Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. «Занадта блізкі да Украіны». Трамп адхіліў галоўнага прадстаўніка ЗША на перамовах праз прэтэнзіі Крамля — СМІ
  2. Лукашэнка паскардзіўся, што яго ў Расіі «перыядычна» абвінавачваюць ва «ўтрыманстве», і прывёў свае аргументы, чаму гэта не так
  3. Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным завысіў яўку на мінулых выбарах і колькасць галасоў у сваю падтрымку
  4. Улады перажываюць праз адток моладзі і думаюць, як яе ўтрымаць. Расказваем пра ідэі з закрытага дакумента (вам не спадабаецца)
  5. Кіроўцы аўтобусаў сцвярджаюць, што на мяжы з Літвой «трасуць жорстка». Ці павялічыўся час праходжання?
  6. Троллейбусная сеть Минска — крупнейшая в мире. Почему от этого транспорта отказываются во многих странах, несмотря на экологичность?
  7. Вырашылі праверыць інфармацыю ад BYPOL і паспрабавалі ўладкавацца ў дзяржарганізацыі з подпісам за Бабарыку. Расказваем, што з гэтага выйшла
  8. Мобильные операторы анонсировали изменения. Есть предупреждение для клиентов — важно сделать одно действие, чтобы не остаться без связи
  9. «Я бы сделала это и бесплатно». Поговорили с беларуской, которая сыграла в фильме, получившем пять наград на «Оскаре»
  10. Прадстаўнік Крамля: Масква супраць часовага перамір'я
  11. Чыноўнікі шмат разважаюць, што зрабіць, каб медработнікі не з'язджалі з краіны. Медсястра з мінскай бальніцы дала ім просты адказ
  12. Эксперты проанализировали вчерашнее согласие Путина на прекращение огня, но «с нюансами» — вот их выводы
  13. Калі ў Польшчы жанчына нараджае без мужа, гэта здзіўляе. Гінеколаг з'ехала з Беларусі пасля пратэстаў, а цяпер да яе стаяць чэргі ў Польшчы
  14. Путин согласен с предложением прекратить боевые действия в Украине, «но есть нюансы»
Читать по-русски


/

На мінулым тыдні расійскага рэпера Oxxxymiron (сапраўднае імя — Мірон Фёдараў) абвінавацілі ў спакушэнні няпоўнагадовых. Ужо дарослым ён гадамі камунікаваў са школьніцамі, рабіўся іх «сябрам» і «настаўнікам», паказваў парнаграфічныя ролікі і прасіў даслаць свае адкрытыя фота, а потым, калі ім спаўнялася 16, схіляў да сэксу. Пасля гэтага мы публікавалі аповед беларускі, якая прайшла праз падобны досвед, калі ёй было 15. Аднак не ўсім людзям здаецца, што ў такіх паводзінах тых, хто схіляе юных дзяўчат і хлопцаў да сэксу, ёсць нешта кепскае. У чым небяспека такога феномену, якія падлеткі больш уразлівыя і як абараніць сваіх дзяцей? Пра гэта Вольга Гома — сэксолаг і сямейная тэрапеўтка, якая працуе ў тым ліку з падлеткамі, — расказала «Люстэрку».

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: unsplash.com / Steinar Engeland
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: unsplash.com / Steinar Engeland

«Гэта сапраўды можа здавацца досыць бяскрыўдным»

— Давайце пачнём з самога паняцця «грумінг». Калі каротка, то гэта ўстанаўленне даверлівых адносін дарослага з падлеткам, каб эксплуатаваць апошняга. Што за гэтым хаваецца, калі канкрэтней?

— Грумінг сам па сабе лічыцца формай сэксуалізаванага гвалту і мае на ўвазе няроўныя адносіны дарослага з дзіцем. Яны маніпулятыўныя — каб атрымаць ад дзіцяці нейкую выгаду, у тым ліку сэксуальны кантакт, інтымныя фатаграфіі, відэа. Магчыма, нават з мэтай іх продажу. Гэта можа быць нават уцягванне дзіцяці ў сэкс-эксплуатацыю і гэтак далей. То-бок мэты грумінгу могуць быць абсалютна розныя.

Гэта можа быць нейкі знаёмы чалавек: напрыклад, выкладчык ці важаты ў лагеры. А могуць быць нават блізкія знаёмыя і сваякі: дзядулі, дзядзькі. Прычым жанчыны таксама могуць у гэтым усім удзельнічаць, натуральна.

У той жа час грумерам можа быць і незнаёмы — нехта, хто проста напіша дзіцяці, падлетку. Гэты чалавек нават можа хавацца за аватаркай школьніка ці школьніцы — каб было прасцей уступіць у нейкі блізкі кантакт. Бо калі гэта ад пачатку нейкая фатаграфія «дарослага дзядзькі з вусамі», то падлетак можа зрэагаваць не так, як хацелася б грумеру.

— Ці можна сказаць, што нейкія падлеткі больш уразлівыя да таго, каб пацярпець ад грумінгу?

— Трапіць у такую сітуацыю можа абсалютна любое дзіця, асабліва калі мы гаворым пра дарослага з блізкага атачэння.

Дзеці — у тым ліку падлеткі — часта, асабліва ў пачатку зносін, не распазнаюць, калі нешта ідзе не так. Спачатку ўсё можа выглядаць як зусім бяскрыўдныя зносіны з мілым дарослым, які шчыра табой цікавіцца ці шчыра хоча дапамагчы. Асабліва калі мы гаворым пра настаўнікаў, якія на самай справе могуць казаць, маўляў, так, «ты такі асаблівы», «ты такая разумная», «я хачу з табой дадаткова пазаймацца, бо гэта тваё», «давай мы будзем займацца гэтым пасля ўрокаў ці ты будзеш прыходзіць да мяне дадому займацца» і ўсё такім духу. А дзіцяці, дапусцім, прадмет сапраўды можа быць цікавы ці патрэбны для паступлення.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: Unsplash / Taylor Flowe
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: Unsplash / Taylor Flowe

Могуць выглядаць нявінна і іншыя жэсты. Да прыкладу, калі гаворка пра сваякоў ці сяброў сям'і, то яны могуць прыходзіць да вас у госці, дэманстраваць увагу да дзяцей, дарыць нейкія падаруначкі. У цэлым гэта сапраўды можа здавацца досыць бяскрыўдным: што ў гэтым такога? Але ў частцы выпадкаў такія крокі на самай справе робяцца першымі этапамі грумінгу. Таму, вядома, складана сказаць, што калі раптам нейкае дзіця на такое «купілася», то гэта нешта кажа пра яго псіхіку, яго сацыяльны статус, сітуацыю ў сям'і і гэтак далей.

— Але чаму тады ў гісторыях пра грумінг, якія становяцца публічнымі, пацярпелыя часта згадваюць, што іх дзяцінства было не самым шчаслівым? Што бацькі не надавалі ўвагі, не падтрымлівалі і гэтак далей…

— Вядома, чалавек, які больш дасведчаны, скажам так, у грумінгу і які разумее, для чаго яму гэта трэба, усё ж з большай імавернасцю будзе выбіраць больш уразлівых дзяцей. Менавіта таму часта, нават знаёмячыся ў сацсетках, такія людзі ўсё ж распытваюць дзяцей пра тое, якія ў іх адносіны з бацькамі, наколькі яны блізкія, ці ўсё дзіця расказвае маме і тату. Туды ж — удакладненні пра яго становішча сярод аднагодкаў, ці шмат у яго сяброў, наколькі добра яны камунікуюць і гэтак далей.

Няма такога падлетка, у якога ўсё было роўна з бацькамі ці з сябрамі: вядома, хаця б раз ва ўсіх узнікаў нейкі канфлікт. І калі дзіця падзеліцца такімі перажываннямі з гэтай нагоды, за іх будзе вельмі лёгка зачапіцца.

Актары гвалту дзейнічаюць такім чынам, каб аддзяляць дзіця ад бацькоў, ад сяброў, неяк пераконваць яго, чаму не трэба з мамай і татам дзяліцца нечым, што яны цябе не разумеюць. Як правіла, такая рыторыка і стаўленне да сябе як да асаблівага чалавека, вельмі падкупляе дзяцей. Тым больш калі бацькі сапраўды не ўспрымаюць яго ці яе як асобу.

Некаторым падлеткам маці і бацькі ўсё яшчэ ставяць вельмі вузкія межы — у тым плане, што дзіця расце, але да яго па-ранейшаму ставяцца як да трэцякласніка. Напрыклад, не пускаюць аднаго гуляць і гэтак далей. Натуральна, на фоне гэтага ў падлетка ўзнікаюць непаразуменні, канфлікты і гэтак далей. А тут раптам нейкі дарослы ставіцца да яго як да роўнага: размаўляе, лічыць разумным, разумее і гэтак далей.

Падлеткі ў цэлым яшчэ не сфармаваныя як асоба. У іх ідзе працэс пошуку сваёй ідэнтычнасці, і ім вельмі важна звярацца з іншымі людзьмі, якія ў іх каштоўнасці, якія погляды на жыццё. Таму нярэдка грумеры пазіцыянуюць сябе як настаўнікі, тым самым выглядаюць для падлетка вельмі разумнымі і цікавымі. Іх меркаванне пачынае падавацца важным — асабліва калі яно адрозніваецца ад большасці. Тады, як бы прыняўшы гэтае меркаванне, падлетак можа адчуваць сябе разумнейшым, «круцейшым», цікавейшым ужо перад аднагодкамі.

— Атрымліваецца, што нібыта нельга вывесці нейкую заканамернасць — хутчэй гэта элемент шанцавання. Калі «пранесла», то не нарвешся на грумера ў інтэрнэце, не пашанцавала — сутыкнешся.

— Так, бо магло так супасці, што чалавек на самай справе напісаў, калі ўмоўная дзяўчынка-падлетак сядзела засмучаная: ёй здрадзіла сяброўка, а потым яшчэ і з бацькамі пасварылася. І вось аб’явіўся адзіны чалавек, які ёй піша словы падтрымкі. Якая яна «асаблівая», што яе «ніхто не разумее» і што яна «заслугоўвае лепшага». Вядома, вельмі складана ў гэтай сітуацыі выстаяць.

У такіх умовах практычна адразу фармуюцца даверлівыя зносіны — і толькі потым пачынаюцца моманты, якія ўжо могуць выклікаць нейкую няёмкасць, страх, сорам, пачуццё віны за тое, што адбываецца. Але прыхільнасць да дарослага чалавека тым часам становіцца настолькі важнай часткай жыцця, нават неабходнасцю, што ад яе складана адмовіцца.

Эмацыйная нестабільнасць, патрэба ў прызнанні, у прыняцці ў групе, нейкая няўпэўненасць у сабе — гэта ўсё таксама фактары рызыкі. Па сутнасці, дарослыя людзі трапляюць у аб’юзіўныя, сузалежныя адносіны дакладна гэтак жа. І дакладна гэтак жа часта не могуць з іх выйсці менавіта таму, што ёсць нейкая залежнасць ад партнёра, партнёркі.

Але ў падлетка, у адрозненне ад дарослага, яшчэ вельмі мала апоры на сябе — у сувязі з маленькім жыццёвым досведам — і гэтак жа мала апоры на іншых, бо яшчэ не сфармаваныя паўнавартасныя, здаровыя сяброўскія кантакты. З той самай прычыны і пачаць гаварыць пра перажыты гвалт прасцей, калі людзі ўжо вырастаюць, сталеюць. Калі ты падлетак, ты не ведаеш, каму пра гэта расказаць, куды табе з гэтым ісці.

Да прыкладу, наўрад ці ты сам пойдзеш у міліцыю: па-першае, ты не разумееш, як там усё ўладкаванае і што ты скажаш, па-другое, табе ўсё роўна побач патрэбныя бацькі або апякун. А рэдка якое дзіця можа прызнацца шчыра: «Я дасылала свае голыя фатаграфіі камусьці ў інтэрнэце». Невядома, як адрэагуюць бацькі, гэта ж банальна страшна. Многія баяцца пакарання.

«Нельга спіхваць адказнасць на падлетка і думаць, нібыта ён ужо дарослы»

— У сацсетках можна сустрэць меркаванні, маўляў, я ж сустракалася з хлопцам, значна старэйшым за мяне, калі вучылася ў старэйшых класах, і ў нас усё было добра: не было ніякага гвалту, эксплуатацыі. На вашую думку, ці ёсць нейкія ўмовы, пры якіх адносіны паміж 15-гадовай дзяўчынай і, дапусцім, 22-гадовым хлопцам усё ж могуць быць нармальнымі?

— Мне здаецца, што калі мы гаворым пра няпоўнагадовых людзей, то тут не можа быць ніякіх выключэнняў — такія адносіны нельга назваць здаровымі, адэкватнымі. Падлетак — гэта ў любым выпадку чалавек, які не можа даць поўнай актыўнай згоды, які не можа быць на роўных з дарослым чалавекам. Падлетак заўсёды залежыць ад бацькоў ці ад чалавека, з якім уступае ў адносіны. Якімі б нармальнымі яны ні здаваліся, у іх заўсёды будзе дысбаланс улады.

У тым ліку таму ўзрост згоды ў некаторых краінах прапісваецца з нюансамі. Дапусцім, не проста што можна займацца сэксам з такога і такога ўзросту, але і тое, што і розніца паміж партнёрамі не павінная перавышаць трох гадоў. Бо калі дзяўчыне 16, а хлопцу 19 — гэта адно. Але калі ёй 15, а яму 22 — гэта ўжо відавочна зусім іншае.

Раней «Люстэрка» расказвала пра такія прыклады. Адзін з іх — Канада. Там узрост сэксуальнай згоды пачынаецца ў 16 гадоў. Аднак ёсць цэлы шэраг выключэнняў, які дазваляе атрымаць полавы досвед нават 12-гадовым і 13-гадовым падлеткам. Лічыцца, што яны могуць даць ўсвядомленую згоду на сэксуальную сувязь з партнёрам, калі той старэйшы за падлетка не больш чым на два гады.

Грумінг жа не так працуе, што чалавек будзе адразу прасіць даслаць аголеныя фота ці сам шле сэксуалізаваны кантэнт — такое адразу падасца ненармальным нават большасці падлеткаў. Але калі дарослы чалавек камунікуе з дзіцем, а потым, умоўна, праз год пачынае заводзіць тэмы пра сэкс, то, відавочна, ён да гэтага ішоў, гэта быў план ад пачатку.

Не бывае такога, што спачатку дарослы быў проста сябрам дзяўчынцы-падлетку, а калі ёй споўнілася 16, ён «раптам зразумеў, што яе хоча». Мне здаецца, для большасці ўсё ж мусіць быць відавочным, што калі табе, напрыклад, 24, то зносіны з 14-гадовым падлеткам не могуць быць шчыра цікавыя. Слухаць гісторыі пра школу — гэта ўжо не той узровень, які мусіць цябе вабіць. Я разумею, што падлеткі могуць быць цікавымі, цудоўнымі, разумнымі і гэтак далей. Але яны знаходзяцца на іншым узроўні развіцця — з імі нельга будаваць раўнапраўныя адносіны.

— Яшчэ часта чуваць аргумент, што дзяўчаты ў падлеткавым узросце нібыта і самі «вешаюцца» на старэшых хлопцаў. Маўляў, што ж ім, ігнараваць іх, ці што.

— Вядома, падлеткі закохваюцца ў дарослых людзей — гэта нармальна. Больш за тое, гэта нават даволі частая гісторыя. Многія хлопчыкі і дзяўчаты закохваліся ў сваіх настаўнікаў, трэнераў, іншых значных для іх людзей. Але гэта задача менавіта дарослага чалавека — паставіць мяжу.

Ні ў якім разе нельга спіхваць адказнасць на падлетка і думаць, нібыта ён ужо дарослы і першы прадэманстраваў ініцыятыву. Гэта нельга параўноўваць з ініцыятывай дарослага чалавека. Успомніце, як вы адпрацоўвалі ў школах і ўніверсітэтах ці сустракаліся з такімі маладымі настаўнікамі. Ды практычна ўсе з іх сутыкаліся з тым, што падлеткі падкладаюць ім нейкія лісты, пішуць прызнанні і гэтак далей.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: unsplash.com / Creative Christians
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: unsplash.com / Creative Christians

Лепш за ўсё, калі дарослы не проста акрэсліць мяжу ігнараваннем пачуццяў падлетка, а растлумачыць, чаму ўсё складваецца менавіта так. На актыўныя дзеянні цалкам можна сказаць: «Так, я табе падабаюся, бо раней ты, магчыма, ніколі не адчувала нічога падобнага. Магчыма, ніхто не быў раней з табой такі добры. Але гэта не значыць, што нам трэба ўступаць у адносіны, тым больш сэксуальныя».

У мяне, як у спецыялісткі, тут меркаванне адназначнае: адносіны з падлеткамі — табу. Тым больш калі ўлічыць, што фармаванне прэфрантальной кары — той самай лобнай долі, якая адказвае за доўгатэрміновае планаванне, рацыянальнае мысленне, разуменне прычынна-выніковых сувязяў, — цалкам фармуецца толькі да 23−25 гадоў.

— Вось некаторыя і не разумеюць, як можна вінаваціць людзей у такім узросце, што яны «спакусіліся». Асабліва апраўдваюць хлопцаў: нібыта яны «доўга сталеюць», і дзяўчаты ў 15 у сярэднім «разумнейшыя» за хлопца ў 20.

— Думаю, гэтая блытаніна часта ўзнікае праз тое, што пубертат у дзяўчат праходзіць досыць хутка. То-бок дзяўчынка выглядае як дзяўчынка, а потым раптам у яе адбываецца гарманальны выкід — і літаральна за пару гадоў фармуюцца грудзі, пачынаецца менструацыя і гэтак далей. У хлопчыкаў жа пубертат расцягнуты на доўгія гады — гэты працэс доўжыцца, умоўна, з 10 гадоў да 20 з лішнім.

Атрымліваецца, што сапраўды ў нейкі момант хлопчыкі выглядаюць як дзеці, а дзяўчынкі — ужо як цалкам сфармаваныя дзяўчаты. Але на інтэлектуальным, псіхалагічным і эмацыйным узроўні і хлопчыкі, і дзяўчынкі застаюцца абсалютна аднолькавымі. То-бок толькі фізічна яны могуць выглядаць трошкі па-рознаму.

Не варта спісваць з рахункаў і адчуванні саміх падлеткаў. У 15 гадоў мне таксама здавалася, што я выглядаю вельмі дарослай. Але калі паглядзець на фатаграфіі таго перыяду цяпер, дарослымі вачыма, то будзе відавочна: на іх дзіця. Які б ні быў яркі макіяж, якія б ні былі вялікая грудзі, даросламу заўсёды відавочна, што перад ім дзіця: па голасе, па манеры зносін і гэтак далей. Нават гледзячы на сапраўды не па гадах развітых дзяцей, складана не зразумець, што яны ўсё ж дзеці.

— Калі паглядзець на сітуацыю з пункту гледжання бацькоў: дапусцім, у мяне ёсць дачка падлеткавага ўзросту, якая з нейкай прычыны мне не расказала пра свае адносіны, а потым прывяла дадому, умоўна, 23-гадовага Васю. І я ў шоку, бо разумею, што гэта не норма, дачка ж перакананая, што ў іх сапраўднае каханне. Як правільна зрабіць?

— Калі проста забараніць сустракацца з гэтым хлопцам, то, вядома, гэта можа выклікаць моцны бунт, супраціў. Тым больш гэты самы Вася напэўна ёй і так казаў, што «бацькі дакладна будуць супраць». Нават калі дапусціць, што гэты хлопец сапраўды закаханы і гатовы чакаць да 18 гадоў вашай дачкі, каб заняцца сэксам, то ўсё роўна сітуацыя, калі ўсе «супраць нашых адносін», яшчэ больш згуртуе іх. Гэтая барацьба супраць сістэмы, супраць бацькоў можа згуляць не на вашую карысць.

Так што хутчэй варта пагаварыць з дзіцем па-добраму: «Слухай, я перажываю. У вас сапраўды вялікая розніца ва ўзросце, як на мяне». Пасля чаго варта растлумачыць, чаму вы так думаеце, і прапанаваць адказаць самому падлетку на некаторыя пытанні. Дапусцім, паразважаць, чаго ад яе партнёр хоча, як ён бачыць іх будучыню і гэтак далей. То-бок запусціць крытычнае мысленне.

З іншага боку, пры гэтым важна данесці да дзіцяці думку: што б ні адбывалася, ты заўсёды можаш на мяне разлічваць, ты ўсё можаш мне расказаць, і я заўсёды буду на тваім баку. Гэта першае.

Другое — усё ж на месцы бацькоў я б пагаварыла з гэтым умоўным Васем таксама. Калі ён прыйшоў знаёміцца — значыць, відаць, можна разлічваць на нейкі ўзровень адэкватнасці, разумення.

Трэцяе — можна звярнуць увагу на тое, як вашае дзіця ўзаемадзейнічае са сваім «каханнем». Калі вы заўважыце нават найменшыя прыкметы прымусу да чаго-небудзь, любога гвалту, запалохвання, то вашай задачай будзе ці паспрабаваць дамовіцца з дзіцем пра тое, каб спыніць гэтыя адносіны, ці ж усё-такі падаць заяву ў міліцыю. Так, відаць, мы трохі ці нават моцна сапсуём адносіны з дзіцем на нейкі час, але, магчыма, выратуем яму жыццё. Думаю, што рана ці позна і само дзіця зразумее, што вы зрабілі правільна, што яно знаходзілася ў небяспечнай сітуацыі.

— А калі адваротная сітуацыя: дзіця-падлетак зусім нічога не расказвае пра асабістае жыццё, і вы нават не здагадваецеся, ці ёсць яно. Ці варта хвалявацца, што нешта хаваецца, задаваць нейкія пытанні?

— Добра было б пастарацца зрабіць так, каб бацькі проста мелі магчымасць з дзецьмі абмяркоўваць усё, што адбываецца ў свеце. Цяпер у нас акурат ёсць такая навінавая павестка — абвінавачанні вядомага рэпера ў спакушэнні няпоўнагадовых. Гэта выдатная нагода абмеркаваць з дзецьмі, што адбываецца, што такое гвалт, як яго распазнаць.

Бацькі часта пытаюць у мяне, як пачаць размову з дзецьмі пра сэкс ці іншыя складаныя тэмы. Са свайго боку — не толькі як спецыялістка, але і як маці — я стараюся чапляцца менавіта за гісторыі, якія гучаць у навінах. Вядома, саджаць дзіця за стол і казаць: «Давай абмяркуем гвалт», — дзіўна. Але сказаць: «Слухай, я тут пачытала, што здарылася такая сітуацыя, падлеткі ў яе трапілі. Як ты думаеш, што да чаго?» — цалкам натуральна. Такім чынам вы яшчэ зможаце даведацца і меркаванне самога дзіцяці, развіць яго крытычнае мысленне, дапамагчы аналізаваць такія сітуацыі.

Лепш вы самі, у сям'і, усё абмяркуйце, бо дзеці ўсё роўна шмат пра што даведваюцца і ў курсе таго, што адбываецца. І яны дакладна абмяркуюць гэта паміж сабой. Толькі калі вы не будзеце браць у гэтым удзелу, незразумела, якое меркаванне ў іх сфармуецца ў выніку.

«Чалавек сапраўды можа верыць у тое, што ён робіць лепш для дзіцяці»

— Калі разглядаць сітуацыю з боку дарослага, які ўціраецца ў давер да падлетка, то як можна растлумачыць яго дзеянні?

— Тут ёсць не адзін варыянт. У першую чаргу гэта можа быць матывацыя з нейкім сэксуалізаваным падтэкстам. У гэтым выпадку мы гаворым пра розныя парафіліі — групу разладаў, частка з якіх не караецца, як той жа фетышызм, а частка — супрацьзаконная. Да такіх выпадкаў можна аднесці педафілію. Але парафіліі могуць факусавацца не толькі на маленькіх дзецях, у якіх яшчэ не сфармаваныя другасныя палавыя прыкметы, але і на тых, у каго яны ўжо ў цэлым сфармаваныя, але будзе відавочна — гэта ўсё яшчэ дзіця.

Пры гэтым разлад неабавязкова заключаецца ў схіленні дзіцяці, падлетка да полавага акту. Гэта неабавязкова пенетрацыйны сэкс — можа быць абсалютна любы кантакт. Напрыклад, прымушаць дзіця глядзець порна і дакранацца да сябе, даваць яму дакранацца да сваіх полавых органаў, паказваць нейкія фатаграфіі і гэтак далей. Такія людзі могуць сапраўды паступова «падбіраць» сабе ахвяру. А можа, гэта будзе проста дзіця, якое «ў доступе», — пляменнік, вучаніца і гэтак далей.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: unsplash.com / Aedrian Salazar
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: unsplash.com / Aedrian Salazar

Таксама гэта можа быць эканамічная гісторыя — калі, напрыклад, чалавек будзе потым прадаваць атрыманыя фатаграфіі на парнасайты. Даходзіць можа ў тым ліку да схілення падлетка да ўдзелу ў порна і іншых відаў сэксуалізаванай эксплуатацыі.

Прычына можа быць і ў пошуку адчування ўлады, кантролю. Значна прасцей атрымаць гэта ад падлеткаў, якія слепа табе давяраюць, глядзяць на цябе, лыпаючы вочкамі, бачаць у табе аўтарытэт. Гэта зноў жа можа быць звязана з псіхалагічнымі асаблівасцямі чалавека, з магчымым разладам асобы.

Кагосьці вабіць адчуванне сябе свайго кшталту настаўнікам. Чалавек сапраўды можа верыць у тое, што ён робіць лепш для дзіцяці, што ён яму дапамагае, што ён яго вучыць жыццю і, магчыма, нават стварае нейкую лепшую версію гэтага дзіцяці, чым калі б той проста жыў і меў зносіны з аднагодкамі. Гэта можа сведчыць пра некаторыя нарцысічныя элементы асобы грумера.

Часта такая ж матывацыя бывае і з сэксуальным кантактам: такі чалавек можа думаць, што ён зусім не гвалтуе дзіця, а робіць усё пяшчотна, бо ён — выдатны каханак і цяпер «проста навучыць» дзяўчынку ці хлопчыка ўсім радасцям сэксуальнага жыцця, пакажа, што такое сапраўдны класны каханак. Гэта вельмі перакручанае мысленне, так, але матывы могуць быць такімі.

— Але калі хтосьці кіруецца такімі ідэямі, то чаму ніхто гэтым не выхваляецца? Нібыта ў тых, хто схіляе дзяцей да сэксу, усё ж ёсць разуменне, што яны робяць як мінімум нешта не вельмі добрае.

— Мы ж гаворым пра людзей, якія юрыдычна пры розуме, а не пра тых, хто пакутуе на сур’ёзныя разлады кшталту шызафрэніі. У большасці грумераў ёсць рацыянальная частка, якая «разумее», што існуюць законы, што сэксуалізаваныя кантакты з дзецьмі — парушэнне Крымінальнага кодэкса і што такія зносіны не заахвочваюцца ў грамадстве.

Пры гэтым у чалавека могуць быць пералічаныя мной сур’ёзныя кагнітыўныя скажэнні, якія нібыта шчыра прымушаюць яго верыць, што ён робіць нармальныя рэчы. Па вялікім рахунку, гэта тое самае, што і сітуацыя, у якой муж «прафілактычна» збівае жонку, каб яна была добрай гаспадыняй. Імаверна, ён верыць, што такі метад «выхавання» жонкі працуе, але ведае, што гэта супрацьзаконна ці ганіцца, таму «не выносіць смецце з хаты».

Асобна падкрэслю, што наяўнасць кагнітыўных скажэнняў ці нават канкрэтных разладаў псіхікі не апраўдвае таго, што такі чалавек не звяртаецца па дапамогу — да псіхіятра, псіхатэрапеўта, каго заўгодна. Груба кажучы, адзін педафіл можа разумець, што яго цягне да дзяцей, і ён будзе спрабаваць рэалізаваць свае фантазіі. А другі можа пайсці да доктара і прызнацца: «Слухайце, мяне цягне да дзяцей, але я не хачу гэтага рабіць, я разумею, што гэта кепска». І паміж двума такімі людзьмі велізарная розніца.

Чытайце таксама