Польскія следчыя прыйшлі да высновы, што ракета, якая ў лістападзе мінулага года забіла двух чалавек у памежным Пшэводаве, была ўкраінскай. Пра гэта паведамляе Rzeczpospolita са спасылкай на прадстаўнікоў пракуратуры Польшчы.
Ракета, якая выбухнула ў Пшэводаве 15 лістапада 2022 года і стала прычынай гібелі двух чалавек, належала ўкраінскай СПА — да такой высновы прыйшло следства.
У прыватнасці, удалося высветліць, што гэта быў боепрыпас мадэлі 5В55 ад зенітна-ракетнага комплексу С-300 расійскай вытворчасці. Спецыялістам таксама вядома, з якога пункту яго запусціла СПА Украіны (канкрэтнае месца ў публікацыі не называецца).
15 лістапада мінулага года захад Украіны зазнаў масіраваныя расійскія абстрэлы, у тым ліку быў удар па вугальнай электрастанцыі пада Львовам. Ракеты ўкраінскай СПА запускаліся парамі для павышэння эфектыўнасці — адна пабіла цэль, іншая працягвала ляцець «пустой».
— У такой сітуацыі, калі ракета знаходзіцца на пэўнай вышыні, наяўныя ў ёй механізмы павінныя прывесці да яе самазнішчэння. Гэтага не адбылося. Мы не ведаем чаму, — расказалі крыніцы выдання, знаёмыя з вынікамі расследавання.
У пракуратуры Польшчы выключылі версію, што ракета магла быць расійскай. Рэч у тым, што такі снарад мае далёкасць ад 75 да 90 км, і ні адна ракета не змагла б дасягнуць Пшэводава з той адлегласці, на якой знаходзіліся пазіцыі РФ.
Следчыя таксама ўпэўненыя, што боепрыпас не быў запушчаны з Беларусі. Нават калі дапусціць, што расійскія батарэі размяшчаліся ў нашай краіне, ад таго месца, дзе яны маглі знаходзіцца, да Пшэводава — 150 км па прамой. Акрамя таго, паводле інфармацыі польскіх экспэртаў, у расійскіх войскаў няма ракет такога тыпу ў Беларусі.
Паводле звестак выдання, украінскі бок не супрацоўнічае з польскім следствам і пакуль не перадаў ніякіх матэрыялаў.
Тым не менш прэс-сакратар Генеральнай пракуратуры Польшчы Лукаш Лапчыньскі заявіў, што ведамства накіравала запыт наконт прававой дапамогі Украіне і чакае адказу.
— На гэтым этапе следчыя дзеянні на польскай тэрыторыі вычарпаныя, — дадаў ён.
Выбух у польскай вёсцы Пшэводаў
Нагадаем, 15 лістапада 2022 года ў Польшчы ў выніку выбуху ў вёсцы Пшэводаў пад Люблінам, размешчанай на мяжы з Украінай, загінулі два чалавекі на мясцовай ферме.
У той жа дзень Associated Press паведаміла са спасылкай на ананімную крыніцу ў амерыканскай разведцы, што расійскія ракеты перасеклі мяжу Польшчы, у выніку чаго загінулі два чалавекі. На наступны дзень Associated Press апублікавала абвяржэнне гэтага, паведаміўшы са спасылкай на крыніцы, што ракета, якая ўпала на тэрыторыі Польшчы, магла быць запушчаная з Украіны.
Мінабароны Расіі назвала правакацыяй заявы польскіх СМІ і афіцыйных асобаў пра падзенне расійскіх ракет у Пшэводаве. У ведамстве сказалі, што ўдараў расійскімі сродкамі паражэння побач з украінска-польскай мяжой не было.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што падзенне ракеты — няшчасны выпадак.
«Паводле наяўнай інфармацыі, гэта была старая ракета С-300, вырабленая яшчэ ў СССР. І няма ўказанняў на тое, што яна была выпушчаная расійскім бокам. Мяркуючы з усяго, яна была выпушчаная ўкраінскай СПА і, на жаль, няўдала звалілася на нашую тэрыторыю», — сказаў прэзідэнт Польшчы.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выказаў упэўненасць, што ракета, якая звалілася ў Польшчы, была не ўкраінскай. «Я не сумняваюся, што гэта была не нашая ракета», — заявіў ён 16 лістапада падчас прэс-канферэнцыі ўкраінскім СМІ, якую транслявалі ў эфіры тэлемарафону.
Чытайце таксама