Восем дзяцей і дарослы памерлі, з’еўшы мяса марской чарапахі на востраве Пемба ў танзанійскім архіпелагу Занзібар. Яшчэ 78 чалавек з атручаннем трапілі ў бальніцу. Пра трагедыю паведамляе The Guardian.
Мяса марскіх чарапах лічыцца на Занзібары далікатэсам. Але яго ўжыванне перыядычна прыводзіць да смерці ад хеланітаксізму — разнавіднасці харчовага атручання, дакладныя прычыны якога невядомыя.
Увечары ў пятніцу, 8 сакавіка, ад хеланітаксізму памерла дарослая жанчына, якая была маці аднаго з васьмі дзяцей, што памерлі напярэдадні. Атрутнае мяса яны з’елі ў аўторак, 5 сакавіка. Як сцвярджаюць танзанійскія медыкі, лабараторныя тэсты паказалі, што ўсе ахвяры атручання елі мяса марскіх чарапах.
Улады Занзібара (аўтаномнага астраўнога рэгіёна Танзаніі) адправілі на Пембу каманду па ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў, якая заклікае людзей пазбягаць ужывання ў ежу марскіх чарапах.
У 2021 годзе на Пембе, з’еўшы мяса марской чарапахі, ужо памерлі сем чалавек, у тым ліку трохгадовае дзіця. Яшчэ трое тады былі шпіталізаваныя.
Паводле адной з версій, хеланітаксізм можа быць звязаны з ядавітасцю некаторых водарасцяў, якія ядуць марскія чарапахі. Такое атручанне суправаджаецца дыярэяй, ванітамі, цяжкасцю глытання, а таксама разбуральным уздзеяннем на печань. Супрацьяддзя ад хеланітаксізму няма, а поўнае выздараўленне можа заняць некалькі тыдняў.
Занзібар у апошнія гады стаў адным з папулярных напрамкаў для беларускіх аматараў экзатычнага турызму.
Чытайце таксама