтычнага густу. Гэта добры, талковы, добрасумленны народ, з цікавай і багатай культурай, гісторыяй, людзі ўпрыгожваюць сваё жыллё, хочуць працаваць. Таму было асабліва шкада бачыць, што ёсць велізарны патэнцыял, а яго глушаць. Мы хаця б можам з’ехаць са сваёй краіны, а яны проста замкнутыя ў ёй.
Вылет дадому ў суразмоўніцы і яе партнёра таксама быў ноччу. Пераканаўшыся, што краіна «выглядае бяспечна і дробнага бытавога крыміналу як мінімум у гэтай яе частцы няма», да аэрапорта пара дабіралася ўжо пешшу.
— Мы наогул там гулялі ноччу. Вяртаючыся з вёсак пусткамі, эўкаліптава-кактусавымі лясамі, па закутках. І сустракалі толькі дабрадушных людзей, якія яшчэ і дарогу падказвалі. Калі ішлі тыя ж 8 км да аэрапорта, нас толькі папярэдзілі асцерагацца гіен і трымацца дарогі. У Эрытрэі мясцовыя не прышпільваюць ровары, тэлефон трымай у руках спакойна колькі заўгодна — ніхто не падумае яго вырваць. Напэўна, за ўсё гэта пагражаюць велізарныя санкцыі з боку дзяржавы. Усё пад жорсткім кантролем, а займацца крыміналам дазволена, скажам, толькі аднаму чалавеку ў краіне.
Таццяна і Крыс далей запланавалі паездку ў Швецыю, хоць у цэлым жанчыне ўжо не так цікава ездзіць па Еўропе. Але летам пара зноў паедзе ў Афрыку — у Руанду і Бурундзі.
— Гэты кантынент я вельмі палюбіла, хоць не магу лагічна растлумачыць чаму. Рэгіён даволі дзікі, не такі прыемны і «чыльны», як Азія. Нічога агульнага з Тайландам ці В’етнамам няма — Афрыка значна больш жорсткая, дарагая, агрэсіўная, шумная. «На расслабоне» не паездзіш — трэба быць сабраным, асабліва ў заходняй частцы. Ад многіх відаў не атрымліваеш асалоды — назіраеш часам, як людзі жывуць на нейкіх кучах смецця, у пабудаваных, як той казаў, з г*ўна і палак дамах. Але мне падабаецца так выдзіраць сябе з камфортнай атмасферы ў суровыя ўмовы — гэта дае нетыповыя ўражанні і адрэналін, вярэдзіць розныя пачуцці, — кажа Таццяна і жартуе: — І я вяртаюся адтуль з думкай: «Ух, гэта, вядома, было жорстка. Дзякуй богу, што я там не жыву!»
Як жывецца ў Беларусі? А як у іншых краінах? «Люстэрка» — гэта праект пра людзей і для людзей. Праз гісторыі беларусаў мы шчыра расказваем пра жыццё ў розных кутках свету — нават у самых экзатычных і недаступных.
Падтрымайце рэдакцыю
Станьце патронам «Люстэрка» — журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.
Усё пра бяспеку і адказы на іншыя пытанні вы можаце даведацца па спасылцы.
Чытайце таксама


