Жыхарка падмаскоўнай Балашыхі (Расія) трымала ў рабстве пяцярых мужчын і жанчыну з Беларусі. Супраць яе распачалі крымінальную справу, паведамілі ў прэс-службе МУС Расіі.
Паводле звестак паліцыі, зламысніца забрала тэлефоны і дакументы сваіх ахвяр, утрымлівала ў кватэры, а таксама «выкарыстоўвала супраць іх фізічны і псіхалагічны гвалт».
Падазраваную затрымалі. Падчас ператрусу ў яе дома знайшлі таблічкі, на якіх напісаныя просьбы дапамагчы, грошы і дакументы. Паводле звестак паліцыі, жанчына прымушала нелегальных работнікаў прасіць міласціну на вуліцах. Яна прыводзіла мігрантаў на месца «заробкаў», дзе кантралявала іх.
Распачатая крымінальная справа пра выкарыстанне рабскай працы. Санкцыя артыкула прадугледжвае да дзесяці гадоў пазбаўлення волі.
Раней рух «Альтэрнатыва» расказваў гісторыю 63-гадовага Віктара Чыкунова, які прыехаў з Беларусі на заробкі ў Расію. Дома ў мужчыны, прызнанага інвалідам, нікога і нічога не засталося, а ў Маскве яму прапанавалі зарабіць. Ён трымаў сувязь з расіянкай Наталляй, яна запрасіла яго ў кватэру ў Балашысе. Калі Віктар прыехаў, у яго адразу ж забралі пашпарт. Акрамя яго ў кватэры было яшчэ пяць-шэсць чалавек. Так Віктар трапіў у рабства: кожны дзень яго адвозілі ў розныя месцы і прымушалі прасіць міласціну.
Паводле яго, «змена» доўжылася да позняга вечара, а штодзённы даход кожнага чалавека складаў ад 6000 да 8000 расійскіх рублёў (каля 65−87 даляраў. — Заўв. рэд.). Грошы раз на некалькі гадзін збіралі тыя, хто за ім назіраў. Акрамя грошай мінакі давалі жабракам прадукты — іх трэба было прыносіць у абшчак. Есці падчас працы было нельга: Наталля ўвесь час палохала гісторыяй аднаго мужчыны, якога моцна збілі за тое, што ён паеў падчас «працы». Пра ўцёкі Віктар і іншыя мужчыны нават не думалі — не ведалі, дзе знаходзяцца пашпарты.
На беларуса звярнула ўвагу жыхарка Падольска. Яна высветліла, што дзядуля робіць гэта не па сваёй волі, але самастойна сысці баіцца, ды і сыходзіць яму папросту няма куды. Пра гэта яна расказала «Альтэрнатыве».
Валанцёры руху выехалі на месца для праверкі інфармацыі, а калі пераканаліся ў яе праўдзівасці, выправіліся да Наталлі, якая трымала беларуса ў рабстве, у суправаджэнні паліцыі.