Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Пратэсты ў Грузіі, што ўспыхнулі праз закон пра замежных агентаў, агалілі складаную і супярэчлівую палітычную сітуацыю, якая склалася ў гэтай краіне. Дзяржава, якая перажыла ў 2008 годзе расійскае ўварванне і атрымала падчас яго падтрымку ад Кіева, паводзіцца вельмі асцярожна падчас цяперашняй вайны ва Украіне. Былы прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі сядзіць у турме як палітзняволены і лічыць сябе «вязнем Пуціна». Грузія не далучаецца да антырасійскіх санкцый, а СМІ РФ яшчэ восенню 2022 года адкрыта называлі яе «самай прарасійскай краінай на Каўказе». І ўсё гэта пры тым, што ў грузінскай Канстытуцыі замацаванае імкненне да ўступлення ў ЕС і NATO. Ці праўда, што ў краіне, якая стала калыскай першай «каляровай рэвалюцыі» на постсавецкай прасторы, да ўлады зноў прыйшлі прарасійскія сілы? І чаму так атрымалася? Разбіраемся.

Рэвалюцыя ружаў і разварот на Захад

2 лістапада 2003 года ў Грузіі прайшлі парламенцкія выбары. Паводле афіцыйных вынікаў, больш за ўсё галасоў выбаршчыкаў набраў рух «За новую Грузію» тагачаснага прэзідэнта Эдуарда Шэварднадзэ, а другое месца заняў «Саюз дэмакратычнага адраджэння Грузіі» кіраўніка аўтаномнай Аджарыі Аслана Абашыдзэ. Дзве гэтыя палітычныя сілы былі ў кааліцыі, і вынікі выбараў дазвалялі ім кантраляваць парламент.
Митинг перед зданием парламента Грузии 8 ноября 2003 года. Фото: Zaraza/CC BY-SA 3.0
Мітынг перад будынкам парламента Грузіі 8 лістапада 2003 года. Фота: Zaraza/CC BY-SA 3.0

Аднак паралельны падлік галасоў, які праводзіўся назіральнікамі, паказаў зусім іншую карціну. Згодна з ім, першае месца на выбарах заняў «Нацыянальны рух» былога міністра юстыцыі Міхаіла Саакашвілі, які пайшоў у адстаўку і ў апазіцыю да Шэварднадзэ ў 2001 годзе. Другое месца па выніках экзітполаў заняў прэзідэнцкі рух «За новую Грузію», а трэцяе і чацвёртае — яшчэ дзве апазіцыйныя партыі: Лейбарысцкая і «Бурджанадзэ-дэмакраты». Акрамя таго, назіральная місія АБСЕ адзначыла шматлікія парушэнні падчас выбараў і заявіла, што яны не адпавядалі міжнародным стандартам дэмакратычнага волевыяўлення. Афіцыйныя вынікі не былі прызнаныя міжнароднымі назіральнікамі, апазіцыяй і значнай часткай насельніцтва краіны.

Адказам на фальсіфікацыі сталі масавыя пратэсты прыхільнікаў Саакашвілі і іншых апазіцыйных сіл. Фактычна выбары ператварыліся ў дэтанатар для выбуху акцый грамадзянскага непадпарадкавання — незадаволенасць рэжымам Шэварднадзэ выспявала гадамі. Эканамічнае становішча Грузіі ў гады яго кіравання заставалася кепскім: краіна адчувала перабоі з электразабяспечаннем, невысокія зарплаты і пенсіі выплачваліся нерэгулярна. Грузія загразла ў карупцыі, арганізаваная злачыннасць «падмяла» пад сябе некаторыя функцыі дзяржавы — замест таго каб звяртацца ў суд, людзям было прасцей вырашаць свае фінансавыя і бытавыя спрэчкі праз «злодзеяў у законе».

Хваля пратэсту дасягнула піку 22 лістапада, калі Міхаіл Саакашвілі і яго прыхільнікі з чырвонымі ружамі ў руках (якія яны неслі як знак мірных намераў) зайшлі ў будынак грузінскага парламента, дзе перад новаабранымі дэпутатамі на іх першай сесіі выступаў прэзідэнт Шэварднадзэ. Апошняга з залы паседжанняў павяла яго ахова, за ім пакінулі памяшканне і наваспечаныя народныя выбраннікі. Сілавікі, якіх Шэварднадзэ клікаў на дапамогу, падтрымліваць яго адмовіліся.

На наступны дзень Шэварднадзэ пагадзіўся пайсці ў адстаўку, Рэвалюцыя ружаў перамагла без адзінага стрэлу. 25 лістапада Вярхоўны суд Грузіі прызнаў несапраўднымі выбары 150 дэпутатаў, якія абіраліся па партыйных спісах. Але 85 дэпутатаў, абраных па аднамандатных акругах, захавалі свае месцы. Ваканаўцай абавязкаў прэзідэнта ў адпаведнасці з законам стала спікер парламента (і лідарка адной з апазіцыйных партый) Ніно Бурджанадзэ.

Прэзідэнцтва Саакашвілі і пяцідзённая вайна

У студзені 2004 года ў Грузіі прайшлі пазачарговыя прэзідэнцкія выбары, на якіх перамог Міхаіл Саакашвілі. Палітык не збіраўся канфліктаваць з Расіяй, заявіў, што грузіны хочуць сябраваць з ёй, і пазітыўна выказваўся наконт канструктыўнай ролі міністра замежных справаў Расіі Ігара Іванова ў вырашэнні канфлікту з Шэварднадзэ. Свой першы замежны візіт праз два тыдні пасля заняцця пасады Саакашвілі зрабіў менавіта ў Маскву.

Фото: dw.com
Міхаіл Саакашвілі. Фота: dw.com

Адным з першых сур’ёзных выклікаў, з якім яму давялося сутыкнуцца, стала супрацьстаянне з ужо згаданым лідарам Аджарскай Аўтаномнай Рэспублікі Асланам Абашыдзэ — прыхільнікам былога прэзідэнта Шэварднадзэ. У сваёй канфрантацыі з цэнтральнай уладай Абашыдзэ спадзяваўся на падтрымку Расіі: у Батумі (сталіцы Аджарыі) тады размяшчалася 145-я мотастралковая дывізія расійскай арміі. Але і гэтым разам роля Расіі аказалася канструктыўнай. Аджарскі крызіс удалося пераадолець пасля прылёту ў Батумі Ігара Іванова, які ўгаварыў Абашыдзэ пакінуць пасаду.

Міхаіл Саакашвілі высока ацаніў ролю Расіі і яе прэзідэнта ў тым, што канфлікт быў згашаны: «Я думаю, што прэзідэнт [Уладзімір] Пуцін адыграў вельмі канструктыўную ролю, і гэта была ў тым ліку і яго заслуга, што ўдалося пазбегнуць кровапраліцця і ўскладненняў».

Пад кіраўніцтвам Саакашвілі Грузія правяла радыкальныя эканамічныя рэформы, удасканаліўшы падатковае заканадаўства, спрасціўшы вядзенне бізнесу. Краіна фактычна з нуля стварыла эфектыўныя праваахоўныя органы. Для гэтага давялося амаль адначасова звольніць 35 тысяч супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных справаў — але яно таго каштавала. У Грузіі з’явілася новая паліцыя, набраная з людзей без досведу працы ў ранейшых праваахоўных органах. У выніку ўсяго за некалькі гадоў краіна адолела арганізаваную злачыннасць і карупцыю. Унутраны валавы прадукт за час кіравання Саакашвілі (2004−2013) павялічыўся больш чым у тры разы — з 1305 да 4739 даляраў на душу насельніцтва.

Яшчэ з пачатку 1990-х гадоў Грузія мела праблему, якая ўскладняла яе адносіны з Расіяй. У паўночнай яе частцы ўздоўж мяжы з паўночнай суседкай знаходзіліся два самаабвешчаныя дзяржаўныя ўтварэнні — Абхазія і Паўднёвая Асеція, якія мелі з РФ цесныя адносіны. У гэтых непрызнаных рэспубліках з часоў замарозкі канфлікту паміж імі і цэнтральнымі грузінскімі ўладамі знаходзіліся падраздзяленні расійскіх міратворцаў. Акрамя таго, дзве буйныя расійскія базы былі і на падкантрольнай грузінскаму ўраду тэрыторыі — у Батумі і Ахалкалакі.

Пасля паспяховага вырашэння пытання з сепаратысцкімі памкненнямі Абашыдзэ ў Аджарыі Саакашвілі спадзяваўся цалкам аднавіць тэрытарыяльную цэласнасць сваёй краіны, вярнуўшы кантроль над Абхазіяй і Паўднёвай Асеціяй. Да лістапада 2007 года ён дабіўся вываду расійскіх войскаў з Батумі і Ахалкалакі — але ў самаабвешчаных рэспубліках міратворцы з РФ усё яшчэ заставаліся. Больш за тое, у красавіку і траўні 2008 года Расія ўвяла ў Абхазію дадатковыя войскі, а ў ліпені пачала ў памежных з Грузіяй рэгіёнах ваенныя вучэнні «Каўказ-2008». З таго ж часу пачаліся ўзаемныя абстрэлы памежных населеных пунктаў бакоў — кожны з іх абвінавачваў у парушэнні перамір'я праціўніка.

У гэты ж перыяд Грузія спрабавала зблізіцца з ЕС і NATO, прыступіўшы да рэформаў ва Узброеных сілах. Але ў красавіку 2008 года саміт NATO ў Бухарэсце адмовіў краіне ў плане дзеянняў па чальцоўстве, замарозіўшы ўступленне Грузіі ў Альянс на няпэўны тэрмін.

Развязка наступіла ў жніўні. Паводле версіі Тбілісі, пачынаючы з 2 жніўня 2008 года прарасійскія сілы правялі шэраг правакацый, абстрэльваючы грузінскія вёскі ўздоўж паўднёваасяцінскай мяжы. У адказ на гэта Саакашвілі загадаў увесці грузінскую армію ў Паўднёвую Асецію. Поўнамаштабны канфлікт разгарэўся ў ноч на 8 жніўня 2008 года — тады грузінскія войскі абстралялі і паспрабавалі штурмаваць паўднёваасяцінскую сталіцу Цхінвалі. Пасля гэтага Расія пачала ваеннае ўварванне ў Грузію сіламі 58-й арміі, абвясціўшы «аперацыю па прымусе да міру».

Ход боевых действия во время российско-грузинской войны 2008 года. Фото: Andrei nacu, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Ход баявых дзеяньняў падчас расійска-грузінскай вайны 2008 года. Фота: Andrei nacu, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Вынікам расійска-грузінскай вайны 2008 года, якая доўжылася каля тыдня (звычайна прынята лічыць, што пяць дзён — з 8 да 12 жніўня), стала далучэнне да самаабвешчаных Абхазіі і Паўднёвай Асеціі новых тэрыторый, якія да гэтага кантраляваліся Грузіяй (напрыклад, Кадорскай цясніны, якая перайшла пад кантроль Абхазіі). Акрамя таго, Расія прызнала незалежнасць сепаратысцкіх дзяржаўных утварэнняў і размясціла на іх тэрыторыі буйны ваенны кантынгент. Яшчэ адным заканамерным вынікам канфлікту, які забраў жыцці 169 грузінскіх, 64 расійскіх, а таксама каля 90 паўднёваасяцінскіх і абхазскіх вайскоўцаў і больш чым 600 мірных жыхароў, стала наймацнейшае астуджэнне грузінска-расійскіх адносін (Тбілісі нават разарваў дыпламатычныя адносіны з Масквой і выйшаў з СНД).

Вайна з Расіяй прыкметна аслабіла пазіцыі Саакашвілі і яго прыхільнікаў унутры краіны, чым не змаглі не скарыстацца яго праціўнікі. Ужо з 2009 года краіну пачалі скаланаць акцыі пратэстаў, удзельнікаў якой улады абвясцілі «расійскай пятай калонай».

На сцэне з’яўляецца «Грузінская мара»

Акрамя несумнеўных поспехаў у мадэрнізацыі Грузіі Саакашвілі і яго каманда дапусцілі і нямала прамашак. Сярод іх — утойванне забойцаў банкіра Сандро Гіргвліяні (у гэтым абвінавачвалі міністра ўнутраных справаў Вано Мерабішвілі), ціск на СМІ, жорсткі разгон мітынгу апазіцыі ў лістападзе 2007 года.

Змены, якія правёў Саакашвілі, палепшылі дарогі ў краіне, пазбавілі яе праблем з электрычнасцю і прывялі да перамогі над карупцыяй — але адначасова настроілі вельмі многіх людзей супраць прэзідэнта. Цаной перамогі над злачыннасцю, напрыклад, стаў​​​​​​​ выхад Грузіі на другое месца ў Еўропе па колькасці зняволеных на 1000 чалавек. Існуе меркаванне, паводле якога Саакашвілі здолеў ліквідаваць карупцыю і эфектыўна правесці радыкальныя прававыя і эканамічныя рэформы — але не дасягнуў такіх жа поспехаў у рэальнай дэмакратызацыі краіны.

На восень 2012 года ў краіне былі прызначаныя чарговыя парламенцкія выбары. Для ўдзелу ў іх мільярдэр Бідзіна Іванішвілі стварыў грамадскае аб’яднанне «Грузінская мара». Прэзентацыя новага руху праходзіла ў снежні 2011 года ў будынку Дзяржфілармоніі ў Тбілісі, сцэна якой была ўпрыгожаная сцягамі Грузіі і Еўрасаюза. Стваральнік руху сцвярджаў, што мэтамі новай палітычнай сілы будуць, апроч іншага, аднаўленне тэрытарыяльнай цэласнасці краіны, укараненне заходніх каштоўнасцяў і еўраатлантычная інтэграцыя, а не «імітацыя руху ў бок Еўропы». Гэтыя мэты нібыта супадалі з пазіцыяй партыі Саакашвілі «Адзіны нацыянальны рух».

Бидзина Иванишвили в Сенате Польши в 2013 году. Фото: The Chancellery of the Senate of the Republic of Poland, CC BY-SA 3.0 pl, commons.wikimedia.org
Бідзіна Іванішвілі ў Сенаце Польшчы ў 2013 годзе. Фота: The Chancellery of the Senate of the Republic of Poland, CC BY-SA 3.0 pl, commons.wikimedia.org

Бізнесовец, які знаходзіўся на сцэне, на той момант быў грамадзянінам Расіі і Францыі, а грузінскага грамадзянства наогул не меў (быў пазбаўлены яго ў адпаведнасці з грузінскім заканадаўствам пасля атрымання французскага). Асноўную частку свайго капіталу, які Forbes цяпер ацэньвае ў 4,8 мільярда даляраў, Іванішвілі зарабіў у Расіі, дзе ўдзельнічаў у прыватызацыі дзяржпрадпрыемстваў у 1990-я і меў актывы ў банкаўскай сферы, будаўніцтве, нерухомасці, аграпрамысловым комплексе і гатэльным бізнесе. На думку некаторых экспертаў, у сукупнасці ўсё гэта сведчыць пра блізкасць мільярдэра да расійскай улады, без згоды якой ён не мог бы пабудаваць у гэтай краіне сваю бізнес-імперыю.

Рух Іванішвілі стаў касцяком больш шырокай перадвыбарнай кааліцыі «Грузінская мара — Дэмакратычная Грузія», у якую ўвайшлі яшчэ пяць апазіцыйных палітычных сіл. У кастрычніку 2012 года яна выйграла парламенцкія выбары (атрымала 85 месцаў супраць 65 у прыхільнікаў Саакашвілі). Іванішвілі адмовіўся ад расійскага і французскага грамадзянства і вярнуў сабе грузінскае, што дазволіла яму займаць пасаду прэм’ер-міністра Грузіі (з кастрычніка 2012 да лістапада 2013 года).

А ў кастрычніку 2013 года Саакашвілі прайграў і прэзідэнцкія выбары​​​​​​​ кандыдату ад «Грузінскай мары», былому міністру адукацыі Георгію Маргвелашвілі. Сам Іванішвілі пайшоў у адстаўку і з тых часоў не займае ніякіх дзяржаўных пасадаў, але ў Грузіі і за яе межамі яго называюць ценевым кіраўніком краіны. Афіцыйныя асобы краіны і партыйныя функцыянеры «Грузінскай мары» адкрыта кансультуюцца з ім перад прыняццем важных рашэнняў.

Ужо ў самым пачатку кіравання «Грузінскай мары», пакуль Саакашвілі заставаўся прэзідэнтам, многіх яго паплечнікаў арыштавалі, іншыя аддалі перавагу таму, каб пакінуць краіну. Па іроніі лёсу гэта стала вынікам рэформаў па ператварэнні Грузіі ў парламенцкую рэспубліку, якія ініцыяваў сам Саакашвілі ў перыяд знаходжання ва ўладзе. У выніку ў парламента і прэм’ер-міністра аказалася значна больш паўнамоцтваў, чым у прэзідэнта.

Грузінскі раскол

«Грузінская мара», прыйшоўшы да ўлады, аддала перавагу таму, каб не ўспамінаць пра рэвалюцыю 2003 года і звязаныя з ёй дасягненні. У траўні 2018 года плошчу Рэвалюцыі ружаў у Тбілісі наогул перайменавалі — у плошчу Першай Дэмакратычнай рэспублікі. Пры гэтым поспехі прадстаўнікоў руху ў эканоміцы аказаліся досыць сціплымі — прыкметны рост ВУП, які меў месца за папярэднім прэзідэнтам, пасля 2014 года спыніўся.

Палітычны курс «Грузінскай мары» таксама аказаўся арыентаваны на Крэмль. У 2014 годзе паміж краінамі ўзнавілі рэгулярныя авіязносіны, у тым жа годзе Крэмль зняў эмбарга на імпарт грузінскіх сельскагаспадарчых тавараў, якое дзейнічала з 2006-га.

У 2019 годзе ў Грузіі пачаліся пратэсты супраць прысутнасці расійскай дэлегацыі ў мясцовым парламенце. Дэпутат Дзярждумы Сяргей Гаўрылаў тады заняў крэсла старшыні парламента і вёў паседжанне на рускай мове, што было расцэненае праціўнікамі «Грузінскай мары» як абраза. Улады разагналі пратэсты, якія назвалі спробай дзяржаўнага перавароту, і арыштавалі старшыню «Адзінага нацыянальнага руху» Ніку Мелію, якога абвінавацілі ў «арганізацыі групавога гвалту».

Парламенцкія выбары 2020 года абярнуліся чарговым палітычным крызісам. «Грузінская мара» набрала 48% галасоў і абвясціла пра сваю перамогу, але апазіцыя назвала вынікі сфальсіфікаванымі. У сітуацыю давялося ўмяшацца Еўрасаюзу, пры пасярэдніцтве якога ўлада вызваліла Ніку Мелію і абавязалася правесці пазачарговыя парламенцкія выбары, калі на мясцовых выбарах 2021 года «Грузінская мара» набярэ менш за 43% галасоў. Апазіцыя ў абмен на гэта адмаўлялася ад планаў байкатаваць парламент і скіравала ў яго сваіх дэпутатаў, абраных у адпаведнасці з афіцыйнымі вынікамі выбараў.

Протесты в Грузии. 7 марта 2023 года. Фото: Reuters
Пратэсты ў Грузіі. 7 сакавіка 2023 года. Фота: Reuters

Восенню 2021 года Міхаіл Саакашвілі вярнуўся ў Грузію, дзе яго затрымалі і пасадзілі ў турму. Яшчэ ў 2014 годзе грузінская пракуратура выставіла некалькі абвінавачанняў супраць палітыка. Былога прэзідэнта, які тады акурат браў удзел ва ўкраінскай Рэвалюцыі годнасці і звязаных з ёй падзеях, абвінавацілі ў растраце пяці мільёнаў даляраў і злоўжыванні ўладай. Пасля яго вяртання на радзіму пра абвінавачванні ўспомнілі. У Тбілісі зноў пачаліся пратэсты, на якія з’язджаліся прыхільнікі Саакашвілі з розных рэгіёнаў краіны.

У гэты час у Грузіі якраз прайшлі выбары мясцовага самакіравання, на якіх «Грузінская мара» набрала 47% галасоў. Такі вынік дазволіў уладам не абвяшчаць пазачарговыя парламенцкія выбары — але апазіцыя зноў адмовілася прызнаваць афіцыйныя вынікі кампаніі.

Так аформіўся раскол грузінскага грамадства на прыхільнікаў Саакашвілі і «Грузінскай мары». Падзел выйшаў досыць жорсткім. Паводле сведчання галоўнага рэдактара паўднёвакаўказскага навінавага партала JAMnews Маргарыты Ахвледзіяні, у канцы 2021 года чалавека ў Грузіі маглі высадзіць з таксі, калі яго пункт гледжання не супадаў з пунктам гледжання таксіста.

Пры гэтым, паводле звестак сацапытанняў, грамадзяне Грузіі ў пераважнай большасці​​​​​​​ выступаюць за заходні курс сваёй краіны. У прыватнасці, ЗША самым важным палітычным партнёрам Грузіі ў сярэдзіне 2021 года лічылі 60% грузінаў, ЕС — 56%, а Расію — толькі 11%. Наадварот, самую вялікую пагрозу для Грузіі большасць яе жыхароў бачаць у Маскве (79%), а не ў Вашынгтоне (5%) або Брусэлі (2%). Тады ж за празаходні курс выказвалася 84% жыхароў краіны, а за прарасійскі — толькі 9%.

З такім раскладам відавочна, што партыя, якая заявіць пра імкненне парваць з Захадам і цесна сябраваць з Расіяй, не зможа выйграць ніякіх выбараў. Падобна да таго, што менавіта гэта і змушае тую ж «Грузінскую мару» дэклараваць у сваёй праграме празаходнія мэты і ўсяляк адхрышчвацца ад «расійскага» следу ў прыманых законах.

Батуми, Грузия. Фото Pixabay.com
Батумі, Грузія. Фота: Pixabay.com

Рост палітычнага ўплыву Крамля ў дзяржаве, якая 15 гадоў таму перажыла расійскае ўварванне, шмат у чым тлумачыцца тым, што Грузія — гэта досыць традыцыйная, патрыярхальная і рэлігійная краіна. Масква робіць стаўку на кансерватыўныя сілы, якія супрацьпастаўляюць павагу да традыцый заходняму ўплыву. Дапамагчы змагацца з усімі негатыўнымі заходнімі павевамі, зразумела, можа толькі Расія — аднаверная, праваслаўная і якая абараняе традыцыйныя каштоўнасці.

Паўночны сусед актыўна працуе ў інфармацыйным полі Грузіі. «Гэта мяккая сіла, якая актыўна скарае мясцовыя медыя і стварае свае. Яны працуюць на грузінскай мове і ўсяляк хваляць народ Грузіі — незвычайны і выключны, які вельмі псуе заходні ўплыў», — расказвдала Ахвледзіяні.

Дзейнасць «Грузінскай мары» і яе стваральніка атрымлівае інфармацыйную падтрымку і ад расійскай прапаганды. У траўні 2021 года пракрамлёўскі ідэолаг Аляксандр Дугін з задавальненнем адзначаў, што Грузія, прайшоўшы праз шэраг войнаў, узрушэнняў і пераваротаў, у 2012 годзе «трохі расчаравалася атлантысцкай палітыкай, і месца шалёнага Саакашвілі заняў нашмат больш умераны і ўзважаны Бідзіна Іванішвілі».

Таксама Дугін хваліў Левана Васадзэ (новага магчымага правадніка расійскіх інтарэсаў пасля таго, як Іванішвілі вырашыў адысці ад палітычнай дзейнасці): «У Грузіі толькі што, якраз напярэдадні 26 траўня, была створаная новая палітычная сіла — рух ЭРЫ („Народ“), які ўзначаліў знакаміты грузінскі паэт, палітык, грамадскі дзеяч Леван Васадзэ. Амаль адразу эксперты і аналітыкі пачалі прадракаць ЭРЫ перамогу. <…> Пазітыўна тое, што ЭРЫ выступае за праваслаўную ідэнтычнасць Грузіі, за вяртанне да нормаў традыцыйнага грамадства, абараняе традыцыйную сям’ю, рэзка супрацьстаіць глабалізму і ультрарадыкалізму, катэгарычна адмаўляе гендарную палітыку і cancel culture».

Грузія — прарасійская краіна?

Зразумела, цяперашняя Грузія не ёсць прарасійскай краінай, калі за «прарасійскасць» прымаць арыентацыю на РФ саміх грузінаў. Тым не менш у дзеяннях цяперашніх грузінскіх уладаў, якія больш за год старанна дыстанцыююцца ад санкцый супраць Расіі і падтрымкі Украіны, без асаблівай цяжкасці можна ўбачыць імкненне не раздражняць паўночнага суседа. А спроба прыняць закон пра замежных агентаў, які ўскладняе і без таго няпросты шлях да інтэграцыі ў еўраатлантычныя структуры, яшчэ больш пераконвае праціўнікаў «Грузінскай мары» ў яе прарасійскай сутнасці.

Можна сказаць, што Грузія цяпер аказалася ў сітуацыі, якая вельмі нагадвае тую, што склалася ва Украіне 13 гадоў таму. Пасля перамогі Аранжавай рэвалюцыі 2004 года, якая «адмяніла» спрэчнае абранне прарасійскага кандыдата Віктара Януковіча, адбыліся паўторныя выбары, на якіх перамог празаходні прэзідэнт Віктар Юшчанка. Але ў 2010 годзе Януковіч атрымаў перамогу на новых прэзідэнцкіх выбарах, і знешнепалітычны курс Украіны зноў пераарыентаваўся на Расію. Такога развароту не прыняла значная частка ўкраінскага грамадства, што прывяло да палітычнага крызісу ў 2013 годзе і адхілення прэзідэнта ад улады Вярхоўнай радай Украіны.