Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Былы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп ў інтэрв'ю для Fox News нядаўна заявіў, што не дапусціў бы на месцы цяперашняга прэзідэнта Джо Байдэна ўварвання Расіі ва Украіну. Апісваючы, якім чынам ён бы мог пазбегнуць вайны, Трамп сказаў, што ў найгоршым выпадку мог бы дамовіцца пра захоп Расіяй нейкай часткі Украіны, заўважыўшы, што пэўныя раёны гэтай краіны рускамоўныя. Пры гэтым палітык не ўпершыню намякае на тое, што Украіне варта аддаць частку сваёй тэрыторыі ў абмен на мір. І не ён адзін. Успамінаем, хто яшчэ з вядомых заходніх дзеячаў прапаноўваў падобнае, і разбіраемся, што не так з ідэяй адкупляцца ад агрэсара тэрыторыямі іншых краін.

Мір у абмен на тэрыторыі

Падобна да таго, што за гучнымі заявамі Трампа стаяць яго палітычныя амбіцыі. Летась ён прыняў рашэнне ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2024 года. А значыць, з дапамогай рыторыкі ён так ці інакш змагаецца за галасы выбаршчыкаў.

Фото: Reuters
Дональд Трамп. Фота: Reuters

Вельмі добра гэта відаць па думцы пра прыярытэт будаўніцтва бяспечных школ у ЗША над дапамогай Украіне, якую ён выказаў у траўні мінулага года. А летам Трамп сцвярджаў, што для перадухілення вайны Украіна мусіла адмовіцца ад акупаванага Расіяй у 2014 годзе Крыма і ад патэнцыйнага далучэння краіны да NATO.

У такіх заявах Трамп не самотны. У траўні 2022 года лаўрэат Нобелеўскай прэміі па эканоміцы, амерыканскі навуковец Эрык Маскін, адказваючы журналістам іспанскага выдання La Vanguardia на пытанне, што б ён зрабіў, калі б быў на месцы Зяленскага, заявіў, што гатовы быў бы пайсці на саступкі, каб вайна скончылася хутка. Пад саступкамі Маскін меў на ўвазе перадачу Расіі кантролю над усходняй часткай Украіны і прызнанне расійскага суверэнітэту над Крымам.

У тым жа месяцы былы прэм’ер-міністр Італіі Сільвіа Берлусконі заявіў, што аб’яднаная Еўропа мусіць дамагчыся ад Украіны прыняцця патрабаванняў Пуціна (сярод якіх, як вядома, важнае месца займаюць тэрытарыяльныя прэтэнзіі). У падобным ключы выказваўся і дзяржсакратар ЗША ў 1973−1977 гадах Генры Кісінджэр, які заклікаў Украіну пагадзіцца на мір без вызвалення захопленых Расіяй да 2022 года тэрыторый.

А ў кастрычніку 2022 года сваім сцэнарам дасягнення міру ў Твітары падзяліўся Ілан Маск. Амерыканскі мільярдэр прапанаваў зрабіць Крым часткай Расіі. Прычым калі Трамп напіраў на тое, што першачарговае тут моўнае пытанне, то Маск адзначыў «памылку Хрушчова». Імаверна, так ён назваў перадачу Крымскай вобласці са складу РСФСР у склад Украінскай ССР, якая была праведзеная ў адпаведнасці з законам, падпісаным старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Кліментам Варашылавым.

Илон Маск. Фото: Reuters
Ілан Маск. Фота: Reuters

Вядома, у кожнага чалавека могуць быць свае погляды на цяперашнюю расійска-ўкраінскую вайну і магчымыя спосабы яе спынення. Той жа Берлусконі, напрыклад, нават пасля пачатку вайны падтрымлівае прыяцельскія адносіны з Пуціным і па-сяброўску абменьваецца з ім алкагольнымі прэзентамі.

Мы ж паспрабуем крытычна зірнуць на прапанову падзяліцца часткай сваёй тэрыторыі, якую робяць Украіне асобныя заходнія палітыкі і грамадскія дзеячы, а таксама на тыя аргументы, якімі яны абгрунтоўваюць свае міратворчыя ініцыятывы.

Рускамоўныя раёны і Хрушчоў

Некаторыя з персон, што прапануюць аддаць агрэсару частку ўкраінскай тэрыторыі, спрабуюць абгрунтаваць гэта справядлівасцю. Трамп мяркуе, што Кіеў мог бы саступіць частку ўкраінскіх тэрыторый Расіі праз тое, што гэтыя рэгіёны рускамоўныя. А Ілан Маск называе памылковым савецкі закон 69-гадовай даўніны пра змену межаў паміж дзвюма рэспублікамі СССР.

Аргумент Трампа выглядае дзіўна хаця б таму, што родная мова амерыканскага экс-прэзідэнта — англійская. Калі ён сапраўды лічыць, што нейкія краіны маюць права адрываць ад іншых тэрыторыі, насельніцтва якіх размаўляе на «іх» мове, то прытрымліванне такой логікі мусіць прывесці да анексіі большай часткі ЗША Вялікабрытаніяй. Акрамя таго, у «родную» брытанскую гавань павінныя будуць адправіцца Аўстралія, Новая Зеландыя, Ірландыя і вялікая частка Канады.

Родная мова і нацыянальная ідэнтычнасць — гэта зусім не адно і тое ж. Рускамоўныя ўкраінцы, якія не асацыююць сябе з Расіяй, — не большая рэдкасць, чым жыхары Канектыкута, Арканзаса або Аляскі, якія размаўляюць на англійскай, але не лічаць сябе падданымі караля Карла III. Яшчэ ў 2019 годзе рускамоўным называў сябе прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. І нават напярэдадні расійскага ўварвання ён заклікаў жыхароў рускамоўных рэгіёнаў не саромецца выкарыстоўваць рускую мову. На слушную думку прэзідэнта Украіны, гэта зусім не перашкаджае ім усведамляць сябе ўкраінцамі («Мы ведаем, што ў Харкаве шмат хто гаворыць па-руску, але ўсе думаюць па-ўкраінску»).

Фото: Reuters
Наступствы расійскага ўдару па Харкаве вясной 2022 года. Фота: Reuters

Спроба паставіць знак роўнасці паміж нацыянальнай ідэнтычнасцю і валоданнем нейкай мовай — гэта альбо памылка, альбо ўсвядомленая спроба маніпуляцыі. Беспадстаўнасць гэтага тэзіса вельмі добра зразумелая жыхарам нашай краіны, значная частка якіх размаўляе пераважна на рускай мове і пры гэтым лічыць сябе беларусамі.

І гэта не нейкая асаблівасць дзяржаваў, якія з’явіліся на тэрыторыі былога СССР. Такая з’ява вельмі шырока распаўсюджаная ва ўсім свеце.

Напрыклад, іспанская мова родная прыкладна для паўмільярда чалавек у свеце — і толькі каля 43 мільёнаў з іх — іспанцы (прыблізна кожны 11-ы). Астатнія з нараджэння іспанамоўныя людзі без усялякіх праблем усведамляюць сябе мексіканцамі, аргентынцамі, калумбійцамі, венесуэльцамі, кубінцамі і прадстаўнікамі іншых асобных нацый.

Яшчэ больш паказальны прыклад партугальскай мовы: толькі ў Бразіліі на ёй гаворыць прыкладна ў 20 разоў больш людзей, чым у самой Партугаліі (а ёсць і іншыя партугальскамоўныя дзяржавы). А ў Еўропе, нягледзячы на тое, што не існуе асобнай аўстрыйскай мовы, асобнай нацыяй лічаць сябе нямецкамоўныя аўстрыйцы.

Праўда, сітуацыя ва Украіне (як і ў Беларусі) мае асаблівасць: акрамя мовы былой метраполіі (то-бок рускай) у яе насельніцтва ёсць «свая», украінская, мова. Магчыма, таму і з’яўляецца спакуса выкарыстоўваць моўную прыкмету для правядзення ўнутранай мяжы паміж украінскамоўнымі і рускамоўнымі грамадзянамі Украіны. Але і гэты выпадак далёка не ўнікальны. У той жа Лацінскай Амерыцы грамадзяне двухмоўнага Парагвая лічаць сябе парагвайцамі незалежна ад таго, выкарыстоўваюць яны дома іспанскую мову ці мову гуарані — і пры гэтым іспанскамоўных парагвайцаў наўрад ці нехта назаве іспанцамі.

Прыклады шматмоўных нацый ёсць і бліжэй, у Еўропе. Так, бельгійцы гавораць на нідэрландскай, французскай і нямецкай, а швейцарцы — на нямецкай, французскай, італьянскай і раманшскай мовах. Але калі б хтосьці прапанаваў «падзяліць» Бельгію і Швейцарыю на часткі па моўнай прыкмеце і раздаць суседнім Францыі, Германіі, Нідэрландам і Італіі — на яго амаль напэўна зірнулі б як на дзівака.

Языковая карта Швейцарии. Красным цветом обозначены районы с преимущественно немекоязычным населением. В регионах, окрашенных в синий, разговаривают в основном на французском, в зеленый — на итальянском, в желтый — на романшском. Фото: Tschubby. CC BY-SA
Моўная карта Швейцарыі. Чырвоным колерам пазначаныя раёны з пераважна нямецкамоўным насельніцтвам. У рэгіёнах, афарбаваных у сіні, размаўляюць у асноўным на французскай, у зялёны — на італьянскай, у жоўты — на раманшскай. Фота: Tschubby. CC BY-SA

Яшчэ менш пераканаўчым выглядае аргумент Маска пра тое, што Крым мусіць быць расійскім, бо з 1783 года ён належаў Расіі, а 69 гадоў таму яго з адной савецкай рэспублікі ў склад іншай савецкай рэспублікі нібыта памылкова перадаў кіраўнік СССР Мікіта Хрушчоў.

Перадачы тэрыторый паміж савецкімі рэспублікамі ўнутры СССР былі распаўсюджанай практыкай (гэтак жа, як і змены межаў паміж штатамі ўнутры ЗША накшталт перадачы паласы Таліда ад Мічыгана ў склад Агаё). Міждзяржаўная мяжа паміж Расіяй і Украінай з’явілася значна пазней, пасля распаду СССР у 1991 годзе. У 2003 годзе, пасля дэлімітацыі (апісання з нанясеннем на карту) яна была аформленая ў выглядзе міждзяржаўнай дамовы, падпісанай прэзідэнтамі Расіі і Украіны і ратыфікаванай у 2004 годзе парламентамі абедзвюх краін. Захапіўшы Крым у 2014 годзе, Расія парушыла менавіта гэтую дамову, якая дзейнічала на момант захопу.

Таксама варта заўважыць, што ў 1783 годзе Крым стаў часткай не Расійскай Федэрацыі, а Расійскай імперыі — дзяржавы, якой не існуе ўжо больш за сто гадоў. Прыблізна ў гэты ж час часткай Расійскай імперыі стала Беларусь, імперыі Габсбургаў — Львоў і астатняя Галіцыя, а Прусія захапіла Варшаву і асноўную частку Польшчы. Ці мусіць мінулая тэрытарыяльная экспансія не існых у наш час дзяржаваў неяк апраўдваць сучасныя акты агрэсіі — рытарычнае пытанне.

Іншае ж пытанне, пра правапераемнасць сучаснай Расійскай Федэрацыі што да Расійскай імперыі, застаецца нявырашаным і вельмі неадназначным. У прыватнасці, у 2006 годзе ў адказ на зварот аднаго з дэпутатаў Дзярждумы урад Расіі ў асобе МУС РФ паведамляў наступнае:

«Прызнанне правапераемнасці сучаснай Расіі ад Расійскай імперыі можа выклікаць непрадбачаныя наступствы. Напрыклад, тады можа ўзнікнуць пытанне наконт правапераемнасці Расійскай Федэрацыі ад СССР. На падставе чаго Расія з’яўляецца пастаянным чальцом Савета Бяспекі ААН? Можа паўстаць пытанне пра прыналежнасць часткі тэрыторыі вострава Сахалін, астравах Курыльскай грады, якія ўваходзілі ў склад Японскай, а не Расійскай імперыі. Цяперашняя Калінінградская вобласць не ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі, а горад Выбарг уваходзіў у склад Вялікага Княства Фінляндскага і г. д. Такім чынам, дапушчэнне магчымасці прызнання правапераемнасці Расійскай Федэрацыі ад Расійскай імперыі можа пацягнуць за сабой узнікненне новых маёмасных прэтэнзій з боку іншых дзяржаваў і некаторых прыватных асоб, а таксама іншых непрагназаваных палітычных, эканамічных і сацыяльных наступстваў».

Добрыя намеры і іх наступствы

Вядома, усе гэтыя абгрунтаванні спікераў, гатовых абмяняць украінскія тэрыторыі на мір, — толькі дадатковыя аргументы, закліканыя надаць гіпатэтычнай тэрытарыяльнай саступцы нейкую ілюзію справядлівасці. Галоўная мэта, дзеля якой, на думку Трампа, Маска або Маскіна, Украіна мусіць ахвяраваць сваімі землямі і людзьмі, — менавіта дасягненне міру.

Такая ідэя нават можа выглядаць разумнай. Калі на вашую краіну пагражаюць напасці ці ўжо напалі — можа, сапраўды лепш саступіць пагрозам і пагадзіцца аддаць ворагу тэрыторыю, на якую прэтэндуюць захопнікі? Бо так можна і зберагчы чалавечыя жыцці, і захаваць эканоміку.

Але, як паказвае гісторыя, спроба залагодзіць агрэсара з дапамогай тэрытарыяльных саступак практычна заўсёды асуджаная на правал. Саступкі часцей за ўсё тлумачацца агрэсарам як прыкмета слабасці і заахвочваюць яго да далейшых дзеянняў, правакуючы на ўсё большыя патрабаванні. Атрымаўшы саступку з дапамогай пагрозаў аднойчы, падбадзёраны поспехам захопнік амаль напэўна паўторыць спробу. І будзе рабіць гэта далей, пакуль не натыкнецца на супраціў.

Значыць, залагоджваючы агрэсара тэрытарыяльнымі саступкамі, вы не перадухіляеце вайну — а толькі пераносіце яе на пазнейшы тэрмін. І ў тых умовах агрэсар, які ўжо атрымаў частку вашых тэрыторый, будзе мацнейшы, а вы, саступіўшы іх, станеце слабейшымі, чым былі да саступкі.

У 1935 годзе Вялікабрытанія і Францыя паспрабавалі спыніць італьянскую агрэсію супраць Эфіопіі, абмеркаваўшы перадачу Рыму вялікай часткі тэрыторыі Эфіопіі. Спрабуючы дамовіцца з Італіяй за кошт земляў афрыканскай дзяржавы, французы і англічане хацелі ўтрымаць яе ад збліжэння з нацысцкай Германіяй. Пакуль урады і парламенты ў Парыжы і Лондане абмяркоўвалі палажэнні магчымай дамовы, Італія выкарыстала хімічную зброю і захапіла Эфіопію цалкам. Еўрапейскі кантынент пачаў збіраць плён залагоджвання фашысцкага рэжыму Беніта Мусаліні ў 1939 годзе, калі апошні захапіў Албанію. У чэрвені 1940 года Італія дапамагла Германіі захапіць Францыю, а ўвосень ўварвалася ў Грэцыю — а Мусаліні заставаўся саюзнікам нацыстаў да моманту сваёй гібелі.

Итальянская артиллерия в Эфиопии. 1936 год. Фото: audiovis.nac.gov.pl, Public Domain, commons.wikimedia.org
Італьянская артылерыя ў Эфіопіі, 1936 год. Фота: audiovis.nac.gov.pl, Public Domain, commons.wikimedia.org

У 1936 годзе Германія, да ўлады ў якой прыйшлі нацысты на чале з Адольфам Гітлерам, увяла войскі ў сваю Рэйнскую вобласць. Гэты заходні рэгіён краіны па выніках Першай сусветнай вайны мусіў заставацца дэмілітарызаваным (то-бок у ім нельга было размяшчаць войскі). Францыя і Вялікабрытанія, якія перамаглі ў Першай сусветнай вайне, не адважыліся змушаць нацыстаў да прытрымлівання ўмовам дагавора, а Гітлер успрыняў гэта як прыкмету слабасці. Сярод гісторыкаў пануе перакананне, што саюзнікі без цяжкасці разбілі б нямецкія войскі, калі б наважыліся на ўзброены канфлікт у той момант.

У сакавіку 1938 года нацысты ўвялі войскі ў Аўстрыю і, правёўшы рэферэндум, уключылі яе ў склад Германіі. Паглынанне Германіяй Аўстрыі было таксама забароненае па выніках Першай сусветнай вайны, таму Вялікабрытанія, Францыя і Італія выступілі з яго крытыкай — але не распачалі ніякіх практычных дзеянняў, каб спыніць аншлюс. Зразумела, гэтую паўторную «праяву слабасці» Гітлер таксама вытлумачыў належным чынам.

Наступнай ахвярай залагоджвання агрэсара стала Чэхаславакія. У верасні 1938 года гэтая краіна пад ціскам Вялікабрытаніі і Францыі, якія імкнуліся захаваць мір у Еўропе, вымушаная была прыняць патрабаванні Германіі. Апошняя атрымала нямецкамоўную Судэцкую вобласць з яе развітай прамысловасцю і магутнымі ўмацаваннямі. Без гэтых земляў Чэхаславакія аказалася безабароннай перад нямецкім уварваннем, і ў сакавіку 1939 года Германія захапіла астатнюю частку Чэхіі, а ў Славакіі стварыла марыянеткавую дзяржаву.

Увасабленнем гэтага ганебнага эпізоду еўрапейскай гісторыі стаў прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Нэвіл Чэмберлен. Вярнуўшыся з Мюнхена пасля перамоваў з Гітлерам у верасні 1938 года (тыя перамовы пра перадачу чэхаславацкіх земляў нацыстам гісторыкі часта называюць Мюнхенскай змовай), ён выказаў усю сутнасць палітыкі залагоджвання агрэсара ў такой фразе: «Мае дарагія сябры, <…> брытанскі прэм’ер-міністр з гонарам вярнуўся з Германіі, прынёсшы мір. Гэта мір для нашага пакалення. Ідзіце дадому і спіце спакойна».

Слева направо: премьер-министры Великобритании Невилл Чемберлен и Франции Эдуар Даладье, фюрер Германии Адольф Гитлер, глава правительства Италии Бенито Муссолини и министр иностранных дел Италии граф Галеаццо Чиано накануне подписания Мюнхенского соглаше
Злева направа: прэм'ер-міністры Вялікабрытаніі Нэвіл Чэмберлен і Францыі Эдуар Даладзье, фюрэр Германіі Адольф Гітлер, кіраўнік урада Італіі Беніта Мусаліні і міністр замежных справаў Італіі граф Галеаца Чыяна напярэдадні падпісання Мюнхенскага пагаднення аб перадачы Судэцкай вобласці ад Чэхаславакіі Германіі.

Фота: Bundesarchiv, Bild 183-R69173 / CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de, commons.wikimedia.org

Але ні пра які мір для пакалення гаворкі не ішло. У сакавіку 1939 года ўлагоджаныя нацысты выставілі ультыматум Літве, якая, не атрымаўшы міжнароднай падтрымкі, прыняла яго і перадала Германіі Клайпедскі край. А ў верасні германская армія ўварвалася ў Польшчу — з гэтай падзеі звычайна вядуць адлік Другой сусветнай вайны.

22 жніўня, за тыдзень да пачатку новай сусветнай вайны, Гітлер выступаў перад сваімі ваеначальнікамі. Так ён ацаніў тых, хто спрабаваў залагодзіць яго з дапамогай саступак: «Вораг не прымае пад увагу маю моцную мэтаскіраванасць. Нашыя праціўнікі — гэта дробныя сошкі. Я бачыў іх у Мюнхене».