Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Все печально. Получили свежую непубличную статистику Минздрава о рождаемости беларусов
  2. У Дзяржынску 16-гадовая дзяўчына памерла пасля выкарыстання вейпа
  3. «Автократы в Москве и Минске будут праздновать кончину». Американские власти исполнили мечту беларусских
  4. Рэкорд па даляры, якога ніхто не чакаў: прагноз па валютах
  5. Появилось расследование о еще одной резиденции Лукашенко. Рассказываем интересные факты
  6. «Адчуць сябе маленькімі лэдзі». Дзіцячыя конкурсы прыгажосці больш небяспечныя, чым дарослыя, — але бацькі па-ранейшаму аддаюць туды дачок
  7. Путин заговорил о «Новороссии как неотъемлемой части России» — вот на какие территории он намерен претендовать и после прекращения огня
  8. Пайшоў з жыцця 32-гадовы Максім Чарняўскі — заснавальнік суполкі «Надакучыў нам гэты Лукашэнка» пачатку 2010-х
  9. Зеленский сменил начальника Генштаба ВСУ
  10. «Вядзецца актыўная падрыхтоўка». Даведаліся, калі суседнія краіны ЕС плануюць пускаць беларусаў па новых правілах
  11. У Латвіі хочуць часткова закрыць пункт пропуску «Патэрніекі» — «Грыгароўшчына». У чым прычына
  12. Новы прэм'ер заявіў, што бачыць для Беларусі «чорных лебедзяў». Расказваем, якія праблемы ў эканоміцы могуць «ірвануць»
  13. Турчын: Эканоміка Беларусі мусіць быць гатовая да «чорных лебедзяў»
Читать по-русски


У Мінабароны Расіі заявілі, што за суткі на Данецкім напрамку адбілі пяць атак УСУ. Ва ўкраінскім Генштабе расказалі, што расійскія войскі вялі наступ у раёне Бахмута, але ён не быў паспяховым. У Інстытуце па вывучэнні вайны адзначылі, што акрамя Бахмуцкага ўкраінскія сілы вялі паспяховыя наступальныя аперацыі як мінімум яшчэ на двух іншых участках фронту.

Фото: Military Media Center
Фота: Military Media Center

Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 492-і дзень вайны ва Украіне.

Генштаб ВСУ: Пабілі тры пункты кіравання праціўніка

За мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі 29 авіяцыйных удараў, правялі 60 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях УСУ і населеных пунктах, у тым ліку па аб’ектах цывільнай інфраструктуры гарадоў Запарожжа і Чугуеў з дапамогай шасці зенітных кіравальных ракет С-300. Пра гэта паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.

— Асноўныя намаганні расійскія войскі засяродзілі на Ліманскім, Бахмуцкім і Мар'інскім напрамках. За суткі тут адбылося 31 баявое сутыкненне.

— На Северскім і Слабажанскім напрамках праціўнік абстраляў з мінамётаў і артылерыі больш за 10 населеных пунктаў Чарнігаўскай і Сумскай абласцей.

— На Купянскім напрамку войска РФ нанесла авіяцыйны ўдар у раёне Кіслоўкі, з мінамётаў і артылерыі абстраляла Кіслоўку і Бераставое Харкаўскай вобласці.

— На Ліманскім напрамку расійскія войскі спрабавалі наступаць каля Раздолаўкі і Белагораўкі. Нанеслі авіяўдары ў раёнах трох і абстралялі больш за пяць населеных пунктаў Луганскай і Данецкай абласцей.

— На Бахмуцкім напрамку расіяне вялі наступ у раёне Бахмута, але беспаспяхова. Нанеслі авіяўдары ў раёнах Белай Гары і Дыліеўкі. Ад артылерыйскіх абстрэлаў праціўніка пацярпелі больш за 10 населеных пунктаў Данецкай вобласці.

— На Аўдзееўскім напрамку расійскія сілы пры падтрымцы авіяцыі вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне Аўдзееўкі. З артылерыі абстралялі больш за пяць населеных пунктаў.

— На Мар'інскім напрамку УСУ адбілі ўсе атакі праціўніка ў раёнах горада Мар'інка і Перамогі. Армія РФ нанесла авіяўдары каля Краснагораўкі і Невельскага, абстраляла з артылерыі больш за 10 населеных пунктаў Данецкай вобласці.

— На Шахцёрскім напрамку расійскія сілы спрабавалі наступаць у раёне Новаміхайлаўкі. Нанеслі авіяўдары каля Вуглядара і яшчэ трох населеных пунктаў Данецкай вобласці. Абстралялі больш за 10 населеных пунктаў.

— На Запарожскім і Херсонскім напрамках расійскія войскі засяроджваюць асноўныя намаганні на недапушчэнні прасоўвання УСУ. Нанеслі авіяўдары ў раёнах чатырох і абстралялі больш за 25 населеных пунктаў Запарожскай і Херсонскай абласцей і Ачакаў Мікалаеўскай вобласці.

— Авіяцыя Сіл абароны за мінулыя суткі нанесла 11 удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу праціўніка.

— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі пабілі тры пункты кіравання, два раёны канцэнтрацыі жывой сілы, радыёлакацыйную станцыю і 13 артылерыйскіх падраздзяленняў расійскіх войскаў на агнявых пазіцыях.

Мінабароны Расіі: Знішчылі некалькі груп дыверсантаў

За суткі ўкраінскія ўзброеныя сілы «працягвалі спробы наступальных дзеянняў» на Данецкім, Чырвона-Ліманскім, Паўднёва-Данецкім і Купянскім напрамках, заявілі ў Міністэрстве абароны Расіі.

— На Данецкім напрамку падраздзяленні Паўднёвай групоўкі войскаў адбілі пяць атак УСУ ў раёнах населеных пунктаў Белагораўка, Чырвонае, Паўночнае, Першамайскае і Каменка Данецкай вобласці.

— На Чырвона-Ліманскім напрамку падраздзяленні групоўкі войскаў «Цэнтр» пры падтрымцы авіяцыі і артылерыі адбілі атаку УСУ ў кірунку населенага пункта Кузьміно Луганскай вобласці. Нанеслі паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Тэрны, Тарскае Данецкай, Чырвонапоўка, Неўскае Чырвоная Дзіброва Луганскай абласцей. Таксама, у раёне населенага пункта Чырвоная Дзіброва спынілі дзейнасць украінскай дыверсійна-разведвальнай групы.

— На Паўднёва-Данецкім напрамку ў раёне Урэмеўскага выступу падраздзяленні групоўкі войскаў «Усход» адбілі атаку мотапяхотнай роты УСУ ў кірунку населенага пункта Старамаёрскае Данецкай вобласці. У раёне населенага пункта Ляваднае Запарожскай вобласці нанесенае агнявое паражэнне канцэнтрацыі жывой сілы і тэхнікі УСУ.

— На Запарожскім напрамку падраздзяленні групоўкі войскаў «Усход» спынілі спробу УСУ правесці сіламі да мотапяхотнага ўзвода разведку боем, а таксама знішчылі ўкраінскую дыверсійна-разведвальную групу ў раёне населенага пункта Рабоціна Запарожскай вобласці.

— На Купянскім напрамку падраздзяленні Заходняй групоўкі войскаў адбілі дзве атакі падраздзяленняў УСУ ў раёне населенага пункта Навасёлаўскае Луганскай вобласці. Нанеслі агнявое паражэнне канцэнтрацыі жывой сілы і тэхнікі УСУ ў раёнах населеных пунктаў Сінькоўка, Каменка Харкаўскай вобласці, Навасёлаўскае і Стальмахоўка Луганскай вобласці. У раёне населенага пункта Альшана Харкаўскай вобласці спынілі дзейнасць дыверсійна-разведвальнай групы УСУ.

Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 86 артылерыйскім падраздзяленням, жывой сіле і ваеннай тэхніцы УСУ ў 108 раёнах. Перахопленыя сем рэактыўных снарадаў сістэмы залпавага агню HIMARS, знішчаныя дзесяць беспілотных лётных апаратаў.

Інстытут па вывучэнні вайны: Крэмль будзе кантраляваць медыяактывы Прыгожына

У Генштабе Украіны заявілі, што ўкраінскія сілы перахапілі «стратэгічную ініцыятыву» на Бахмуцкім напрамку і цяпер вядуць шырокі наступ у гэтым раёне. Эксперты Інстытута па вывучэнні вайны ў свежай справаздачы звяртаюць увагу на заяву намесніцы міністра абароны Украіны Ганны Маляр пра тое, што ўкраінскія сілы перахапілі «аператыўную ініцыятыву» ў гэтым раёне і прасунуліся на 1200 м у напрамку Кляшчэеўкі (7 км на паўднёвы захад ад Бахмута) і 1500 м у напрамку Курдзюмаўкі (13 км на паўднёвы захад ад Бахмута). Галоўнакамандуючы генерал Валерый Залужны таксама заявіў, што ўкраінскія сілы маюць «стратэгічную ініцыятыву», у тэлефоннай размове са старшынёй Аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў ЗША генералам Маркам Мілі.

Украінскія сілы вялі наступальныя аперацыі як мінімум на двух іншых участках фронту і, як паведамляецца, 29 чэрвеня дамагліся поспехаў:

— працягвалі наступальныя аперацыі ў заходняй частцы Запарожскай вобласці і на адміністрацыйнай мяжы паміж Запарожскай і Данецкай абласцямі;

— дамагліся частковага поспеху на лініі Раўнаполь — Валодзіна (да 16 км на паўднёвы захад ад Вялікай Навасёлкі).

Эксперты таксама працягваюць аналізаваць інфармацыю пра наступствы бунту Прыгожына і адзначаюць, што Крэмль, імаверна, збіраецца ўзяць на сябе фармальны кантроль над групай «Вагнера» і ператварыць яе ў дзяржаўную структуру. На іх думку, гэта дапаможа Мінабароны РФ інтэграваць баевікоў ПВК у часткі ўзброеных сіл праз кантракты. Зрэшты, як адзначаюць яны, Крэмль наўпрост пра гэта не заяўляў, таму, магчыма, Пуціну яшчэ трэба будзе вызначыць, якія дзеянні распачаць для больш жорсткага падпарадкавання групы Крамлю.

Звязаныя з Крамлём бізнесоўцы могуць набываць медыяімперыю Прыгожына ў рамках кампаніі па падрыве яго рэпутацыі ў Расіі. Расійскае незалежнае выданне The Bell са спасылкай на крыніцы паведаміла, што «асабісты банкір» прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна Юрый Кавальчук можа набыць актывы медыяхолдынга Прыгожына «Патрыёт» і інфармацыйнага агенцтва РІА ФАН для сваёй «Нацыянальнай медыягрупы». Яшчэ адзін кандыдат — кіраўнік Shkulev Media Holding Віктар Шкулеў — можа выкупіць медыяактывы Прыгожына за адзін рубель з абавязаннем захаваць рэдакцыі СМІ на тры месяцы і пагасіць пазычанасць па зарплаце супрацоўнікам. Крыніцы выказалі ўпэўненасць, што адміністрацыя прэзідэнта Расіі, хутчэй за ўсё, будзе наўпрост кантраляваць медыяактывы Прыгожына незалежна ад асобы будучага ўладальніка гэтых кампаній.

На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:

  • расійскія і ўкраінскія войскі працягвалі абмежаваныя наземныя атакі на поўдзень ад Крамянной;

  • расійскія войскі працягвалі абмежаваныя наступальныя дзеянні на фронце Аўдзееўка — Данецк;

  • у пачатку траўня расійскія войскі пабудавалі дамбу на ўскраіне Такмака ў акупаванай Запарожскай вобласці напярэдадні контрнаступлення ўкраінскіх войскаў;
  • крыніца, звязаная з расійскім БАРС (Расійскі баявы рэзерв), заявіла, што расійскія сілы перакідваюць ваенную тэхніку ў неназваныя раёны на ўсходнім (левым) беразе ракі Днепр;

  • партызанская група «Атэш», якая базуецца ў Крыме, заявіла, што расійскія сілы ўзмацняюць сваю прысутнасць у Армянску для абароны ключавой інфраструктуры на поўначы Крыма;
  • расійскія казачыя ўзброеныя фарміраванні падпісваюць кантракты з Міністэрствам абароны Расіі ў рамках раней абвешчанай кампаніі інтэграцыі нерэгулярных сіл у структуры Мінабароны.