Салігорскі вандроўнік Аляксандр Гойшык працягвае сваю кругасветку. Мінулым разам ён расказваў, як падарожнічаў па Манголіі, а цяпер зноў вярнуўся ў Кітай. У гэтай серыі сваіх нататак Гойшык апісвае паўночную частку краіны — Сіньцзянь-Уйгурскі аўтаномны раён. Гэты самы вялікі раён Кітая параўноўваюць з канцлагерам (а яшчэ нядаўна «Белавія» запусціла туды прамы рэйс).
Мангольскія «чаўнакі», казахскія хіты і кітайскія пракураныя гатэлі
Мангольска-кітайскую мяжу нельга перайсці пешкі, толькі на аўтобусе, поўным «чаўнакоў», якія ездзяць «на закупы» ў Кітай. Там існуе малы памежны рух, дзякуючы якому манголы, жыхары памежных раёнаў з КНР, могуць прыязджаць без візы ў акрэсленыя мястэчкі. У Манголіі выбар значна горшы, і цэны адчувальна вышэйшыя. Таму ездзяць у Кітай, адкуль цягнуць усё што можна. Неяк прыгадаліся сябры ў Брэсце, у якіх дома з прадуктаў беларускай вытворчасці былі толькі хлеб і бульба, усё астатняе яны прывозілі з Польшчы.
Як я расказваў у мінулай серыі, білет на аўтобус у Кітай мне дапамаглі купіць праз інтэрнэт мае новыя сябры-спадарожнікі. Яны ж папярэдзілі, што пажадана прыйсці хаця б за гадзіну да адпраўлення, каб загадзя заняць месца ў аўтобусе, бо пасажыраў на яго можа быць значна больш, чым месцаў. На форумах падарожнікаў я прачытаў, што на кітайскай мяжы трэба быць гатовым да вельмі пільнага кантролю. Нібыта раней нават правяралі тэлефоны і маглі на іх паставіць шпіёнскія праграмы. Вось адкуль беларускія памежнікі набраліся досведу!
Такі моцны кантроль звязаны з тым, што заходні Кітай — Сіньцзянь-Уйгурскі аўтаномны раён — гэта правінцыя, дзе фактычна ідзе генацыд карэннага насельніцтва рукамі кітайскіх уладаў. Пра ўсе тыя жахі, якім камуністычная КНР падвяргае мясцовых мусульманаў, я раскажу трохі ніжэй. Часам было ўражанне, што я трапіў у оруэлаўскі «1984»: Вялікі Брат у гэтай правінцыі сочыць значна больш уважліва, чым у іншых рэгіёнах краіны.
На ўсялякі выпадак я дастаў запасны тэлефон, каб на кантролі, калі што, паказаць яго. На ўездзе ў Кітай усе мае рэчы сапраўды некалькі разоў прасканавалі, а таксама «вытрыбушылі» заплечнікі і падрабязна распыталі, куды еду. Гэта зусім не той ветлівы пераход на дарозе з В’етнама. Але ўрэшце мяне ўсё ж прапусцілі і нават смартфон не сканавалі. Прывітанне, Паднябесная, даўно не бачыліся (ну, амаль)!
На кітайскім баку сустракае невялікае мястэчка, адкуль да Урумчы — сталіцы правінцыі — яшчэ амаль 600 км. Аўтобусы тут не ходзяць. На форумах чытаў, што аўтастопам таксама нельга перасоўвацца — нібыта на паліцэйскіх блокпастах замежнікаў могуць высадзіць і вярнуць назад. Не хацелася гэта правяраць і ствараць праблемы кіроўцам, якія б пагадзіліся мяне падвезці. Давялося сціснуўшы зубы выкласці ажно 40 даляраў на таксі.
Пакуль чакалі іншых пасажыраў, зайшоў у краму па прадукты ў дарогу і вельмі здзівіўся, пабачыўшы тавары з Казахстана. Аказваецца, у гэтых мясцінах па абодва бакі мяжы жывуць этнічныя казахі. У гэтым мяне дадаткова пераканаў рэпертуар песняў у таксоўцы, дзе можна было пазнаёміцца з апошнімі навінкамі казахскай поп-сцэны. Які ўсё ж цікавы свет, колькі незвычайнага можна даведацца, калі ўважліва на яго глядзець.
Да Урумчы мы, можна сказаць, даляцелі за пяць гадзінаў — на ідэальных кітайскіх аўтамагістралях на асобных адрэзках абмежаванне хуткасці — 140 км/г! Я спыніўся ў гатэлі, дзе цана ложка ў пакоі на восем чалавек — 12 даляраў. Нягледзячы на паўсюдныя забароны, іншыя госці ў маім пакоі няшчадна смалілі папіросы проста ў ложках. Гэта чыста кітайская фішка — яны кураць проста ўсюды. Спробы неяк паразмаўляць і папрасіць не курыць у нумары, паказваць шыльды з забаронамі, нават звароты на рэцэпцыю ніякага плёну не далі. Такі вось каларыт.
Татальны кантроль, «Акунусь за Беларусь!» і генацыд уйгураў
Яшчэ адзін, калі можна так сказаць, каларыт гэтай правінцыі — татальны кантроль на кожным кроку. Камераў і паліцыі тут адчувальна больш, чым у іншых частках Кітая. Паехаў паглядзець Стары горад — дык у мяне некалькі разоў праверылі пашпарт на вуліцы. Упершыню за ўвесь час падарожжа па Паднябеснай. Паводле кітайскай традыцыі, Стары горад не такі ўжо і стары, а проста рэпліка. Але ён агароджаны блокпастамі паліцыі па ўсім перыметры, дзе ва ўсіх правяраюць дакументы і скануюць заплечнікі. І, вядома, паўсюдныя кітайскія натоўпы.


У самім Урумчы не так шмат чаго глядзець — гэта індустрыяльны горад са шматлікімі заводамі. Ёсць прыгожы парк з атракцыёнамі, будысцкімі храмамі і агляднымі пляцоўкамі. У Старым горадзе мусульманскія мінарэты, падобныя да знакамітых мінарэтаў Самарканда і Бухары ва Узбекістане. Прыгожы базар з мноствам уйгурскіх прысмакаў, дзяўчаты ў нацыянальных строях танчаць народныя танцы, каб завабіць турыстаў. І за гэтым усім уважліва сочаць шматлікія кітайскія паліцыянты. Поўнае адчуванне, што ты ў нейкай рэзервацыі. Дарэчы, беларускі «Санта-Брэмар» таксама дабраўся да мясцовых супермаркетаў.
За сто кіламетраў ад Урумчы знаходзіцца возера Цянчы — напэўна, самае неверагоднае месца ў рэгіёне. Гэта нібыта кавалак маёй любімай Швейцарыі: фантастычнай прыгажосці горнае возера на фоне заснежаных шапак Цяньшанскіх гор. Але цябе не пакідае глыбокі кагнітыўны дысананс праз тое, што ўся гэтая прыгажосць агароджаная сеткай і ўтыканая камерамі. Сетка не дае выйсці на бераг, а з невялікіх гучнамоўнікаў дадаткова чуваць заклікі «не парушаць правілы і трымацца вызначаных сцежак».



На фоне фантастычнай прыроды ўсё здаецца нейкім сюрам, нават не верыцца, што яно насамрэч. Нібыта сапраўды трапіў у оруэлаўскі «1984». Я, вядома, не змог утрымацца, каб не зладзіць сваю традыцыйную акцыю «Акунусь за Беларусь!», знайшоў ціхі закуток, дзе не было агароджы, куды не глядзелі камеры, і «жастачайша» парушыў кітайскі грамадскі парадак!
Цяпер падрабязней раскажу пра тое, чаму ў гэтай правінцыі настолькі татальны кантроль. Гістарычна гэты рэгіён завецца Усходнім Туркестанам, які быў важнай часткай сярэднявечнага Вялікага шаўковага шляху. Населены цюркамоўнымі мусульманамі-уйгурамі, роднаснымі ўзбекам. Працяглы час рэгіён быў незалежным, але ў выніку шматлікіх войнаў увайшоў у склад кітайскай дзяржавы.
Камуністычныя ўлады КНР праводзілі палітыку этнічнай і рэлігійнай дыскрымінацыі, незадаволеныя уйгуры перыядычна ладзілі мірныя і не вельмі пратэсты, якія часам перарасталі ў масавыя беспарадкі. Кітайскія ўлады ў адказ на гэта распачалі жорсткія рэпрэсіі: мільёны уйгураў без суда былі зняволеныя ў так званых «лагерах перавыхавання», дзе іх катавалі. Сотні тысяч дзяцей былі сілай раздзеленыя са сваімі бацькамі і адпраўленыя ў інтэрнаты. Тысячы мячэцяў былі разбураныя, а дзейнасць ацалелых моцна абмежавалі.
Па ўсёй правінцыі былі ўсталяваныя сістэмы распазнавання твараў і выяўлення «непажаданых грамадзян». Уйгурам забаранілі насіць бароды і карыстацца роднай мовай у афіцыйных установах. Камуністычныя кітайскія таварышы зладзілі сапраўдны генацыд мусульманам-уйгурам, пакуль увесь свет толькі выказваў глыбокую занепакоенасць.
Несанкцыянаваны уйгурскі канцэрт і кітайскія велападарожнікі
Наступны горад на маім шляху — старажытны Кашгар, адзін з найважнейшых пунктаў на Вялікім шаўковым шляху. Амаль паўтары тысячы кіламетраў цягніком з Урумчы, білет каштаваў каля 20 даляраў, паездка заняла роўна суткі. Можна было ехаць іншым цягніком, дзе падарожжа займала «ўсяго» 17 гадзінаў, але на яго не было білетаў з месцамі. Памятаючы свае мінулыя ўражанні ад «народнай» кітайскай чыгункі, вырашыў, што лепш няхай даўжэй, затое з месцам.
Кашгар — горад, дзе уйгуры складаюць большасць насельніцтва, таму ўжо ў цягніку можна было адчуць увесь каларыт: жанчыны ў каляровых сукенках, мужчыны ў цюбецейках. У суседнім вагоне нават зладзілі невялічкі імправізаваны канцэрт: гралі на народных інструментах і спявалі народныя уйгурскія песні. Шмат пасажыраў з іншых вагонаў прыйшлі паслухаць, што вельмі не падабалася кітайскім праваднікам і паліцыянтам. Тыя спрабавалі спыніць «несанкцыянаванае мерапрыемства», але без асаблівага імпэту. Таму я меў магчымасць слухаць мілагучныя уйгурскія спевы цэлую гадзіну.
Тамсама, на канцэрце, пазнаёміўся з кітайскімі велападарожнікамі, адзін з іх збіраўся ехаць у Пакістан, а другі — у Тыбет. Мы засяліліся ў адзін хостэл, які каштаваў усяго тры даляры за ноч у пакоі на дзесяць чалавек (нумары таксама былі пракураныя), потым выбраліся пагуляць па горадзе.
Стары горад у Кашгаре па сапраўднаму стары — цікавае і прыгожае месца, атмасфера сярэднявечных караван-сараяў (гасцявых двароў на Вялікім шаўковым шляху). Шкада, што мае новыя сябры зусім слаба гаварылі па-англійску. З пэўнымі цяжкасцямі ўсё ж удалося зразумець, што адзін з іх мае невялікую анлайн-краму на Алібаба — найбуйнейшым кітайскім інтэрнэт-аўкцыёне. Цяпер ён перадаў справы кампаньёну і вырашыў пару месяцаў павандраваць. Іншы хлопец некалькі гадоў адпрацаваў у паліцыі, дзе вельмі добра плацяць, але занадта моцная дысцыпліна і бязглуздыя правілы. Паводле яго, ён пачаў вар’яцець ад муштры. Таму вырашыў звольніцца, узяць ровар і паехаць па краіне.




Я ўжо быў у Кашгары падчас свайго першага аўтастопнага падарожжа ў Кітай у далёкім 2015 годзе. Гэта быў мой першы горад, і я добра памятаю шок ад Паднябеснай тым разам. Мне здавалася, што я трапіў на іншую планету — настолькі ўсё было незвычайнае і незразумелае. Цяпер я ўжо значна больш дасведчаны падарожнік, таму адчуваў сябе нашмат камфортней. Нават удалося ўзяць у арэнду электраскутар, у іншых гарадах сістэма дазваляла арандаваць толькі ровары. Таму ганяў па Кашгары на ўсю моц, паглядзеў шмат цікавага і зрабіў фотку з таварышам Маа на галоўнай плошчы — маю такое ж фота дзевяцігадовай даўніны. А таксама даведаўся, адкуль ад’язджаюць таксі ў Ташкурган — кітайскае мястэчка на мяжы з Пакістанам.
Фантастычная прыгажосць Каракарумскай шашы і культурная разнастайнасць памежнага мястэчка
На наступны дзень з самай раніцы пачалося маё падарожжа па Каракарумскай шашы — самай высакагорнай дарогі на свеце, якая злучае Кітай і Пакістан. Праехаць ёю было адной з самых важных мэтаў маёй кругасветкі, разам з перасячэннем вялікай Амазонкі ў Бразіліі і «Чырвонага сэрца Аўстраліі». Каб праехаць Каракарумскай шашой, трэба атрымаць спецыяльны дазвол ад кітайскіх уладаў. Але на форумах прачытаў, што з пакістанскай візай гэтага можна не рабіць.
Спачатку з Кашгара, дзе пачынаецца гэты хайвэй, скіраваўся да памежнага Ташкургана. Таксоўка амаль на трыста кіламетраў каштавала каля 25 даляраў.
Спецыяльна прыехаў раней, каб заняць лепшае месца. Краявіды ўздоўж дарогі — гэта нешта неверагоднае! Тут нават Швейцарыя адпачывае. А частыя праверкі на блокпастах не змаглі сапсаваць атмасферу. Гэта нешта настолькі неапісальнае, што сапраўды складваецца ўражанне, нібы ты на іншай планеце. Карацей, лепш глядзіце фота!
Мястэчка Ташкурган — цэнтр Ташкурган-Таджыкскага аўтаномнага павета. Як можна здагадацца з назвы, ён населены этнічнымі таджыкамі. Тут яшчэ больш адрозненняў ад іншых частак Кітая і нават ад Кашгара. Іншыя рысы твару ў людзей, іншыя нацыянальныя касцюмы, іншая мова. Калі дадаць да гэтага мноства пакістанцаў на вуліцы, якім дазволена прыяжджаць сюды без візы дзякуючы малому памежнаму руху, то ўвогуле складваецца ўражанне, што ты ўжо не ў Кітаі, а недзе ў Сярэдняй Азіі.
Спыніўся ў надзіва цывільным хостэле за пяць даляраў, дзе нават не было накурана. Прагуляўся мястэчкам, палюбаваўся на прыгожыя строі тутэйшых жанчын. Таксама пабачыў адзін з «лагераў перавыхавання», пра якія пісаў вышэй.
Наведаў пакістанскі базар, дзе гандлююць маладыя «чаўнакі» з суседняй краіны. Пакаштаваў смачнай мясцовай ежы і пайшоў спаць. На наступны дзень трэба было ўставаць вельмі рана, каб паспець заняць чаргу па білет на аўтобус у Пакістан. Мяжу можна перасекчы толькі на аўтобусе, які адпраўляецца раз на дзень. Білеты на яго пачынаюць прадаваць толькі за некалькі гадзінаў да адпраўлення, а з улікам шматлікіх пакістанскіх «чаўнакоў» гэта можа быць задачай з зорачкай. Таму яшчэ перад світанкам я быў першым у чарзе. Адлегласць — каля 250 км, білет каштуе недзе 35 даляраў.
Купіўшы білет, трэба ісці на памежны пункт пропуску, які месціцца тут жа, непадалёк. Яшчэ адна пячатка ў пашпарт і «Зычым шчаслівай дарогі!». Толькі цяпер можна сесці ў аўтобус, які будзе ехаць да мяжы прыблізна 130 км без прыпынкаў. Паездка праходзіць пад пільным наглядам двух кітайскіх паліцыянтаў, якія таксама едуць у аўтобусе. Па дарозе на блокпастах яшчэ разы чатыры правераць пашпарты — і вось мы на мяжы. Хунджарабскі перавал — самы высакагорны памежны пераход на свеце, яго вышыня складае 4655 метраў. На кітайскім баку заўсёдныя натоўпы турыстаў фатаграфуюцца з памежнай брамай. У нас апошні раз правяраюць пашпарты. Ну вось і ўсё, бывай, Паднябесная!