Заснавальнік ПВК Вагнера Яўген Прыгожын запісаў новы аўдыёзварот, у якім папрасіў у расіян падтрымкі і паабяцаў чарговыя «перамогі на фронце». Гэта першая яго заява пасля пераезду ў Беларусь.
Аўдыёзварот Прыгожына быў апублікаваны ў праваенным тэлеграм-канале Grey Zone, блізкім да ПВК Вагнера, — як там сказана, «у адказ на тыя праявы народа, якія былі аказаныя за апошнія дні».
— Сёння нам як ніколі патрэбная вашая падтрымка. Дзякуй вам за гэта, — заявіў лідар вагнераўцаў.
Ён запэўніў, што арганізаваны ім 24 чэрвеня «Марш справядлівасці» быў скіраваны «на барацьбу са здраднікамі і мабілізацыю нашага грамадства», і выказаў меркаванне, што «многае з гэтага нам удалося».
— Найбліжэйшым часам, я ўпэўнены, што вы ўбачыце нашыя наступныя перамогі на фронце, — заявіў Яўген Прыгожын. Пра свае далейшыя планы і месцазнаходжанне ён не расказаў.
Пры гэтым у самім фарміраванні напярэдадні паведамілі, што на месяц спыняюць вярбоўку наймітаў «у сувязі з часовым няўдзелам ПВК Вагнера ў спецыяльнай ваеннай аперацыі і пераездам у Рэспубліку Беларусь».
Нагадаем, увечары 23 чэрвеня заснавальнік ПВК Вагнера Яўген Прыгожын абвінаваціў Мінабароны РФ ва ўдары па «тылавых лагерах» яго байцоў і паабяцаў адказ. Ваеннае ведамства абвінавачанне адхіліла. ФСБ заявіла пра завядзенне супраць Прыгожына крымінальнай справы пра падрыхтоўку ўзброенага мяцяжу. Раніцай 24 чэрвеня заснавальнік ПВК заявіў, што яго байцы кантралююць вайсковыя аб’екты ў Растове-на-Доне. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін пазней раніцай выступіў са зваротам, у якім назваў тое, што адбываецца, здрадай. Мяцеж завяршыўся тым, што Яўген Прыгожын адмовіўся ад «паходу на Маскву» і пагадзіўся з’ехаць у Беларусь. Крымінальная справа па мяцяжы Прыгожына была спыненая 27 чэрвеня.
Сам Прыгожын папярэдні раз выступіў са зваротам 26 чэрвеня — праз два дні пасля мяцяжу. Тады ён расказаў сваю версію падзей і запэўніў, што яго найміты зладзілі марш-кідок на Маскву «для дэманстрацыі свайго пратэсту. А не для зрынання ўлады ў краіне». Мэтай жа паходу, паводле яго, было не дапусціць знішчэння ПВК Вагнера і прыцягнуць да адказнасці тых, хто «сваімі непрафесійнымі дзеяннямі здзейсніў велізарную колькасць памылак падчас СВА».
Глядзіце таксама