Бакі ў Нагорным Карабаху дасягнулі дамоўленасці пра поўнае спыненне баявых дзеянняў. Пра гэта паведамілі ўлады непрызнанай рэспублікі Арцах. Пагадненне ўваходзіць у дзеянне з 13.00 20 верасня, паведамляе Інфацэнтр Арцаха.
Адзначаецца, што дамоўленасць дасягнутая пры «пасярэдніцтве камандавання расійскага міратворчага кантынгенту».
«Дасягнутае пагадненне пра вывад рэшты падраздзяленняў і вайскоўцаў Узброеных сіл Рэспублікі Арменія з зоны разгортвання расійскага міратворчага кантынгенту і расфармаванне і поўнае раззбраенне ўзброеных фармаванняў Арміі абароны Нагорнага Карабаха і вывад цяжкай тэхнікі і ўзбраенняў з тэрыторыі Нагорнага Карабаха», — гаворыцца ў паведамленні.
У заяве таксама адзначаецца, што такое рашэнне — вымушанае.
«Аналіз дзеянняў Узброеных сіл Азербайджана паказвае, што пастаўленая задача падзяліць Арцах і нанесці непапраўную шкоду яго жыццяздольнасці. На жаль, у арцахскага боку ёсць ахвяры і параненыя. У сітуацыі, якая склалася, дзеянні міжнароднай супольнасці ў напрамку спынення вайны і ўрэгулявання сітуацыі недастатковыя. Улічваючы ўсё гэта, улады Рэспублікі Арцах прымаюць прапанову камандавання расійскай міратворчай місіі па спыненні агню», — адзначылі ў непрызнанай рэспубліцы.
Пытанні «забяспечання жыццядзейнасці насельніцтва Нагорнага Карабаха» будуць абмяркоўвацца на сустрэчы паміж прадстаўнікамі Арцаха і Азербайджана 21 верасня.
Нагадаем, пра пачатак «антытэрарыстычнай аперацыі» ў Карабаху Мінабароны Азербайджана абвясціла 19 верасня. У Мінабароны Азербайджана сцвярджаюць, што наносяць удары толькі па вайсковых цэлях. Упаўнаважаны па правах чалавека ў Нагорным Карабаху Гегам Стэпанян паведаміў, што ад абстрэлаў Азербайджана загінулі сем мірных жыхароў — у тым ліку двое дзяцей.